Вы тут

Вялікі свет у філіжанцы кавы


Больш за сто кавярняў у Беларусі адзначылі Міжнародны дзень кавы. Розныя святочныя імпрэзы праходзілі ў Мінску, Гомелі, Гродне, Віцебску, Магілёве, Брэсце, Пінску, Слуцку, Бабруйску, Кобрыне.


У адну мінскую кавярню пасля працы запрасілі і нас на дэгустацыю розных гатункаў кавы.

У «Кофце» ў той вечар сабралася шмат гасцей. Сярод моладзі была і пара шаноўнага ўзросту. Як нам сказала Ірына Фёдарава, гаспадыня кавярні, адзначыць Дзень пажылых людзей муж і жонка вырашылі кубачкам духмянага напою. І былі прыемна здзіўлены, што гэты дзень супаў з Міжнародным днём кавы.

Ліза, Павел, Алеся і галоўны барыста ў дзень дэгустацыі — Вераніка

Нагадаем: Дзень пажылых людзей заснаваны па ініцыятыве ААН у снежні 1990 года. Спачатку дату пачалі святкаваць у Заходняй Еўропе, потым у Амерыцы, а ў канцы 1990‑х гадоў ужо ва ўсім свеце. Дарэчы, 1 кастрычніка ў многіх краінах праходзяць розныя фэсты, якія арганізуюцца асацыяцыямі ў абарону правоў пажылых людзей, канферэнцыі ды кангрэсы. Грамадскія арганізацыі, фонды ладзяць у гэты дзень розныя акцыі. А вось Міжнародны дзень кавы — свята яшчэ зусім маладое. Як вядома, адзінай даты святкавання такога дня ў сусветнай супольнасці доўгі час не было, і толькі ў 2014-м Міжнародная кававая асацыяцыя, у якую ўваходзяць 75 краін, прыняла рашэнне аб зацвярджэнні афіцыйнай даты. У 2015 годзе Міжнародны дзень кавы ўпершыню адзначаўся ў афіцыйным статусе. Як паведамлялі арганізатары (http://www.aif.by), больш за 100 кавярняў у 10 гарадах Беларусі рыхтавалі да гэтага дня спецыяльныя прапановы, навучальныя і забаўляльныя праграмы.

У гэты дзень прыхільнікаў кавы па ўсёй краіне чакалі майстар-класы па заварванні кавы альтэрнатыўнымі спосабамі, кававыя квэсты, «Латтэ арт Баттл», святочныя сэты, зніжкі на каву да 50%, капінгі (прафесійная ацэнка якасці кавы), дэгустацыі. Каманда арганізатараў маштабнага фэсту Сoffee Fest Belarus аб’яднала краіну ў вялікім кававым флэшмобе #coffeedaybelarus.

— Міжнародны дзень кавы — гэта выдатная магчымасць расказаць пра сваю любоў да кавы і падзяліцца ёю з іншымі. Мы ганарымся, што Беларусь другі год становіцца часткай гэтага свята. Давайце адзначаць яго ўсёй краінай, хадзіць у кавярні ды спазнаваць свет у кубку смачнай кавы!», — з пачуццем задавальнення адзначыла заснавальніца фэсту Coffee Fest Belarus, нацыянальны каардынатар Міжнароднай асацыяцыі кавы ў Беларусі Марына Васкрасенская ў інтэрв’ю газеце «Аргументы й факты». І паведаміла, што ў 2020 годзе ў Мінску адбудзецца адразу тры кававыя івэнты: у лютым — маштабны фестываль Coffee Fest Belarus 2020, у красавіку — Coffee Fest Belarus. EXPO 2020, а ў ліпені — Першы фестываль крафтавай кавы, кавы для гурманаў.

І нам, заўзятарам кавы, таксама прыемна, што кававая культура ў Беларусі дынамічна развіваецца.

Вось што такое аэрапрэс

А што тычыцца даты 1 кастрычніка, то, як нам распавяла Ірына Фёдарава, менавіта ў гэты дзень пачынаецца «новы кававы год»: стартуюць збор ураджаю кавы і яго продаж у кававых трэйдараў. Магчыма, гэтую дату абралі яшчэ і таму, што ўпершыню святочныя мерапрыемствы ў гонар кавы былі праведзены ў Японіі менавіта 1 кастрычніка ў 1983 годзе па ініцыятыве мясцовай кававай асацыяцыі.

Але вернемся ў «Кофту». Гасцям кавярні ў той вечар прапаноўвалася паназіраць, як можна заварваць каву розных гатункаў альтэрнатыўнымі спосабамі. І потым, зразумела, прадэгуставаць, а таксама ўлавіць розніцу, наколькі напой, прыгатаваны, скажам, у кемексе, адрозніваецца ад кавы, зваранай у аэрапрэсе альбо пуроверы, а таксама паспрабаваць апісаць свае смакавыя адчуванні.

Госці размясціліся паўколам каля барнай стойкі, каб можна было ўбачыць сам працэс. У ролі «алхіміка» — Вераніка Наджафава, шэф-барыста, запрошаная з кавярні «Мануфактура». Яна ж спецыяліст па кантролі якасці на вытворчасці свежаабсмажанага зерня кавы «Мануфактураростерс» і трэнер у трэнінг-цэнтры #мануфактура_Lаb. Пакуль Вераніка рыхтуецца, гаспадыня кавярні пра яе нам расказвае. Аказваецца, гэта барыста з сямігадовым стажам, якая ў захапленні ад сваёй прафесіі. Удзельнічала ў галоўным Чэмпіянаце барыста ў Беларусі, які праходзіў у 2018‑м. Гэта, кажа Ірына, самы складаны і самы прэстыжны чэмпіянат з усіх кававых спаборніцтваў краіны. А складанасць у тым, што за пятнаццаць мінут удзельніку неабходна прыгатаваць 4 эспрэса, 4 капучына і 4 аўтарскія напоі. Аўтарскі напой павінен раскрыць смак эспрэса з нечаканага боку за кошт арыгінальнай рэцэптуры, распрацаванай самім удзельнікам. Кожнага ўдзельніка ацэньваюць суддзі: 4 сэнсарныя, 2 тэхнічныя і 1 галоўны. Судзейскі склад Чэмпіянату — гэта сертыфікаваныя суддзі SCA, прафесіяналы кававай індустрыі Беларусі, Расіі ды Еўропы. Ірына не сумняваецца: Вераніка зможа годна прадставіць Беларусь і на Сусветным чэмпіянаце барыста.

Майстар-клас для моладзі

— Альтэрнатыўныя спосабы гатавання кавы — свежая тэндэнцыя са свету барнай індустрыі, — пачынае свой майстар-клас Вераніка. — Для чаго яна патрэбна? Альтэрнатыва, пра гэта ведаюць усе барыста, «апявае» прыродныя характарыстыкі кавы — яго водар, кіслотнасць, шчыльнасць, слодыч…

Гаворыць дзяўчына ярка, захоплена, эмацыйна. І падрабязна распавядае пра кожны спосаб заварвання кавы. Прычым тэхнічныя падрабязнасці ўспрымаюцца як займальная гісторыя. Усё аб прыладах для заварвання кавы — у навіну для нас, свежае. Побач з ёй Ліза, Алеся і Павел — барыста «Кофты». У дзяўчат яшчэ досведу мала, але эспрэса ды іншыя віды кавы, па словах гаспадыні, яны вараць ужо выдатна.

— Несумненна, вы ведаеце, — працягвае Вераніка, — што кава — напой папулярны і карысны. Ён бадзёрыць, зараджае энергіяй, дапамагае не толькі сканцэнтравацца, але і расслабіцца, сагравае і асвяжае. Кава збліжае людзей: гэта адна з найважнейшых частак сацыялізацыі ў жыцці сучаснага чалавека. Вось звярніце ўвагу, як вы ўсе зараз усміхаецеся, прыязныя адно да аднаго. Бо прадчуваеце напой, які будзеце дэгуставаць. Кава, як мне здаецца, яшчэ і своеасаблівы правадыр эмоцый, а сама кававая культура — багаты і нязведаны свет! Вось таму я пазнаёмлю вас з альтэрнатыўнымі спосабамі яе заварвання. Яны прызначаны раскрыць шматграннасць смакавай гамы кавы…

Рукі нашай візаві проста-такі лётаюць над прыладамі, назавем іх прыборамі. Па выглядзе нагадваюць посуд з хімлабараторыі, а сама дзяўчына, паўтаруся, як алхімік: так лёгка, хутка і нязмушана ёю здзяйсняюцца ўсе маніпуляцыі. Яна меле каву, потым узважвае на маленькіх электронных вагах, налівае ў чайнік з тоненькім носікам ваду, засыпае каву… Стылізаваны дызайн прыладаў радуе вока, ды і зручнасць карыстання — відавочная.

Варонка, яна ж пуровер і харыё

— Глядзіце, як прыемна кладзецца ў далонь варонка V60, — кажа Вераніка. — V60, пуровер, харыё — гэта ўсё назвы аднаго і таго ж спосабу заварвання кавы. Ён стаў папулярным у 2010 годзе, пасля таго, як у The New York Times пра яго апублікавалі артыкул. А прыдуманы быў амаль за сто гадоў да таго. Падрыхтоўка пуровера — сапраўдны рытуал, які называюць «кававай цырымоніяй». Зрэшты, асвоіць гэты рытуал можна даволі лёгка. У перакладзе з англійскай — pour over, азначае: ліць зверху. Харыё — па назве японскай кампаніі (Hario), якая вырабляе аксэсуары для гэтага спосабу. V60 — таму што, як бачыце, варонка падобная на лацінскую літару V, а кут паміж яе сценкамі роўны 60°. У варонку ўкладаюць тонкі папяровы фільтр, насыпают буйна змолатую каву і акуратна льюць гарачую ваду з чайніка. Але не кіпень! Напой, прыгатаваны такім спосабам, атрымліваецца празрыстым, без асадка, з тонкім водарам, у якім выразна адчуваюцца ўсе яго ноты і нюансы.

Такім гатунак кавы з Кеніі, завараны ў варонцы V60, і атрымаўся: ясным, чыстым, празрыстым. Ліза, Алеся і Павел налілі напой у спецыяльныя чарачкі для дэгустацыі, яны з празрыстага шкла. Па словах Ірыны, кафеіну пры такім спосабе заварвання ў разы больш, чым у каве эспрэса. Таму мы смакуем духмяны напой памалу: усё-такі час вячэрні. І тут жа запіваем вадой, каб смакавыя рэцэптары ачысціліся для наступнай порцыі кавы, заваранай ужо ў аэрапрэсе.

Далей наша ўвага пераключаецца на аэрапрэс. Вераніка паведамляе: прыбор сканструяваны ў 2005 годзе амерыканцам Аланам Адлерам і выпускаецца фірмай Aerobie Inc. Па яе словах, рацэптаў прыгатавання ў гэтай прыладзе мноства, і перамогі на розных чэмпіянатах прыносяць якраз-такі «аўтарскія» арыгінальныя рэцэпты. Хтосьці кладзе кавы менш, хтосьці больш, у кагосьці буйней памол, у кагосьці драбней. Пэўнай рэгламентацыі не існуе. У аэрапрэсе каву засыпаюць у верхні цыліндр, 10 секунд памешваюць, а затым за 10–20 секунд праціскаць поршнем гатовы напой праз фільтр у ніжні рэзервуар. Кава атрымліваецца моцнай, амаль як эспрэса, і вельмі духмянай. І гэта яе, мабыць, галоўная якасць. Адзіны «мінус» — напой трохі мутнаваты ў адрозненне ад заваранага ў варонцы.

Пры альтэрнатыўным заварванні кавы важны кожны яе грам. І ёсць шмат розных нюансаў

Пасыпаліся ўслед і пытанні гасцей: ці мае значэнне вада, якую выкарыстоўваць? Мае! Яшчэ і якое! Адзін з гасцей, вучоны-гідрагеолаг Уладзімір Шымановіч, тлумачыць: прысутнасць магнія і кальцыя спрыяе ўзмацненню смака кавы. І карысна для агульнай фізіялогіі. Таму, кажа Вераніка, узрадаваўшыся, што сярод гасцей ёсць такія эксперты, і трэба заварваць каву не проста дыстыляванай вадой, а той, у якой ёсць мінеральныя солі.

— Трэці прыбор — кемекс. Яго дызайн гранічна лаканічны. Кемекс вырабляецца з борасілікатнага шкла і «перацягнуты» скураным паяском. У кемекс таксама ўстаўляюць папяровы альбо металічны фільтр. Ваду льюць з чайніка з тонкім носікам, працэс доўжыцца 5 мінут. На выхадзе — цудоўны па смаку, з густым водарам празрысты напой, узбагачаны кіслародам. Зазірніце ў вікіпедыю, — рэкамендуе Вераніка, — там запазычыце цікавую інфармацыю.

Заглянулі! Прылада была вынайдзеная ў 1941 годзе амерыканскім хімікам Пітэрам Шлюмбамам. Вучоны злучыў вобадам з дрэва і скуры шкляную колбу Эрленмаера і лабараторную шкляную варонку. Прыбор атрымаў папулярнасць у большай частцы з‑за свайго дызайну — хімічная колба з вялікай лейкай. Дарэчы, першы слоган рэкламнай кампаніі кемекса абвяшчаў: «Заварвайце каву, як Хімік». А рэкламным тварам кампаніі стаў сам вынаходнік, які дэманстраваў вынік свайго вынаходніцтва. Акрамя таго, ён усталяваў на пярэдняй дзверцы свайго кадылаку пазалочаны кемекс у якасці талісмана… Кемекс быў прызнаны выбітным прадметам амерыканскага дызайну і з 1944‑га выстаўляецца ў Нью-Ёркскім музеі сучаснага мастацтва.

А яшчэ Вераніка распавяла пра самы відовішчны, найдаўні альтэрнатыўны спосаб заварвання кавы ў так званым сіфоне. Вынайшла яго нейкая мадам Васьё ў 1841‑м. І мы тут жа паглядзелі фота той кававаркі ў інтэрнэце. А Вераніка патлумачыла, што такая штука не вельмі папулярная, бо шкло, з якога яна зроблена, вельмі крохкае. Але гэты метад любяць у Японіі.

Шмат чаго цікавага ў той вечар адбывалася на нашых вачах у «Кофце». І зерне кававае розных гатункаў, з розных плантацый свету мы нюхалі ды жавалі, разбіраліся ў каліброўцы. І ўдыхалі водар, смакуючы, акрамя Кеніі, яшчэ тры іншыя гатункі кавы — Руанду, Калумбію, Эфіопію, завараныя рознымі спосабамі. Дзяліліся сваімі смакавымі адчуваннямі. А потым быў і практыкум. Траіх гасцей запрасілі заварыць каву ў розных прыладах. Што яны паспяхова, не без хвалявання, і рабілі пад кіраўніцтвам барыста «Кофты» і Веранікі: малолі каву, узважвалі на вагах…

 А гэта называецца кемекс

Усмешкі ў той восеньскі вечар не знікалі з нашых твараў. У кавярні, дарэчы, мы яшчэ і павячэралі веганскімі сэндвічамі з чыябаты, атрымліваючы асалоду ад гарбаты з абляпіхай. А таксама заўважылі, што асартымент у кавярні ўзбагаціўся новымі фруктовымі напоямі. Адзін з іх — яблычную гарбату з папрыкай і цім’янам — паспыталі. Такая гарбатка, нам казалі, сёння ў трэндзе. Акрамя таго, паспелі пагаварыць з Ірынай і пра новую фішку гэтай утульнай кавярні: курс на экалагічнасць. У «Кофце», як паведаміла гаспадыня, пазбавіліся ад пластыка: выкарыстоўваюць цяпер біяпосуд з цукровага трыснёга, таксама талеркі з пальмавага ліста, драўляныя лыжачкі для памешвання цукру. Пра тое Ірына ўжо распавядала ў інтэрв’ю тэлеканалу АНТ. А цяпер, прызналася, яна разважае пра альтэрнатыву пластыкавым трубачкам для кактэйляў. Мы ў сваю чаргу выказалі меркаванне, што саломінкі з жыта, якога ў Беларусі шмат, могуць цалкам замяніць пластык: маўляў, выкарыстоўваюць жа італьянцы для кактэйляў макароны!

Водар кавы прыемны для ўсіх

На такой пазітыўнай ноце мы развіталіся з любімай кавярняй, дзе з асаблівай пяшчотай і піетэтам ставяцца да кавы.

Валянціна і Іван Ждановічы

Фота Івана Ждановіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».