Вы тут

Заслужаны артыст БССР Валерый Дайнека: Дом на беразе ракі — мара рыбака


Заслужаны артыст БССР, саліст ансамбля «Беларускія песняры» Валерый Дайнека жыве ў Мінску з чатырох гадоў, але заўсёды падкрэслівае, што яго радзіма — горад Беразіно. Там і цяпер ўся радня музыканта. Менавіта на беразе, як запэўнівае Валерый, самай прыгожай і любімай ракі — Бярэзіны — ён паставіў дом. Праўда, «пясняр» кажа, што будоўля — вечны працэс.


З дочкамі, зяцямі, унукамі

— Як заўзяты рыбак, марыў пра загарадны дом на беразе рэчкі, — апавядае Валерый. — Мой брат Генадзь практычна ўсё жыццё працаваў піяністам на круізных лайнерах, а калі сышоў на сушу, то захацеў па-сапраўднаму «зазямліцца». Дарэчы, ён працуе да гэтага часу, але ўжо ў Бярэзінскай музычнай школе канцэртмайстрам. Брат набыў дом у вёсцы Божына, недалёка ад Беразіна. Хата была вельмі старая, такія звычайна купляюць дзеля ўчастка. Вось і Гена знёс яе, а на тым месцы пабудаваў новы дом, абзавёўся сапраўднай гаспадаркай.

Неяк брат патэлефанаваў мне і падказаў месца, дзе можна было набыць пусты ўчастак. Усё сышлося: на радзіме, побач з братам і на беразе ракі. Аднак калі я прыехаў паглядзець участак, то рэчкі не ўбачыў! Зарослы бераг быў закіданы пластыкавымі бутэлькамі, будаўнічым смеццем...

Сябры нават адгаворвалі пачынаць тут будоўлю. Але я ўсё ж адважыўся.

— Доўга разважалі: дрэва, цэгла ці блокі?

— Да таго часу я ўжо бываў у драўляных дамах сваіх сяброў і захацеў сабе такі ж. У ім выдатна дыхаецца. Летам — прахалодна, зімой — цёпла. У мяне тут яшчэ невялікая печка і камін!

Цяпер, праз шэсць гадоў, я разумею, што драўляны дом стварае больш праблем, чым, напрыклад, цагляны. Нягледзячы на тое, што ўвесь зруб быў апрацаваны адмысловым антысептыкам, які абараняе дрэва ад цвілі і насякомых, тым не менш даводзіцца амаль кожны год пазбаўляцца ад усіх відаў яго хвароб. Драўляны дом — гэта жывы арганізм, які патрабуе пастаяннага лячэння.

Дом.

— Ці хутка будаваліся?

— Зруб ставяць даволі хутка, і лепш гэта рабіць зімой. Затым трэба даць час на яго ўсадку, а гэта пару гадоў як мінімум! І толькі потым я ўжо ўстаўляў дзверы, вокны..

Ну і, безумоўна, хуткасць будоўлі залежыць ад фінансавання. А даходы артыста нестабільныя, цяжка планаваць нешта на перспектыву. Але паволі пабудаваўся, цяпер вось яшчэ і лазню збіраюся паставіць.

— Тут райскае месца — бярозкі на ўчастку, нібы ў гаі. Невялікі агародзік, сад, кусты розных ягад...

— Усе гэтыя бярозкі — самасейкі, але я ніводнай не ссек, і атрымалася ўсё ўдала. У маім гаі нават грыбы раслі. Знайшоў я і дубок, яму таксама вызначыў месца. А хвоі самі выраслі каля бяроз. Кедр, лістоўніцу, дзясятак туй і мора кветак — гэта ўсё набыў у садовых цэнтрах, а таксама маліну і вінаград.

— А ці не хочаце дуб назваць імем унука?

— Добрая ідэя. Дуб Крысціян, а тры сасонкі — унучкі Яраслава, Жызэль і Лучана.

— Старэйшая дачка Яна жыве ў Маскве, малодшая Віка — у Маямі. А тут яны былі?

— Пачнём з таго, што менавіта ў гэты дом прыязджаў з Амерыкі Майк, тады яшчэ жаніх Вікі, прасіць яе рукі. З Янай і Ясекай — так мы клічам старэйшую ўнучку — не заўсёды атрымліваецца сустрэцца ў Маскве. Дачка працуе ў «Новых самацветах», і гурт актыўна гастралюе. Але вось тут мне ўдаецца сабраць разам дзяцей і ўнукаў. Калі яны прыязджалі мінулым летам, то нават у мінскую кватэру не зазіралі, адразу з аэрапорта — сюды, і з вёскі — у аэрапорт!

— Амерыканскаму зяцю тут спадабалася?

— А чаму толькі зяцю? Сваты таксама гасцявалі. Усім спадабалася.

Фрагмент інтэр'ера дома.

— Як праходзіць звычайны дзень на дачы?

— На світанку часам ідзём з братам на рыбалку. Але ў нас тут вельмі шмат работы, і не заўсёды гэта магчыма. Дом на беразе ракі — мара рыбака. Вельмі зручна. Раней як было? У дзве гадзіны ночы пад'ём, загрузілі лодку, снасці ў машыну — і ў дарогу. Цяпер выйшаў за брамку — і можна рыбачыць. Але ў нас ёсць любімыя месцы далей ад вёскі, і туды дабіраемся на лодцы або на машыне.

— Госці сюды часта прыязджаюць?

— Так, сябры бываюць, і ўсім тут падабаецца. У нас вельмі прыгожая і шчодрая прырода. Некаторыя ў добры сезон збіраюць па некалькі кошыкаў грыбоў.

— Вялікі запас насечаных дроў, падстрыжаны газон... Чыіх рук справа? Памочнікі з мясцовых або сябры дапамагаюць? Вось хто зімой працеплівае дом, пакуль вы на гастролях?

— Сябры дапамагаюць з'есці маю фірмовую рыбу. Жартую. Вядома, часам дапамагаюць па гаспадарцы. Ёсць і ў вёсцы працавітыя хлопцы, але да іх — чарга. Я сам з задавальненнем стрыгу газон, сяку дровы — гэта няцяжка, тым больш што ёсць тэхніка. І зімой дом жыве. У наш час няма такіх гастроляў, як былі ў СССР, — тады мы з'язджалі на 3-4 тыдні. Цяпер максімум 2-3 дні адсутнічаю. Прыязджаю і ўзімку, палю ў печы, расчышчаю сцежкі ад снегу і атрымліваю ад усяго гэтага каласальнае задавальненне!

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з архіва Валерыя Дайнекі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.