«Каб і не ведаў, хто бацька, адразу сказаў бы, чыё дзіця», — ужо не ўпершыню кажа нехта са знаёмых, калі сустракае нас з Арцёмкам на вуліцы. Без цяжкасцяў «устанаўліваюць» бацькоўства і калі з унукам бавіць час бабуля Аліна, абодва сыны якой кропля ў кроплю падобныя адзін на аднаго. «Выліты татка», — надакучыла чуць і ад сябровак, чарговы раз дасылаючы ім новы фотаздымак малога.
Да таго, што Цёмік — татаў сын, я ўжо прызвычаілася. Яшчэ ў радзільні стала ясна: малы пайшоў не ў маці. Мала што доўгенькі, як казалі ўрачы («відаць, бацька высокі?»), дык яшчэ і крыклівы (адхінуцца паснедаць ці на якую працэдуру было выпрабаваннем). Сваякі, што прыходзілі ў адведкі, таксама падабенства з Канютамі не знаходзілі.
Хоць асабіста я, шчыра кажучы, маленькай бацькавай копіі ў Арцёмку асабліва не бачыла. Пакуль не дабралася да свякроўчынага фотаархіва і не знайшла старэнькі, крыху размыты ад часу фотаздымак, на якім было незразумела, ці то муж на ім, ці то Цёма. З фотакарткі на мяне глядзеў мой маленькі сынок, толькі якасць ілюстрацыі, ды і здаровы сэнс, адносілі яе да пачатку дзевяностых.
Прыехаўшы да сваіх бацькоў, палезла па ўласны дзіцячы альбом. Стала цікава, а можа, Цёмік і на мяне малую чымсьці падобны!? І так і сяк разглядала маленькія тварыкі, параўноўваючы Цёмкавы фотаздымкі з маімі. Але, як ні прыглядайся, замест падабенства можна знайсці толькі сем адрозненняў. Затое на іншых старонках, дзе фотакартак ужо няма, але захаваліся маміны запісы, натрапіла на нешта цікавае. Чытаю і дзіву даюся: гэта ж пра майго Цёмку! Толькі не маёй рукой напісана. Ды не цяпер, а гадоў 27 таму...
«Стала вельмі шкодная». Гэта выказванне мяне ўвогуле здзівіла. Я, белая і пушыстая, у дзяцінстве ціхоня і сама паслухмянасць, як мне ўвесь час даказвалі бацькі, і раптам... шкодная! І цацкі я, у адрозненне ад Цёміка, пасля гульні збірала. Толькі навошта тады мама напісала, што я не люблю збіраць цацкі? Ці вось яшчэ: «Стала ўсюды залазіць: на крэсла, на стол, на канапу, ложак. Можа пераступіць з табурэта на крэсла, калі яны побач. Вельмі цікаўная». І тут акурат пра майго Арцёмку напісана: «Есць дрэнна. Вельмі любіць ягады, агуркі». «Дзеці плачуць ад яе прысутнасці», — мама, гэта дакладна пра мяне, тую, з якой, па вашых словах, ніколі не было праблем?!
Так што трэба яшчэ падумаць, на каго наш сынок падобны. Муж, па аповедах сваёй мамы, таксама быў жулік жулікам, якога нельга было пакінуць ні на хвіліну без нагляду. Як цяпер смяецца яго брат, у Дзімы з'явілася ўнікальная магчымасць паглядзець на сябе малога збоку. Але свякроў прызнаецца, што наш Цёмік па шкоднасці нават свайго бацьку пераплюнуў.
Ды якая розніца, чыіх генаў у гэтага маленькага шкодніка больш? Галоўнае, каб ён не хварэў і вырас годным, прыстойным чалавекам, за якога ніколі не будзе сорамна. А калі стане такі ж высокі, адказны і няўрымслівы, як бацька, дык гэта да лепшага. Не супраць будзем, калі, як і маці, будзе любіць вучыцца, людзям старацца дапамагчы. Часам нават самыя вялікія шкоднікі становяцца даволі неблагімі людзьмі.
Вераніка КАНЮТА
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.