Была субота. Ужо з самай раніцы Марыя Сцяпанаўна чакала сына Сяргея. Ён працаваў у райцэнтры на прадпрыемстве электрыкам і ўчора па мабільным сказаў, што на выхадныя прыедзе дадому.
Маці ўзрадавалася, бо не бачыла сына ўжо тры тыдні. Адразу ж пасля гутаркі пайшла прыбіраць хату. Не таму, што даўно не прыбірала, проста яна рабіла так заўсёды, калі сын казаў ёй, што збіраецца прыехаць. Хацела, каб хата выглядала па-святочнаму прывабнай.
З самай раніцы ў суботу жанчына растапіла печ. У каморы назбірала вялікай бульбы. Абабрала, надрала яе на дробнай тарцы. Дадала дзёртай цыбулі і солі. Пачала пячы дранікі.
Калі прыедзе Сяргей, Марыя Сцяпанаўна на газнічцы хутка пасмажыць яешню са скваркамі. Вось будзе яму і абед.
Толькі сын не з'яўляўся. Хоць аўтобус з райцэнтра ўжо стаяў на прыпынку. Яго можна было бачыць з акна іх дома.
Жанчына выйшла на двор, крыху пахадзіла па ім. За ёй увязалася некалькі курэй, якія думалі, што гаспадыня вынесла ім ласунак. Каля будкі завіляў хвастом Шарык. Ён, пэўна, як і куры, таксама лічыў, што яго хочуць пачаставаць, хоць гадзіну таму ўжо атрымаў свой сняданак.
Зразумеўшы, што сын гэтым рэйсам не прыехаў, маці вярнулася ў хату. Пэўна, спазніўся, падумала. Нічога, прыедзе пазней. Аўтобус з райцэнтра наведваўся ў іх вёску тройчы на дзень.
Хоць, канешне, было сумна. Выхадныя праляцяць хутка. Ды і дабрацца назад у горад трэба. Дома сын пабудзе не так шмат, а потым зноў прыедзе праз які месяц.
Яна прылегла на ложак. Не заўважыла, як задрамала.
Марыя Сцяпанаўна ўжо пяць гадоў была на пенсіі. Жыла адна. Муж Толя памёр два гады таму. Ён так і не дачакаўся пенсіі, пра якую марыў апошнія пяць гадоў. Марыў таму, што сілы не ставала, а на работу трэба было ісці штодня. У калгасе яе, работы, хапала. Нават у выхадныя.
А яна — жонка — дачакалася. Хоць усё жыццё працавала таксама даяркай у тым жа калгасе. Старшыня прасіў яе, каб засталася. Маўляў, няма каму замяніць. Але Марыя не пагадзілася. Усё ж нялёгкая гэтая праца. Падымайся вельмі рана, каб трапіць на ранішнюю дойку. Потым удзень ідзі, увечары ідзі.
З мужам яны пражылі разам трыццаць гадоў. Сяргей быў адзіны іх сын. У дзяцінстве песцілі яго як маглі. Нямала ж зараблялі па вясковых мерках! І адзенне набывалі самае лепшае, і ў краме грошай на ласункі не шкадавалі. Сала з мясам было сваё.
Ды толькі не пайшло гэта на карысць ні ім, ні сыну. Непаслухмяны вырас. У школе настаўнікаў не слухаўся, з аднакласнікамі лез біцца. Неаднаразова іх, бацькоў, выклікала да сябе дырэктар школы. Скардзілася, прасіла паўплываць на сына. А то і гразілася, што ў дзясяты клас Сяргея не возьмуць.
Ды толькі нічога не дапамагала. Хлопцу той дзясяты клас і не патрэбен быў.
«У ПТВ пайду, здалася мне ваша школа», — адказваў ён настаўнікам і бацькам.
І пайшоў. Выбраў прафесію электрыка.
Бацькі нават радаваліся. Сапраўды, прафесія патрэбная і не такая цяжкая. Гэта ж не ў кароўніку і не ў трактары кожны дзень...
У прафесійна-тэхнічным вучылішчы Сяргей пачаў піць і курыць. Але так-сяк усё ж адвучыўся і спецыяльнасць атрымаў. Пайшоў працаваць на завод. Жыў у пакоі інтэрната ад таго ж самага прадпрыемства. Хутка ажаніўся. Алена была яго равесніца, працавала ў цырульні.
Пражылі нядоўга. Праз год разышліся. Як кажуць, не сышліся характарамі. Ды і як маглі? На спатканнях Алена прывыкла бачыць Сяргея вясёлым і клапатлівым. Пасля вяселля ж усё змянілася. Ён прыходзіў з работы нападпітку, часам лез з кулакамі. Дзякуй, дзяцей не нарадзілі.
Хто б іх расціў?
Цяпер сын жыве ў аднапакаёвай кватэры. Вядома, першы ўзнос зрабілі яна з мужам. А крэдыт штомесяц плаціць ужо Сяргей. Канешне, маці крыху дапамагае грашыма. Але ўжо не так, як тады, калі быў жывы муж.
Жанчына прачнулася. Была гадзіна дня. Праз паўгадзіны ў вёску зноў прыедзе чарговы аўтобус з райцэнтра. «Можа, на гэтым з'явіцца?» — падумала. Паднялася з ложка, села на табурэт, што стаяў каля акна, стала глядзець убок прыпынку. Неўзабаве пад'ехаў аўтобус. Марыя Сцяпанаўна бачыла, як з яго выходзілі людзі. Сына не заўважыла. Не з'явіўся ён і дома. Маці зразумела: не прыехаў і гэтым рэйсам.
Вырашыла патэлефанаваць сыну на мабільны. Свой тэлефон (вельмі просценькі) у яе таксама быў. Выклік абанента ішоў, але ніхто не адказваў. Закралася трывога. Да таго, што сын не заўсёды падымаў мабільны, жанчына прызвычаілася. Вядома —
работа. Але сёння ён быў выхадны, і гэта насцярожвала.
Каб адагнаць дурныя думкі, Марыя Сцяпанаўна вырашыла пакарміць сабаку і курэй. Шарык радасна завіляў хвастом, калі гаспадыня наклала яму варанай бульбы з сальнымі скуркамі. А куры кінуліся дзяўбці прыгатаваную для іх пшаніцу.
Праз гадзіну яна патэлефанавала сыну зноў. Гэтым разам яго тэлефон быў адключаны.
«Што ж там здарылася? — думала жанчына. — Забыўся на абяцанне? З'явіліся іншыя планы?»
Сяргей не прыехаў і вечарам. Калі куры паселі на седала, жанчына адпусціла з ланцуга сабаку. Вярнулася ў хату, прылегла на ложак.
...Маці не ведала, што на аўтавакзале сын выпіў і ўчыніў бойку з такім жа, як сам, п'яным мужыком. Што абаіх завезлі ў міліцыю, а потым адправілі ў выцвярэзнік. Што не з'явіцца ён і заўтра, бо не паспее.
І ёй трэба будзе зноў чакаць, думаць, каб не здарылася што-небудзь.
І спадзявацца, што сын нарэшце прыедзе.
Андрэй СІДАРЭЙКА
Прэв'ю: cont.ws
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.