Вы тут

Калі беспрацоўны мае права на бальнічны ліст?


На пытанні нашых чытачоў адказваюць спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі.


На наступны дзень пасля звальнення ў сувязі са сканчэннем тэрміну працоўнага дагавора чалавек атрымаў траўму. Ці мае ён права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці (бальнічны ліст)? Куды яму трэба звяртацца?

— Згодна з п. 2 Палажэння аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.09.1997 № 1290, права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці маюць грамадзяне, на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы на сацыяльнае страхаванне.

На непрацуючых асоб дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне не распаўсюджваецца, такім чынам, права на выплаты са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання гэтыя асобы не маюць.

Выключэнне з гэтага правіла ўстаноўлена п. 8 Палажэння ў дачыненні да асоб, у якіх часовая непрацаздольнасць у сувязі з захворваннем або траўмай наступіла на працягу 30 каляндарных дзён пасля спынення працоўнага дагавора па ўважлівых прычынах і доўжылася больш за 30 каляндарных дзён. У гэтым выпадку дапамога па часовай непрацаздольнасці прызначаецца камісіяй па прызначэнні дапамог пры абласных і Мінскім гарадскім упраўленнях Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і выплачваецца па ранейшым месцы работы.

Для разгляду пытання аб прызначэнні дапамогі ў парадку выключэння такому заяўніку неабходна звярнуцца ў раённы (гарадскі) аддзел Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва або ў абласное ці Мінскае гарадское ўпраўленні згаданага Фонду, дзе ён запоўніць заяву аб прызначэнні дапамогі, паведаміць (вусна або пісьмова) дату, час, месца і фактычныя абставіны атрымання траўмы, прадставіць дакумент аб часовай непрацаздольнасці і працоўную кніжку. Іншая неабходная для назначэння дапамогі інфармацыя будзе запатрабаваная ўжо самімі органамі Фонду.


Як аднавіць страхавое пасведчанне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання?

— Парадак выдачы і замены страхавога пасведчання дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ўстаноўлены «Правіламі індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання», зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 1997 года № 837 (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2009 года № 398).

Пасведчанне сацыяльнага страхавання падлягае аднаўленню пры страце, яго непрыдатнасці і ў іншых аналагічных выпадках. Для аднаўлення гэтага пасведчання працуючай застрахаванай асобе неабходна пісьмова звярнуцца да работадаўца. Работадавец запаўняе форму ПУ-1 «Анкета застрахаванай асобы» (тып формы — аднаўленне пасведчання сацыяльнага страхавання) і на працягу пяці рабочых дзён перадае яе ў орган Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы пастаноўкі на ўлік у якасці плацельшчыка абавязковых страхавых узносаў.

Калі застрахаваная асоба часова не працуе і не стаіць на ўліку ў якасці плацельшчыка абавязковых страхавых узносаў, то ёй неабходна самой прадставіць у орган Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы жыхарства форму ПУ-1 «Анкета застрахаванай асобы» (тып формы — аднаўленне пасведчання сацыяльнага страхавання) для атрымання новага пасведчання.

Пасведчанне сацыяльнага страхавання выдаецца органам Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на працягу месяца з дня прыёму формы ПУ-1, яго выраб і выдача ажыццяўляюцца бясплатна.

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.