Паміж імі 150 гадоў, агульная малая радзіма — Барысаў і любоў да гісторыі. Першы — Іван Каладзееў, стацкі саветнік і камергер, саўладальнік запалкавай і папяровай фабрык, мільянер, які сабраў унікальную калекцыю рарытэтаў па гісторыі Айчыннай вайны 1812 года і яшчэ ў 1901-м за свае грошы паставіў героям вайны першыя памятныя знакі каля вёскі Студзёнка, садзейнічаў стварэнню музея на чыгуначнай станцыі Барадзіно. Другі — Уладзімір Слесараў, былы воін-інтэрнацыяналіст і сучасны прадпрымальнік, а таксама мецэнат, які ўзняў з нябыту сядзібу Каладзеева і зрабіў яе культурна-гістарычным аб'ектам. Сюды часта наведваюцца не толькі беларусы, але і турысты з Расіі, Францыі, Ізраіля, Германіі, ЗША і іншых краін — штогод прыязджае каля шасці тысяч чалавек.
Уладзімір Слесараў дакладна ведае адказ на пытанне, для чаго яму ўсё гэта і чаму наогул ветэран Афганістана займаецца справамі даўно мінулых дзён. Прычыны, калі хочаце, ідэалагічнага кшталту. Перадусім гэтае жаданне не страціць гістарычную памяць, навесці масты паміж пакаленнямі.
— У мяне аднойчы чалавек пры высокай пасадзе спытаў: маўляў, навошта нам адраджаць памяць пра вайну 1812 года, беларусы ад яе толькі пацярпелі. А хіба хтосьці іншы быў ад яе шчаслівы? Можа, Масква, якая не запрашала да сябе французаў — гэта быў адкрыты акт агрэсіі з боку Напалеона? Альбо тыя рускія салдаты, якіх ніхто не спытаў, ці хочуць яны ў холад і голад ісці ў паўночна-заходні край імперыі, у беларускія балоты, каб выгнаць адсюль непрыяцеля? А мо шараговыя французскія салдаты, якія ваявалі і гінулі па загадзе, за чужыя планы і памкненні?.. З іншага боку, беларусы ў складзе тагачаснай Расійскай імперыі сталі пераможцамі ў вайне 1812 года, і нельга на гэта забывацца. Дык вось, каб такіх пытанняў і домыслаў, у тым ліку вакол нашай агульнай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, не ўзнікала — ні ў Беларусі, ні ў Расіі, ні ў Германіі, ні ў Францыі, — у гэтым кірунку, на маю думку, неабходна працаваць. Чым я і планую заняцца, пагадзіўшыся на пасаду кіраўніка прадстаўніцтва Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства (такія прадстаўніцтвы, дарэчы, дзейнічаюць у 80 краінах свету). Што канкрэтна мы будзем рабіць? Не перапісваць гісторыю, але аб'ектыўна гаварыць пра яе і маленькімі крокамі аднаўляць той разрыў пакаленняў, які ўзнік. Бо пакаленні, якія змагаліся і перамагалі, мы ўжо не вернем. А чакаць новай вайны, каб яно сфарміравалася, — што называецца, крый божа. Значыць, трэба знаходзіць у моры інфармацыі той пазітыўны вопыт, які быў, і фарміраваць у моладзі аб'ектыўнае светаўспрыманне, якое не змогуць пахіснуць сучасныя маніпулятары рознага кшталту.
На фота: 13-ы бюлетэнь напалеонаўскай арміі ад 14 жніўня 1812-га "Па дарозе з Кобрына ў Дзівін" у 2014 годзе падарылі беларусам сакратар франка-беларускага дзелавога клуба Івон Вожэль і французскі калекцыянер, скульптар Жак Перо. Побач яшчэ адзін цікавы экспанат — абвестка муніцыпалітэта горада Сент-Амера: "Асобам прызыўнога ўзросту з'явіцца да кіраўніка ваеннага дэпартамента, у выпадку няяўкі яны будуць праследавацца як дэзерціры".
Іван Хрысанфавіч Каладзееў.
Мецэнат прызнаецца: канструкцыя сядзібы Івана Каладзеева, тады яшчэ проста недагледжанага дома № 8 па вуліцы 30 гадоў ВЛКСМ у Барысаве, пачалася зусім не як справа гонару і аднаўлення гістарычнай справядлівасці, а як камерцыйны праект — Указ № 108 2007 года дазваляў набываць усяго за адну базавую велічыню ці нават бязвыплатна атрымліваць пад канкрэтныя інвестыцыйныя праекты дзяржмаёмасць, якая не выкарыстоўвалася. «Калі ўпершыню мы зайшлі ў гэты будынак, я так і меркаваў: адрамантаваны дом можна будзе прадаць або залажыць, перабудаваць, нарэшце, жыць тут, — згадвае прадпрымальнік. — Кіраўніцтва горада папрасіла нас, каб да 200-годдзя вайны 1812 года сядзібу можна было камусьці паказаць. Але, увязваючыся тады ў справу, я не ўяўляў аб'ём работы — больш за тое, нават маштаб асобы Івана Хрысанфавіча Каладзеева не ўяўляў. Гэты маштаб вызначаюць справы — ну не можа дробны, нікчэмны чалавек збудаваць храм, якім усе захапляюцца! Вось і для мяне маштаб Каладзеева як чалавека, калекцыя якога па напалеоніцы стала самай вялікай у Еўропе, раскрываўся паступова, спачатку ж я проста выконваў пастаўленую задачу — паспець да 2012 года рэканструяваць сядзібу. Удакладню: гаворка не ішла аб рэстаўрацыі з захаваннем гістарычнай дакладнасці, проста аднаўленне сядзібы ў стылі той эпохі. Бо смешна ж: у Барысаве даўно існуе бібліятэка, якая носіць імя Каладзеева, мы напаўняем форму зместам, а дом, у якім жыў выдатны чалавек, стаіць нікому не патрэбны!»
Сядзіба за свой век бачыла нямала: пасля смерці Івана Каладзеева ў 1914 годзе яго ўдава пераехала ў Еўропу, а ў будынку, які доўга стаяў закінуты, у савецкі час працавалі Дом дзіцяці, скурна-венералагічны дыспансер. І тым не менш пад слаямі старых шпалер і тынкоўкі падчас рэканструкцыі знайшлі абсалютна цэлы зруб, дзе-нідзе захаваліся арыгінальныя вокны і нават вонкавая разьба пад дахам. Выгляд з вуліцы з дапамогай мясцовых майстроў аднавілі паводле старых здымкаў і паштовак, што да ўнутранага аздаблення пакояў — паколькі сведчанняў пра тое, як яны выглядалі, не засталося, вырашылі не адмаўляцца ад сучасных тэхналогій, але пастарацца перадаць дух эпохі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Гасцей на ўваходзе сустракае партрэтная галерэя былых гаспадароў, вешалка з капелюшамі і гадзіннік з зязюляй, а зазірнуўшы ў пакоі, няцяжка паверыць, быццам стацкі саветнік толькі што выйшаў з рабочага кабінета — можа, у гасцёўню, адкуль даносяцца гукі піяніна, — а яго сябры праз імгненне працягнуць партыю ў шахматы. Акрамя таго, тут працуе пастаянная галерэя барысаўскіх мастакоў і экспазіцыя «Яўрэі Барысаўшчыны».
— Папаўняючы свой «Нова-барысаўскі збор кніг, рукапісаў, гравюр, планаў і картаў», Іван Каладзееў аб'ездзіў усе аўкцыёны Еўропы і быў гатовы заплаціць любыя грошы за патрэбны дакумент. Наколькі складаны працэс — вяртанне хоць часткі гэтага збору?
— Кіраўніком праекта аднаўлення сядзібы была Наталля Іванаўна Касперская, якая глыбока вывучала пытанне. Вялікую дапамогу аказалі Цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Каладзеева, аб'яднаны раённы музей, якія ўжо шмат гадоў мэтанакіравана і метадычна збіраюць усю інфармацыю, уніфармісты і іншыя ўдзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі, мясцовыя гісторыкі — можаце назваць усіх, не памыліцеся, бо раўнадушны ніхто не застаўся. Не бяру на сябе лішнія заслугі: я проста ўзяў і аднавіў дом, але другое жыццё яму далі ўсе гэтыя людзі, якія і сёння працягваюць навуковыя даследаванні. Далей мы пайшлі ўжо асобным шляхам, бо сядзіба — не музей, не навуковая ўстанова, а спосаб расказаць і паказаць, чым было напоўнена жыццё славутага калекцыянера. Мы працуем, так скажам, на ўзор «ленініяны». Адна справа — проста расказаць, што ў Барысаве бывалі дзядзькі цара Мікалая, і зусім іншая — удакладніць: акурат на гэтым ганку яны стаялі, у гэтай альтанцы пілі чай, тут быў рабочы кабінет Каладзеева, тут прайшло яго жыццё.
Уявіце сабе: Барысаў ХІХ стагоддзя — невялікае яўрэйскае мястэчка, і раптам тут, у глыбокай правінцыі, знаходзіцца чалавек, які адкрыў першыя помнікі рускім воінам на месцы пераправы каля вёскі Студзёнка, які сабраў унікальную калекцыю — звыш 15 тысяч кніг, брашур, альбомаў пра напалеонаўскія паходы на рускай, французскай, нямецкай, італьянскай мовах, каля 3200 прадметаў і мастацкіх твораў, звязаных з падзеямі 1812 года, — партрэтаў удзельнікаў бітваў, карт і планаў, рукапісаў, мундзіраў, зброі і г. д. Каладзееў перапісваўся з найбуйнейшымі бібліятэкамі і навуковымі часопісамі свету, з прыватнымі калекцыянерамі, сюды ішла каласальная колькасць карэспандэнцыі, сваімі пошукамі і збіральніцтвам Іван Хрысанфавіч зрабіў маленькі гарадок вядомым на ўвесь свет.
Частка яго калекцыі была падорана будучаму музею вайны 1812 года, яшчэ частка — «растварылася» ў гістарычнай і іншых публічных бібліятэках, магчыма, некалькі тысяч кніг захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
— Пра яго гавораць рознае: маўляў, быў карцёжнік і не проста так рана памёр, але, паўтаруся, уяўленне пра маштаб асобы даюць справы. Дзякуючы таму што мы ўвайшлі ў Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства, мы атрымалі допуск у архівы і музеі і цяпер можам вывучаць захаваныя часткі калекцыі Каладзеева ў Маскве, — дзеліцца радасцю Уладзімір Слесараў. — Сёння ўсе шукаюць на сваёй зямлі славутых людзей, якія так ці інакш сфарміравалі гісторыю, — а ў Беларусі гэтыя людзі доўгі час знаходзіліся ў забыцці, ёсць магчымасць аднавіць і ўшанаваць памяць пра іх. А колькі яшчэ такіх незаслужана забытых людзей — у Барысаве, у Мінску, у іншых нашых гарадах і мястэчках! Давайце паглядзім, пашукаем. Я, напрыклад, раней не ведаў, што з барысаўскіх яўрэяў выйшла 19 дактароў навук, што імем барысаўчаніна названыя астравы, што сярод маіх землякоў такая вялікая колькасць вядомых творцаў. Магчыма, наступны мой крок будзе — сабраць калекцыю ўсіх сусветна вядомых барысаўскіх мастакоў: работы 32 (з 58) у галерэі ўжо ёсць...
Ёсць «яўрэйская зала» (узнікла цалкам выпадкова, проста не хапала матэрыялу для экспазіцыі, і мы звярнуліся па дапамогу да яўрэйскай абшчыны), і я бачу, як яны ставяцца да сваёй гісторыі: глядзяць на тое, што ў нас ёсць, і звяраюць са сваімі звесткамі, а потым са старшынёй мясцовай яўрэйскай абшчыны ўдакладняюць па канкрэтных адрасах — хто дзе жыў, чым займаўся і г. д. З Аўстраліі, з Нарвегіі, з ЗША — напэўна, з усяго свету сюды едуць спадчыннікі мясцовых ураджэнцаў і настолькі жыва цікавяцца сваёй гісторыяй, што гэта выклікае павагу і захапленне, жаданне вучыцца. Бо, аказваецца, памяць і гісторыя цалкам матэрыяльныя і вельмі істотна ўплываюць на цяперашні і будучы час.
— Ці ёсць сярод сабраных экспанатаў асаблівыя для вас прадметы гонару?
— Так, напрыклад, памятная скрынка з-пад цукерак, якую Наталля Іванаўна цалкам выпадкова купіла ў Анапе. Французскія калекцыянеры падарылі сядзібе шпагу, якая належала барабаншчыку, і бюлетэнь напалеонаўскіх уладаў, які апісваў падзеі пад Кобрынам — ці помніце такі выраз: «Хлусіць як бюлетэнь»? У нашым выпадку каштоўны нават не сам падарунак, а тое, як ён быў зроблены, бо калекцыянер сказаў: «Я думаю, што гэта рэч павінна знаходзіцца ў Беларусі».
Хутка, 30 кастрычніка, споўніцца 160 гадоў з дня нараджэння Івана Каладзеева. Адзначыць гэту дату ў Барысаве збіраюцца без помпы, але з удзелам усіх зацікаўленых: тут пройдуць міжнародны фестываль «Бярэзіна-1812», літаратурныя гасцёўні, каладзееўскія чытанні, рэканструктарская выстаўка адзення, прэзентацыі кніг. А ў пачатку лістапада адбудуцца навукова-практычная канферэнцыя і адкрыццё прадстаўніцтва Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства ў Беларусі, куды запросяць прадстаўнікоў райвыканкама, гісторыкаў, краязнаўцаў, спецыялістаў бібліятэкі і музея, уніфармістаў, замежных гасцей.
З Мінска, Полацка, Гомеля, Віцебска, Брэста прыязджаюць людзі і здзіўляюцца: «Якія вы малайцы, што ўсё аднавілі, гэта ж неверагодна цікава!» Насамрэч, я не так высока ацэньваю тое, што зроблена, бо бачу гэта ўжо інакш і адчуваю пастаянную незадаволенасць ад таго, што яшчэ не зроблена: трэба добраўпарадкаваць тэрыторыю, пасадзіць парк, пабудаваць капліцу. Мне цяжка расказваць — хадзіць і махаць рукамі, што яшчэ будзе, лепш зраблю — тады прыязджайце і самі ўсё ўбачыце. Прытым, каб вы ўяўлялі, гэты праект — дарагое задавальненне, за сядзібу мы плацім як юрыдычная асоба «па поўнай праграме» і падаткі на зямлю, на нерухомасць, і тарыфы на газ, электрычнасць... У існуючай заканадаўчай практыцы мецэнацтва будучыні не мае, бо павінна скласціся традыцыя. Вось Каладзееў быў мецэнат: сабраў сваю калекцыю і падарыў дзяржаве, хоць каштавала яна каласальных грошай — узяць адну толькі карту, па якой Напалеон ішоў да Масквы і назад, 100 лістоў за подпісам Банапарта! У савецкі час інстытут мецэнацтва быў страчаны, а сёння толькі пачынае аднаўляцца, і вельмі хацелася б, каб дзяржава ў пэўным сэнсе пайшла насустрач — нават не з пункту гледжання матэрыяльнага, а заканатворчага, каб было дакладнае разуменне далейшага шляху і механізмы ўзаемадзеяння.
— Паралельна з бізнесам вы займаецеся аднаўленнем дома-сядзібы Івана Каладзеева ўжо больш за дзесяць гадоў. Ці можна сказаць, што гэта справа жыцця?
— Не зусім так. Калі табе ўжо шмат гадоў, не хочацца знікаць у гэтым свеце бясследна. І вось калі пачынаеш мысліць гэтымі катэгорыямі, то на ўсё знаходзяцца час і сродкі — каб заплаціць за газ, каб пасадзіць дрэвы... Паўстае толькі адно самае важнае пытанне: што далей, як гэта захаваць? Я ўсё зраблю, уладкую ў доме і навокал, аднак дзеці мае наўрад ці працягнуць гэту справу. Тады — як? Каму перадаць, хто будзе адказваць? Механізму пакуль няма...
Фотакопія літаграфіі невядомага мастака пачатку ХІХ стагоддзя "Нападзенне казакаў на французскі абоз з параненымі". Арыгінал з калекцыі І. Каладзеева захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота аўтара і з адкрытых крыніц
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».