Вы тут

Паліклініка налета, а мост ужо праз два тыдні


Планы па забудове Гомеля дэпутаты гарсавета абмеркавалі з выездам на будаўнічыя пляцоўкі.

Дэпутаты Гомельскага гарсавета зацвердзілі межы Гомеля, у якія ўключаны землі лесагаспадарчых арганізацый. Агульная плошча горада ўжо дасягнула 114,5 тысячы гектараў. Усе чатыры раёны Гомеля — пад пільнай увагай народных выбраннікаў.


Дэ­пу­та­ты Го­мель­ска­га га­рад­ско­га Са­ве­та дэ­пу­та­таў аб­мяр­коў­ва­юць рэа­лі­за­цыю  ге­не­раль­на­га пла­на і раз­віц­цё Го­ме­ля ў На­ва­бе­ліц­кім ра­ё­не.

Як расказаў галоўны архітэктар Гомеля Юрый Літвінаў, мікрараён Хутар у Навабеліцкім раёне будуецца пераважна для сем'яў, якія патрабуюць паляпшэння жыллёвых умоў. Ім аказваюць дзяржаўную падтрымку, таму будаўніцтва вядзецца хутка. Засталося ўзвесці 16 шматпавярховікаў, і раён будзе цалкам пабудаваны. Будынкі суда, крамы, аўтамыйка дакладна будуць. Што датычыцца школы — пачнецца яе праектаванне. У мікрараёне Паўднёвы вялікая плошча побач з дзіцячым садком № 50 зарэзервавана пад школу на 1400 навучэнцаў і садок на 230 месцаў. Хоць летась тут і быў здадзены ў эксплуатацыю дзіцячы садок на 190 месцаў, але чарга засталася, тым больш што Навабеліцкі ЗАГС рэгіструе па 700—800 малых штогод. Ім праз некалькі гадоў абавязкова спатрэбіцца дашкольная ўстанова — бацькі хацелі б, каб у крокавай даступнасці. Цяпер засталося самае складанае — вызначыць крыніцу фінансавання.

У паўднёвым напрамку, па абодва бакі Чарнігаўскай шашы, на перспектыву запланавана будаўніцтва новых мікрараёнаў Гомеля. Узводзіць іх маюць намер у лясным масіве, што запатрабуе вялікай высечкі дрэў. Схемы забудовы пакуль няма, але прынцыповае рашэнне прынята, і перадпраектныя работы вядуцца. У іх удзельнічаюць навукоўцы Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук. Яны выбіраюць дзялянкі з найменш каштоўнымі пародамі дрэў, якімі можна ахвяраваць. Таксама Навабеліца прырасце мікрараёнам, які размесціцца на ўездзе ў Гомель з боку Расійскай Федэрацыі.

У Савецкім раёне з'явіцца яшчэ 170 тысяч «квадратаў» жылля на Шведскай Горцы: распрацавана дакументацыя на забудову мікрараёнаў №№ 59а і 59б. Тут жа пасля дзвюх карэкціровак праектнай дакументацыі змяніліся канфігурацыя і шчыльнасць мікрараёна. Дарэчы, буйны шматфункцыянальны гандлёвы цэнтр і аўтамабільныя паркінгі тут таксама запланаваны. Патэнцыйныя інвестары ўжо ёсць. Што датычыцца невялікіх гандлёвых аб'ектаў, то яны ўжо тут працуюць, напрыклад, у прыстасаваных памяшканнях размешчаны прадуктовыя крамкі. А вось наяўнасць дзіцячых садкоў ва ўбудаваных памяшканнях жылых дамоў толькі абмяркоўваецца. Участкі пад асобна пабудаваныя садкі і школу на Шведскай Горцы зарэзерваваны, аднак пра іх узвядзенне размова пакуль не ідзе.

Замест прыватнага сектара на вуліцы Барыкіна, якая звязвае цэнтр з Савецкім раёнам, ужо актыўна вядзецца будаўніцтва. Пайшлі пад знос прыватныя дамы на цотным баку — там ужо з'явіўся шэраг будынкаў першай лініі. Забудоўшчыкі падлічылі, што змогуць уціснуць у гэтую прастору 35 секцый буйнапанэльных дамоў.

Будуць зносіцца ў далейшым і прыватныя дамы на вуліцы Палескай, яна стане шасціпалоснай, а па краях вырастуць шматпавярховікі. План дэталёвай планіроўкі Палескага мікрараёна распрацаваны. Архітэктары прапануюць уладкаваць на выездзе з «Сяльмаша» двухузроўневую развязку — застаецца знайсці на гэта фінансаванне. А вось пашырэнне і забудова вуліцы Хмяльніцкага пакуль што адкладаюцца.

Налета павінны пачацца будаўніча-мантажныя работы на месцы, дзе некалі быў Быхаўскі рынак, — там будзе супермаркет буйной гандлёвай сеткі. Зусім побач — на скрыжаванні вуліцы Карбышава з праспектам Кастрычніка налета, хутчэй за ўсё, пачнуць будаваць яшчэ адзін супермаркет. У Любенскім мікрараёне з'явіцца буйны шматфункцыянальны цэнтр з вялікім забаўляльным сектарам.

Пункт пракату неўзабаве адкрыецца на Ропаўскім пляжы. Там улетку будуць выдаваць катамараны, а ўзімку — лыжы і снегаходы. Такім чынам, у Гомелі можа з'явіцца першая пляжная зона адпачынку, якая прымае наведвальнікаў цэлы год.

Дэпутаты Гомельскага гарсавета падчас выязной сесіі пабывалі і ў самым маладым мікрараёне на поўначы Гомеля — на вуліцы Фядзюнінскага. Гарадскі УКС тут, у Чыгуначным раёне, будуе дзесяць дамоў. Аўтастаянкі вынесены за перыметр жылой забудовы, а ўсярэдзіне толькі гасцявыя паркоўкі і пешаходныя зоны. На дзіцячых пляцоўках кладзецца траўмабяспечнае гумовае пакрыццё. Паблізу няма прадпрыемстваў, ажыўленых аўтадарог, затое ёсць возера.

Сфарміраваны ўчастак пад забудову другой чаргі плошчай 75 гектараў. Выдзелена зямля пад узвядзенне шматфункцыянальнага гандлёвага цэнтра з комплексам бытавога абслугоўвання. У раёне будуць свае аддзяленні банка і паштовай сувязі. Уласныя школа і садок таксама запраектаваны. Ёсць адна асаблівасць: у складзе мікрараёна сфарміраваны восем участкаў пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Частка з іх ужо паспяхова прададзена на
аўкцыёне.

Між тым налета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю дарослае аддзяленне паліклінічнага комплексу ў 17-м мікрараёне Цэнтральнага раёна горада над Сожам. Пра гэта паведаміў старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка. Сёлета ў Дзень горада старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей уручыў мэру сертыфікат на буйную суму для завяршэння будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне № 17. Акрамя выдзеленых ужо сродкаў будуць і дадатковыя, бо аб'ект уключаны ў тым ліку ў рэспубліканскую інвестыцыйную праграму. Яшчэ сёлета плануюць завяршыць будаўніча-мантажныя работы, а потым будуць закупляць і манціраваць абсталяванне.

І ўжо зусім хутка павінен адкрыцца новы аб'язны мост цераз Сож недалёка ад горада. Цяпер транзітныя машыны ідуць непасрэдна праз Гомель, што вельмі нязручна для яго жыхароў. Праз гэты мост праходзіць участак рэспубліканскай трасы М8 ад граніцы Расіі да Украіны. Яго даўжыня — 500 метраў. Старую пераправу на гэтым участку закрылі па аварыйных прычынах у жніўні мінулага года, хуткім часам яе дэмантуюць. Адкрыць рух на аб'екце плануецца ў пачатку лістапада.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.