Дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты... Для іх выхаванцаў ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы. Дзеці сытыя, добра апранутыя, маюць яркія цацкі, з імі займаюцца ўважлівыя педагогі. Здавалася б, пасля такога дзяцінства можна смела ўступаць у дарослае жыццё. Аднак не ўсё так проста. Чаму сям’я, а не інтэрнат у стане забяспечыць паўнавартаснае развіццё і сацыялізацыю дзіцяці, тлумачыць педагог-псіхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзея КЛІШЭЎСКАЯ.
– Справа ў тым, што сям’я – гэта натуральнае асяроддзе развіцця чалавека на пачатковай стадыі. Сям’я задавальняе базавыя фізіялагічныя патрэбы дзіцяці ў індывідуальнай прасторы, цяпле, ежы, сне і абароненасці. Дарэчы, асаблівае значэнне ў гэтым спісе мае пачуццё абароненасці (бяспекі). Маленькі чалавек такі ўжо ад прыроды, што ў адсутнасці індывідуальнага клопату ўсе яго сілы сканцэнтраваны на абароне ад рэальных і патэнцыйных пагроз. Адпаведна ягонае пазнавальнае, псіхічнае і эмацыйнае развіццё рэзка затрымліваецца альбо зусім спыняецца.
Дэпрывацыя і гаспіталізм – што гэта такое?
Пражыванне дзіцяці ў пазасямейнай абстаноўцы прыводзіць да дэпрывацыі і гаспіталізму.
Дэпрывацыя – псіхічны стан, які ўзнікае, калі асноўныя псіхічныя і сацыяльныя патрэбы чалавека доўгі час не задавальняюцца. У дзіцяці гэта праяўляецца выразнымі адхіленнямі ў эмацыйным і інтэлектуальным развіцці, парушэннем сацыяльных кантактаў. Могуць узнікаць адставанне ў росце і вазе, эмацыйная, моўная і пазнавальная неразвітасць, безыніцыятыўнасць, дэфармацыі паводзінаў, у тым ліку агрэсія і аўтаагрэсія, а таксама неўратычныя і псіхасаматычныя з’явы.
Калі малыша пакідаюць у медыцынскай установе, і ён там доўгі час знаходзіцца, узнікае мацярынская (бацькоўская) дэпрывацыя – сітуацыя, у якой няпоўна задавальняюцца патрэбы дзіцяці ў бяспецы, любові і прыняцці. Яе найбольш прыкметнымі наступствамі з’яўляюцца: сенсорная дэпрывацыя – несфарміраванасць у дзіцяці яркасці ўспрымання і разнастайнасці ўражанняў; эмацыйная дэпрывацыя – слабая выяўленасць эмацыйнасці ў зносінах з навакольным светам.
Пражыванне дзіцяці ў iнтэрнатнай установе вядзе да сацыяльнай дэпрывацыі – неразвітасці навыкаў зносін з іншымі людзьмі, цяжкасцяў у засваенні сацыяльнага вопыту.
Што да гаспіталізму, так называюць псіхічнае разладжанне, якое ўзнікае з прычыны працяглага знаходжання чалавека ў бальніцы. Калі малыш выхоўваецца ў доме дзіцяці, у яго са спазненнем адбываецца развіццё рухаў, асабліва хады, можа з’явіцца рэзкае адставанне ў авалоданні мовай, эмацыйнае збядненне, нізкія антрапаметрычныя паказчыкі і іншыя праблемы.
Для немаўляці, якое выхоўваецца ў доме дзіцяці, характэрны ранні гаспіталізм – сіндром псіхічнай і фізічнай адсталасці, які ўзнікае ў першыя гады жыцця ва ўмовах дэфіцыту зносін з блізкімі дарослымі.
Калі няма прыхільнасцяў – гэта дрэнна
Уніфікаваны, паточны працэс выхавання ва ўстанове душыць ініцыятыву дзіцяці, не стварае ў яго адчування падтрымкі і не дазваляе фарміраваць прыхільнасці. А значыць, не стварае ўмоў для сацыялізацыі, падрыхтоўкі да самастойнага вырашэння бытавых, сямейных і камунікатыўных задач.
На жаль, інтэрнатнае выхаванне, як бы ні стараліся педагогі, міжволі спрыяе развіццю спецыфічных рысаў у дзяцей. Да найбольш характэрных з іх адносяцца пасіўнасць у паводзінах, затрымка сацыяльнага развіцця, цяжкасці ў асваенні навыкаў прадукцыйных зносін. У будучым у дзяцей могуць фарміравацца феномены “мы”, “яны”, “свае” і “чужыя”, патрэба ў пастаянным жыцці “на людзях”, рэгламентаванасць дзеянняў, утрыманства. Словам, недахоп вопыту жыцця ў сям’і і вопыту самарэалізацыі па-за сценамі інтэрнатнай установы зробіцца ў будучым вялікай праблемай.
Дзеці першага года жыцця бываюць млявыя, апатычныя, пазбаўленыя жыццярадаснасці, у іх зніжаная пазнавальная актыўнасць, спрошчаныя эмацыйныя праявы, няма характарнай прыхільнасці да дарослага, яны недаверлівыя, замкнёныя, сумныя і пасіўныя.
Малышы другога і трэцяга года жыцця да пералічаных асаблівасцяў набываюць новыя: паніжаная дапытлівасць, адставанне ў развіцці мовы, затрымка ў авалоданні прадметнымі дзеяннямі, адсутнасць самастойнасці.
Дашкольнікі 3-7 гадоў, якія растуць у дзіцячым доме, часта маюць такі набор рысаў: беднасць мовы, слабая ўвага, неразвітасць памяці, канфліктнасць ва ўзаемаадносінах з аднагодкамі, рухальная растарможанасць, імпульсіўнасць, пасіўнасць (асабліва ў гульні), дрэннае валоданне сваімі паводзінамі, няўменне планаваць, засяродзіцца на якім-небудзь занятку.
У малодшых школьнікаў сустракаюцца затрымка (або адсутнасць) развіцця вобразнага мыслення, беднасць мовы, адставанне ў авалоданні навыкамі пісьма, чытання, лічэння, прасторавымі ўяўленнямі, неразвітасць адвольнасці ў паводзінах, цяжкасці з самарэгуляцыяй, планаваннем. Дрэнна развітыя навыкі зносін з аднагодкамі, складанасці ўзнікаюць і пры кантактах з дарослымі.
У падлеткаў свае праблемы і ўскладненні, як у маральным плане і развіцці пачуццяў, так і ў станаўленні самасвядомасці. Нярэдкія цяжкасці ў авалоданні навучальным матэрыялам, парушэнні дысцыпліны, у тым ліку сыходы (уцёкі), бадзяжніцтва, крадзеж і іншыя формы дэлінквентных паводзін. Старшакласнікі маюць недастаткова развітыя навыкі самастойнага жыцця.
Дарослае жыццё – не працяг урокаў
У інтэрнаце дзецям да 15-16 гадоў гатуюць ежу, мыюць бялізну, купляюць усё неабходнае. Жыццё ўстановы рэгламентаванае. У праграме, вядома, ёсць заняткі, накіраваныя на сацыялізацыю дзіцяці, але іх эфектыўнасць нізкая, бо выхаванцу інтэрната цяжка асэнсаваць тое, што ён не можа наглядна сабе ўявіць. У гэтых дзяцей могуць узнікаць праблемы з практычнай дзейнасцю, вызначэннем перыядычнасці і мэтазгоднасці выканання розных яе відаў. Пры гэтым далёка не заўсёды яны ўмеюць здабываць карысць з ведаў, атрыманых на ўроках сацыяльна-бытавой арыенціроўкі. Напрыклад, проста праз недахоп вопыту выпускнікі інтэрнатаў недастаткова арыентуюцца ў пытаннях асартыменту прадуктаў харчавання, набораў адзення, абутку, тавараў для дома. Цяжка ім і авалодаць паняццямі кошту прадуктаў, рэчаў, бо ў інтэрнаце яны атрымліваюць усё бясплатна.
Пасля выхаду з інтэрната выпускнік застаецца сам-насам з сабой. Атрымаўшы жыллё, часта становіцца аб’ектам пільнай увагі крымінальных структур. У самым горшым выпадку пазбаўляецца жылля і аказваецца на вуліцы.
Падвядзем вынік: лад жыцця ў iнтэрнаце спрыяе фарміраванню пэўнага тыпу асобы выхаванца. Каб дзіця камфортна сябе адчувала ў эмацыйным і фізічным плане, развівалася ў адпаведнасці з узростам, неабходныя спецыяльныя ўмовы, якія вызначаюць яго побыт, яго фізічнае здароўе, характар зносін з навакольнымі, яго асабістыя поспехі. Для гэтага неабходны комплекс прэвентыўных, асветніцкіх, дыягнастычных і карэкцыйных мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне ўмоў для паспяховай сацыялізацыі дзяцей, якія знаходзяцца ў інтэрнатах, перспектыў іх асобаснага росту. Аднак сям’ю інтэрнат не заменіць.
«Выходзім на фінішную прамую»
Словы Прэзідэнта на цырымоніі інаўгурацыі, як і сама знакавая для дзяржавы падзея, знайшлі водгук у сэрцах усіх сапраўдных патрыётаў краіны