Вы тут

«Венскі баль у Купалаўскім» адкрые паланэз Агінскага «Развітанне з Радзімай»


«Венскі баль у Купалаўскім», які пройдзе 14 снежня ў цэнтры сталіцы, адкрые знакаміты паланэз Агінскага «Развітанне з Радзімай». Па традыцыі, менавіта паланэзам у выкананні дэбютантаў распачынаюцца падобныя імпрэзы як у Аўстрыі, так і ў іншых краінах свету. У Беларусі за музычнае суправаджэнне вечара адказвае Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, што ўжо рыхтуе разнастайныя вальсы, полькі, мазуркі і іншыя мелодыі, пад якія будуць танцаваць госці.


Дарэчы, арганізатары «Венскага балю з А1 у Купалаўскім» атрымалі звыш 600 заявак ад ахвотных стаць дэбютантамі — хлопцаў ва ўзросце 18—26 гадоў і 16— 23-гадовых дзяўчат. Цяпер перад бальным камітэтам стаіць задача вызначыць 200 удзельнікаў вочнага этапу адбору. А зрабіць гэта будзе няпроста, бо сярод кандыдатаў — вельмі цікавыя маладыя людзі: байкеры і выхавальнікі, урачы і мадэлі Нацыянальнай школы прыгажосці, лаўрэаты міжнародных музычных конкурсаў, інжынеры-энергетыкі... Пераважная большасць сярод тых, хто жадае трапіць на баль, — дзяўчаты, расказалі арганізатары праекта. Каля паловы кандыдатак атрымліваюць вышэйшую адукацыю, а ў вольны час не толькі вядуць здаровы лад жыцця, але і захапляюцца мастацтвам, наведваюць выстаўкі, спектаклі і канцэрты, ведаюць, хто такі Бэнксі, і ўмеюць адрозніваць Гегеля ад Гогаля. Сярод прэтэндэнтак ёсць, напрыклад, пяціразовая стыпендыятка спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, піяністка — лаўрэат міжнародных музычных конкурсаў, некалькі валанцёраў ЮНІСЕФ, будучая валанцёрка на Алімпійскіх гульнях — 2020 у Лондане. Што да юнакоў, якім цікавы баль, сярод іх прыкладна пароўну прадстаўнікоў тэхнічных і творчых прафесій, а таксама ёсць некалькі афіцэраў Узброеных Сіл і ўдзельнік гістарычных рэканструкцый напалеонаўскіх войнаў.

Ужо вядома, што выкладаць маладым беларусам майстэрства танца будзе прафесар Томас Шэфер-Эльмаер, які прыедзе ў нашу краіну з дапамогай пасольства Аўстрыі ў Беларусі. Танцавальная дынастыя Эльмаер ужо сто гадоў кіруе аднайменнай школай танцаў, папулярнай па ўсёй краіне, адказвае за цырымонію адкрыцця на больш чым 50 штогадовых балях Вены і знаёміць дэбютантаў не толькі з правільнай танцавальнай тэхнікай, але і з адмысловым этыкетам.

Квіткі на «Венскі баль з А1 у Купалаўскім» з'явяцца ў продажы ўжо ў пачатку лістапада (акрамя набыцця білета, нагадваюць арганізатары, трэба вытрымаць абавязковы дрэс-код: Black Tіe для мужчын, доўгая бальная сукенка для жанчын). А ўбачыць імпрэзу, нагадаем, змогуць нават тыя, хто на яе не трапіць, прычым бясплатна — у прамым эфіры на лічбавай платформе VOKA.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: thelocal.at

Загаловак у газеце: Пад гукі паланэза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.