«Адразу пасля вызвалення Мінска ўсё тое нешматлікае насельніцтва і былыя партызаны прыступілі да разборкі завалаў, да ўборкі вуліц і плошчаў. Цэлых будынкаў у горадзе амаль не засталося. Мы прыводзілі ў парадак Дом прафсаюзаў — пасля Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Яшчэ не ўсё было даведзена да ладу, а экспанаты пачалі прыносіць — гэта рэчы і прадметы побыту, зброя вайны, як абаронцаў Айчыны, так і фашыстаў, мастакі прыносілі карціны... Наша сям'я працавала ў музеі ўся. Я — касірам, сястра — экскурсаводам, тата — качагарам, а мама — прыбіральшчыцай, старэйшая сястра ў гэты час была ў партызанскім атрадзе пад Беластокам. С цягам часу экспанатаў станавілася ўсё больш і і больш...» — такі ліст напярэдадні юбілею прыйшоў у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ад Лідзіі Жыткевіч, якая прымала ўдзел у стварэнні першай музейнай экспазіцыі ў кастрычніку 1944 года.
Яшчэ на тэрыторыі Беларусі ішлі баі, а ўжо актыўна збіраліся экспанаты для будучага музея (рашэнне аб яго стварэнні было прынята Цэнтральным камітэтам КП(б)Б 30 верасня 1943 года). Камандзіры партызанскіх брыгад перадавалі дакументы, якія звязаны з дзейнасцю і жыццём народных мсціўцаў, друкаваныя і рукапісныя выданні, узоры самаробнай зброі, фатаграфіі з тлумачэннямі, дакументы і сцягі, захопленыя ў немцаў. Захаваўся тэкст радыёграмы ад 24 чэрвеня 1944 года начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймона Панамарэнкі камандзіру Пінскага партызанскага злучэння Васілю Каржу, у якой ён дзякуе за дасланыя ўзоры аўтаматаў і прапануе захаваць партызанскую майстэрню для музея. Праз тры месяцы пасля вызвалення Мінска ўжо пачалі працаваць дзве выстаўкі «Узбраенне беларускіх партызан» і «Бальшавіцкі друк Беларусі ў дні Вялікай Айчыннай вайны».
Сярод першых стваральнікаў былі і былыя партызаны, падпольшчыкі, франтавікі. Экспанаты дастаўляліся і з фронту, шмат супрацоўнікі паездзілі па Беларусі і не толькі. Так, з двухмесячнай камандзіроўкі ў Германію ў чэрвені 1945 года былыя партызаны — адны з першых работнікаў музея — прывезлі кіцелі, фуражкі, ордэны і медалі вышэйшых нямецкіх ваенных чыноў, фотаздымкі з альбома Гебельса, зброю, сувенір-чэрап, які стаяў як упрыгажэнне на каміне ў начальніка штаба супрацьпаветранай абароны Берліна, і сувенірную зенітную гармату, што ўпрыгожвала кабінет Германа Герынга.
Калі 75 гадоў таму ў фондах музея налічвалася 10 тысяч музейных прадметаў, сёння іх 112 тысяч, і збор рэліквій не спыняецца. Невыпадкова свае ўрачыстыя мерапрыемствы музей распачаў з адкрыцця выстаўкі — падзякі ўсім, хто дапамагае зберагаць памяць пра вайну.
— Гэта побач са мной плача Раіса Мікалаеўна Гайдук, ну і я разам з ёй, — хвалюецца намеснік галоўнага захавальніка фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Галіна Скарынкіна. — Тут дакументы, якія расказваюць пра яе бацькоў. Яе тата Мікалай Гайдук вайну сустрэў пад Беластокам, быў на фронце, адступаў, стаў партызанам атрада «Перамога» на Міншчыне. Яго жонка была фельчарам у гэтым жа атрадзе. Падчас баявога задання быў смяротна паранены...
На адкрыццё часовай экспазіцыі «Вяртаючы час» завіталі даўнія сябры музея — людзі, якія доўгія гады захоўвалі, а пасля перадалі ўстанове старыя фатаграфіі, дакументы, лісты, узнагароды герояў, а таксама бытавыя рэчы, вопратку.
Сваякі знаходзяць на экспазіцыі свае сямейныя рэліквіі, дзеляцца ўспамінамі, радуюцца, што гісторыі пра іх блізкіх сёння захоўвае і вядучы беларускі «храм памяці».
У цэнтральнай прасторы экспазіцыйнай залы ўпершыню прадстаўлены асобныя ўзоры зброі, ваенная форма, прадметы ваеннай амуніцыі і побыту, якія перадаваліся ў падарунак музею дзяржаўнымі ўстановамі, аматарамі ваеннай гісторыі, калекцыянерамі.
Наогул на гэтай экспазіцыі прадстаўлена больш за 500 музейных прадметаў, сабраных за апошнія пяць гадоў — за той час, як музей пераехаў у новы будынак па праспекце Пераможцаў. Каб звярнуць увагу на сямейныя рэліквіі, на выстаўцы музейныя работнікі падалі іх праз стылізаваныя раскрытыя старонкі фотаальбомаў.
Тут можна пабачыць матэрыялы сям'і Ніны Апелінскай — сувязной партызанскага атрада імя Бельскага і партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі». Яе муж Аляксандр Трандафілаў — удзельнік мінскага Супраціўлення — арыштаваны ў 1942-м, у сям'і захаваліся лісты, якія ён пісаў жонцы з турмы. 2 лютага 1943 года Аляксандр Фёдаравіч быў павешаны на стадыёне «Дынама».
Асобны стэнд займаюць матэрыялы, звязаныя з вельмі прыгожай парай. Рыгор Дзідзенка перад вайной быў артыстам ансамбля песні і танца пагранвойскаў НКУС. Вайна заспела яго падчас гастроляў у Літве. Рознымі шляхамі ён прабіраўся ў Мінск да жонкі і дачушкі, што нарадзілася за два тыдні да вайны. Сужэнцы ўключыліся ў партызанскі рух, пісалі для рукапіснага часопіса «Кутузавец». Незадоўга да вызвалення Беларусі партызанскі атрад апынуўся ў коле варожай блакады. Дзідзенкі загарнулі нумары часопіса ў мешкавіну і закапалі... Пазней 9 з 13 нумароў унікальнага выдання патрапілі ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. (Дарэчы, установа захоўвае багатую калекцыю партызанскага друку, музейная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў мае катэгорыю гісторыка-культурнай каштоўнасці № 1 Рэспублікі Беларусь.)
Спрабуем разабрацца, што за незвычайны прадмет прадстаўлены ў адной з экспазіцый — аказваецца, гэта школьны пенал, які належаў Яўгену Носаву. Разам з маці і сястрой хлопчык аказаўся ў канцлагеры пад Бранскам, дзе сям'і цудам удалося пазбегнуць расстрэлу. Вязняў вырашылі вывезці ў Германію. У дарозе ў вагоне хлопчык цяжка захварэў на тыф, разам з памерлымі іх сям'ю выкінулі на станцыі Стоўбцы. Носавы знайшлі прытулак у адной з навакольных вёсак. Яўген Іванавіч выжыў, а пасля вайны ўсё жыццё прапрацаваў у Стоўбцах фатографам. Матэрыялы, якія раскрываюць гэту гісторыю, музейным работнікам перадалі дачка і зяць Яўгена Іванавіча...
Дзякуючы сям'і Бржусь музей атрымаў здымкі, зробленыя ў Мінску ў час вайны. Марыя Юльянаўна працавала ў лагеры для ваеннапалонных на кухні каля Чэрвенскага рынку, а яе дачка — у фотаатэлье.
Родныя збераглі памяць пра свайго дзядулю Яўгена Міхайлавіча Зуева. Перад вайной ён скончыў 9 класаў, удзельнічаў у падрыве 19 варожых эшалонаў. Сям'я перадала музею ўзнагароды юнага партызана, а таксама яго пасляваенныя лісты з цікавымі расповедамі пра аднаўленне Мінска, Беларусі...
Кузняцовы перадалі фатаграфіі і прадметы, якія расказваюць пра лёс іх сваяка Сцяпана Іванавіча, удзельніка Першай сусветнай вайны і вольнанаёмнага цырульніка, які падчас Вялікай Айчыннай абслугоўваў на фронце салдат і афіцэраў, а таксама прадметы побыту, якія нагадваюць пра тыя часы.
За кожным дакументам ці прадметам (а гэта можа быць гармонік, жаночая сукенка ці сумачка 30—40-х гадоў, лялькі, салдацкія рэчы) стаяць асабістыя гісторыі. І музейныя работнікі ўпэўненыя, што з такіх цаглінак прыватных лёсаў складаецца гісторыя краіны.
— Ствараючы выстаўку, мы вырашылі расказаць пра тое, што не пакутуем ад музейнай цішыні, што ў нас многа гасцей (самая вялікая наведвальнасць па краіне). Мы стварылі кампазіцыю, каб паказаць гісторыю вачамі тых, хто прайшоў і перажыў тую страшную вайну, хто рос у пасляваеннае дзесяцігоддзе, і тых, хто нарадзіўся пасля вайны, — расказвае куратар выстаўкі Наталля Філіповіч.
Інтэр'ерная экспазіцыя пабудавана з выкарыстаннем фондавай мэблі ваеннага і пасляваеннага часу. Пры афармленні залы выкарыстаны рэдкія фатаграфіі, зробленыя ўдзельнікамі вайны і ваеннымі фотакарэспандэнтамі.
У апошнія гады музейны фонд папаўняўся экспанатамі, звязанымі з медыкамі-франтавікамі. Такі матэрыял пададзены ў інсталяцыйным варыянце: наведвальнікі могуць убачыць, як выглядаў палявы армейскі шпіталь.
Таксама за апошнія пяць гадоў музею дапамагалі даследчыкі, якія займаліся ваеннай археалогіяй. Сюды перададзены знаходкі з месцаў раскопак у Нясвіжы, дзе было пахавана больш за тысячу чалавек, расстраляных у кастрычніку 1941-га, а таксама рэчы ахвяр лагера смерці Трасцянец.
Прадстаўлены на выстаўцы і карціны, серыі малюнкаў, эцюды, замалёўкі, зробленыя мастакамі ў ваенныя гады. У прыватнасці, можна пабачыць эскізы ілюстрацый, выкананых Дзмітрыем Красільнікавым для газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941—1944 гады). Ёсць тут і карціна невядомага мастака — савецкага ваеннапалоннага лагера «Шталаг-352» каля вёскі Масюкоўшчына (1941—1942 гады). Больш за 75 гадоў яе захоўваў Аляксандр Кійранен (журналіст, каментатар Дзяржтэлерадыё БССР). Падчас вайны яго сям'я жыла на станцыі Ждановічы ў доме чыгуначніка. Аднойчы адзін з ваеннапалонных, што капалі там торф, перадаў маленькаму Аляксандру зроблены алеем пейзаж і сказаў, што гэта яго родныя мясціны. На жаль, пра лёс мастака нічога невядома...
У юбілейны дзень музей папоўніўся новымі экспанатамі. Вераніка Цімафеева перадала сямейную рэліквію: «У нас дома было вельмі многа ўзнагарод — ордэны Чырвонай Зоркі, Вялікай Айчыннай вайны, медалі «За абарону Сталінграда», «За ўзяцце Берліна». Тата прайшоў усю вайну... Але ў кватэру забраліся злодзеі і скралі ўсе ўзнагароды і дакументы, а разам з імі і частку нашай памяці. У нас засталася толькі маленькая іконачка святога Мікалая. Калі тата пайшоў у армію, бабуля паклала яе яму ў кішэню і сказала, што святы будзе дапамагаць і ратаваць. І тата з гэтай іконкай прайшоў дзве вайны, не вымаючы яе з кішэні, і вярнуўся жывы, здаровы».
Таксама ў гэты дзень цэнтральны раённы ваенны камісарыят перадаў музею баявыя ўзнагароды Героя Савецкага Саюза, калекцыянер Аляксандр Аляксеенка падарыў больш за 100 рэдкіх экспанатаў, сярод якіх ваенныя ўзнагароды, прадметы побыту, амуніцыя, форма ўзброеных сіл розных краін, а арганізацыя, якая займаецца зборам макулатуры, прынесла знойдзеныя ў кантэйнерах слоўнікі — нямецка-рускі 1941 года і руска-нямецкі 1942-га...
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!