Ад маразоў ён хаваецца ў сумётах, большую частку жыцця харчуецца выключна расліннай ежай і пастаянна страчвае свой востры слых падчас такавання. Знаёмцеся: птушка 2020 года па версіі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» — глушэц!
Глушца называюць своеасаблівым сімвалам беларускай прыроды, што і не дзіўна — гэта птушка проста заварожвае сваёй прыгажосцю. Вы толькі паглядзіце, якое ў яе цудоўнае апярэнне з адценнямі жоўтага, чырвонага, бурага і сіняга колераў, а на сонейку яно яшчэ і пераліваецца! Убачыць глушца ў жывой прыродзе марыць любы фатограф і аматар экатурызму. Аднак, на жаль, птушка яшчэ і жаданы трафей для паляўнічых. У гэтым плане яна даволі лёгкая здабыча, бо падчас такавання самцы так захапляюцца спевамі, што цалкам страчваюць слых. У такія перыяды глушцоў, надзвычай баязлівых у астатні час, можна злавіць нават голымі рукамі. Дзякуючы гэтай асаблівасці птушка і атрымала сваю назву. А вось самкі глушцоў не глухнуць, а яшчэ яны вельмі адрозніваюцца ад самцоў памерамі і колерам «адзення» — яно ў іх шэрае з рудым адценнем.
А вы ведалі?
— Глушэц (рус. глухарь) мае такую назву толькі ў рускай і беларускай мовах. У іншых краінах птушку называюць «лясная курыца» або «лясны конь», бо падчас выканання шлюбнай песні самец выдае гукі цокання капытоў.
— Каб ператравіць грубую раслінную ежу, глушэц глытае таксама маленькія каменьчыкі.
— З'яўленню выразу «глухі як цяцера» з-за асаблівасцяў слыху ў птушак «паспрыяў» цецярук — яшчэ адзін прадстаўнік сямейства цецеруковых.
Глушцы належаць да атрада Курападобных, сямейства цецеруковых. У Беларусі сустракаюцца два падвіды — сярэднярускі і заходнееўрапейскі. Вучоныя сцвярджаюць, што колькасць прадстаўнікоў першага ў нас стабільная, а вось другога засталося ўсяго 500—600 асобін па ўсёй краіне.
Чаму так адбылося? Справа ў тым, што гэта птушка вельмі пераборлівая. Селіцца яна выключна ў старых хвойных і змешаных лясах, куды рэдка прыходзіць чалавек. А гэтых лясоў засталося не так шмат, бо яны найбольш прывабныя для дрэваапрацоўчай прамысловасці. Таму ў Налібоцкай пушчы спрабуюць аднавіць папуляцыю глушца ў рамках праектаў ПРААН «Тарфянікі-2» і «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі» пры падтрымцы Мінлясгаса і Мінпрыроды. І добрыя вынікі ўжо ёсць — нядаўна там нарадзіліся 16 птушанят.
Запомніце!
Ад астатніх прадстаўнікоў сямейства цецеруковых глушэц галоўным чынам адрозніваецца моцна акругленым хвастом і падоўжанымі пярынкамі на горле.
Цікава, што большую частку свайго жыцця глушцы з'яўляюцца вегетарыянцамі. Асабліва ім падабаецца яловая і хваёвая ігліца, брусніцы і чарніцы — гэтым і тлумачыцца іх любоў да старых лясоў. Жывёльнай ежай харчуюцца толькі птушаняты ў першыя дні свайго жыцця.
Дарэчы, глушцы не ўтвараюць пар, таму ўсімі «сямейнымі» справамі займаецца самка. Яна сама шукае месца для гнязда, адкладвае яйкі і цярпліва выседжвае іх. Самец жа пасля перыяду такавання пачынае ліняць і не можа з-за гэтага лётаць, таму хаваецца ў глухіх месцах лесу.
Бліжэй да восені глушцы нярэдка канцэнтруюцца каля верхавых балот з зараснікамі журавін, а з надыходам зімы перабіраюцца ў хвойнікі. Падчас замаразкаў птушкі пераходзяць да маларухомага спосабу, амаль увесь час праводзяць на дрэвах і харчуюцца ўсяго адзін (рэдка два) разы на дзень. Пры моцным снезе яны закопваюцца ў гурбах, як цецерукі.
Карына МАЛІНІНА
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.