Вы тут

Як развіваецца альтэрнатыўная энергетыка ў нашай краіне


Выкарыстанне невычэрпных рэсурсаў, адсутнасць шкодных выкідаў у атмасфернае паветра (як забруджвальных рэчываў, так і парніковых газаў) — адны з галоўных аргументаў для выбару на карысць аднаўляльных крыніц энергіі.


Якія аднаўляльныя крыніцы энергіі існуюць?

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі», да іх адносяцца: энергія сонца, ветру, цяпла зямлі, натуральнага руху водных патокаў, драўнянага паліва, іншых відаў біямасы, біягазу, а таксама іншыя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да неаднаўляльных.

Гідраэнергетыка пачала актыўна развівацца ў Беларусі ў ХХ стагоддзі.

Калі ў Беларусі пачала выкарыстоўвацца аднаўляльная энергетыка?

Дровы ў якасці паліва выкарыстоўваюцца паўсюдна з найстаражытнейшых часоў. Першы вядомы млын на рацэ Свіслач з'явіўся яшчэ падчас заснавання Мінска. А вось звесткі пра першыя ветраныя млыны на тэрыторыі Беларусі адносяць да XVІ стагоддзя. У мінулым стагоддзі ў краіне пачалі будавацца гідраэлектрастанцыі. Але актыўнае развіццё альтэрнатыўная энергетыка атрымала з прыняццем у 2010 годзе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі».

Якія з АКЭ ў Беларусі атрымалі найбольшае распаўсюджванне?

Дзяржаўны кадастр аднаўляльных крыніц энергіі, які вядзе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, налічвае звыш 300 дзеючых установак па вытворчасці электрычнай энергіі з аднаўляльных крыніц агульнай устаноўленай магутнасцю 500 МВт, у тым ліку: 98 установак па выкарыстанні энергіі ветру (110 МВт); 95 — па выкарыстанні энергіі сонца (больш за 150 МВт); 29 гідраэнергетычных установак (86,06 МВт); 32 устаноўкі па атрыманні і выкарыстанні біягазу (41,3 МВт).

Наколькі спрыяльная тэрыторыя нашай краіны для выкарыстання АКЭ?

Гадавы прыход сонечнай радыяцыі на адзінку плошчы Беларусі супастаўны з такім паказчыкам для Германіі, Польшчы і іншых краін Еўропы. Для размяшчэння сонечных электрастанцый (СЭС) патрабуюцца значныя свабодныя тэрыторыі. Так, адна з магутных СЭС працуе недалёка ад Брагіна, на землях, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

Беларусь валодае дастатковымі рэсурсамі энергіі ветру для развіцця ветраэнергетыкі. Сярэднегадавая фонавая хуткасць ветру на тэрыторыі краіны складае каля 3,5 м/с на вышыні 10 м, а на вышынях 80—100 м ад паверхні зямлі — 5,2—5,7 м/с. Па выніках даследаванняў найбольш перспектыўнымі для развіцця ветраэнергетыкі вызначаны 22 раёны краіны.

Паколькі Беларусь — раўнінная краіна, хуткасць цячэння рэк у нас невысокая. Эканамічна мэтазгодны патэнцыял выкарыстання гідраэнергетычных рэсурсаў не перавышае 250 МВт і сканцэнтраваны ў Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях на ўчастках басейнаў рэк Нёман, Заходняя Дзвіна і Дняпро.

У нашай краіне па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваецца драўнянае паліва, галоўным чынам для вытворчасці цеплавой энергіі. Усё часцей у гэтых мэтах прымяняюцца адходы лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі праз трансфармацыю ў шчэпкі ці пелеты.

Атрымліваць энергію можна пры спальванні розных відаў біямасы, напрыклад, адходаў дрэваапрацоўкі ці раслінаводства (збожжавых адходаў, шчэпак і іншых), ці біягазу, які здабываецца з адходаў жывёлагадоўлі і раслінаводства, камунальных адходаў, адходаў ачышчальных збудаванняў.

— На жаль, пры існуючым значным рэсурсным патэнцыяле апошні кірунак у нас слаба рэалізаваны, — адзначыў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ. — Пры гэтым агульны патэнцыйны аб'ём замяшчэння імпартуемых энергарэсурсаў па аб'ектах сельгасарганізацый за кошт укаранення біягазавых комплексаў складае каля 700 тысяч тон умоўнага паліва пры ўстаноўленай электрычнай магутнасці ўстановак 300 МВт.

У чым мінусы «зялёнай» энергіі?

Па словах начальніка ўпраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змену клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталлі АЛЕЙНІКАВАЙ, выдаткі на будаўніцтва ўстановак па выкарыстанні АКЭ дагэтуль з'яўляюцца істотнымі і перавышаюць выдаткі на будаўніцтва энергакрыніц на вуглевадародным паліве. Калі ж разглядаць энергію ветру і сонца, то гэта яшчэ і нестабільная работа абсталявання, таму патрэбна думаць пра акумулюючыя сістэмы да гэтых крыніц.

Якія краіны — лідары ў галіне альтэрнатыўнай энергетыкі?

Гэта практычна ўсе краіны Еўропы. Паводле праграмы «Energy 2020» да 2020 года доля энергіі, атрыманай з аднаўляльных крыніц, у агульным аб'ёме вырабленай энергіі ў краінах Еўрасаюза павінна складаць: у Швецыі — 49 %; Фінляндыі — 38 %; Латвіі — 40 %; Францыі — 23 %; Германіі — 18 %; Балгарыі —16 %.

Сусветным лідарам у вобласці ветраэнергетыкі з'яўляецца Кітай з устаноўленай магутнасцю ветраэнергетычных установак 221 ГВт, на другім месцы — ЗША (96,4 ГВт), на трэцім — Германія (59,3 ГВт).

Як у Беларусі плануецца развіваць гэты кірунак?

Паводле Канцэпцыі энергетычнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, доля аб'ёму вытворчасці першаснай энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі да валавога спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў павінна складаць: у 2020 годзе — 6 %; у 2030 годзе — 8 %; у 2035 годзе — 9 %. Пры гэтым ужо ў 2018 годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 6,2 %.

Паводле слоў намесніка міністра энергетыкі Вольгі ПРУДНІКАВАЙ, пры павелічэнні выкарыстання АКЭ становіцца актуальным пытанне ўстойлівасці энергасістэмы. Некаторыя краіны для рэгулявання балансу выкарыстоўваюць традыцыйныя віды паліва, хтосьці распрацоўвае тэхналогіі для вырашэння пытання назапашвання электраэнергіі ці развівае міждзяржаўныя электрычныя злучэнні для манеўраў з энергаспажываннем.

— Калі бачым такія тэндэнцыі, мы павінны ацэньваць становішча Беларусі ў сусветнай энергетыцы і прымаць адпаведныя рашэнні, — адзначыла намміністра.

З 1 лістапада, згодна з Указам Прэзідэнта № 357 «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі», купля электраэнергіі ў Беларусі ад новых установак, створаных у межах квот, будзе ажыццяўляцца па стымуляцыйных каэфіцыентах, дастатковых для акупнасці інвестыцый. Акрамя таго можна будзе ствараць без квот устаноўкі на АКЭ для энергетычнага забеспячэння сваёй гаспадарчай дзейнасці. Юрыдычныя асобы і ІП атрымаюць магчымасць перадаваць электраэнергію ад АКЭ па сетках дзяржаўных энергазабеспячальных арганізацый.

Вераніка КОЛАСАВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Аднаўляльныя крыніцы энергіі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.