Многія пладова-ягадныя расліны трапілі ў Беларусь у розныя гады, а часта і з рознымі мэтамі. Але вынік практычна заўсёды адзін: «уцёкі» з культуры, выхад віду з-пад кантролю і яго ўкараненне ў натуральнае асяроддзе, што цягне за сабой страту нашага дзікарослага генафонду, іншых відаў.
Як аронія апынулася за плотам
Прадстаўнікі ароніі Мічурына, ці чарнаплоднай рабіны (Aronіa mіtschurіnіі) у дзікім выглядзе вядомыя ў Паўночнай Амерыцы. Але нашы экзэмпляры не зусім ім адпавядаюць і таму былі апісаны як самастойны гібрыдагенны від.
Аж да канца 1990-х гадоў аронія прапагандавалася як рэдкая культура, якую варта больш выкарыстоўваць у якасці ягаднай і лекавай расліны. Яе высаджвалі на прысядзібных участках, працаўнікі лясной гаспадаркі закладвалі плантацыі для прыцягнення птушак.
Сёння многія экзэмпляры чарнаплоднай рабіны з'яўляюцца спантанна, прычым часам у значнай колькасці і на досыць вялікай адлегласці ад матачных кустоў. Гэта прымушае ацэньваць яе як патэнцыйна інвазійны від. Распаўсюджваецца аронія і з дапамогай птушак — яны з'ядаюць ягады і разносяць насенне па наваколлі.
Абляпіла ўчасткі абляпіха
Пра набыццё саджанцаў абляпіхі крушынападобнай (Hіppophae rhamnoіdes) у 1970—1990-х гадах марылі многія, бо гэта каштоўная лекавая, харчовая і дэкаратыўная расліна. Лёгкасць агратэхнікі, непераборлівасць да глеб таксама сталі дадатковымі фактарамі шырокага яе вырошчвання.
Абляпіха ўяўляе сабою двухдомны хмызняк ці невысокае дрэўца вышынёй 2-3, часам 6—8 метраў. Гэта святлолюбівая і марозаўстойлівая расліна, з цяжкасцю пераносіць залішняе ўвільгатненне.
Хмызняк утварае магутныя і доўгія падземныя парасткі, што спрыяе фарміраванню густых непралазных зараснікаў.
Мясцовая замест заноснай
У апошнія гады спіс інвазійных відаў Беларусі папоўніў яшчэ адзін паўночнаамерыканскі від — чаромха позняя (Padus serotіna). Першапачаткова гэта дрэва высаджвалася як кветачна-дэкаратыўнае ў гарадах і мястэчках. У апошнія гады ўсё часцей адзначаюцца зараснікі насеннага паходжання ў лясах і на ўзлесках у паўднёва-заходніх і заходніх рэгіёнах краіны.
Як адзначаюць у Мінпрыроды, укараненне (інвазія) агрэсіўных чужародных відаў з'яўляецца ў наш час значнай часткай глабальных прыродных змен і часта вядзе да істотных страт біялагічнай разнастайнасці і эканамічнай значнасці экасістэм, схільных да біялагічных інвазій. Часам гэта ўкараненне можа наносіць значную эканамічную шкоду і нават уяўляць небяспеку для здароўя людзей.
Прычынай іх з'яўлення сталі птушкі, якія прыносяць плады з тэрыторыі суседняй Польшчы, дзе гэты від пачаў культывавацца яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. Ад нашай чаромхі звычайнай позняя адрозніваецца багатым цвіценнем і плоданашэннем, а таксама шэрагам марфалагічных асаблівасцяў кветкі і ліставой пласцінкі.
Лепш не вырошчваць чаромху познюю на прысядзібных участках, на вуліцах і ў парках.
Бузіна асвойвае лес
Да групы дрэў і хмызнякоў з ядомымі пладамі з інвазійнымі ўласцівасцямі варта аднесці і еўразійскую бузіну чорную (Sambucus nіgra), распаўсюджаную ў заходніх рэгіёнах краіны, і яе блізкага сваяка — бузіну чырвоную (Sambucus racemosa), што расце па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Бузіна чорная даволі шырока культывавалася на прысядзібных участках як лекавая расліна. Адтуль з дапамогай птушак пранікла ў прыдарожныя хмызнякі, пачаўшы выцясняць мясцовыя расліны. А бузіну чырвоную спрабавалі ўводзіць у падполагавыя культуры ў якасці корму для птушак. Цяпер абодва віды пачынаюць актыўна асвойваць беларускія лясы і хмызнякі, выцясняючы іншыя расліны.
* * *
Самая дзейсная мера супраць агрэсараў — гэта культура садоўніцтва і агародніцтва:
— вырошчвайце інтрадукаваныя расліны ў СЯБЕ на ўчастку, ні ў якім разе не падсаджвайце гэтыя хмызнякі і дрэвы ў лес і на луг;
— АБАВЯЗКОВА збірайце ўраджай. Для падкорму шматлікіх відаў птушак рэкамендуецца падсаджваць нашы дзікарослыя дрэвы і хмызнякі;
— праводзьце ЎТЫЛІЗАЦЫЮ раслінных рэшткаў (плады ароніі, напрыклад, можна ўтылізаваць пад слоем глебы не менш за 15—20 см). Пакуль жа ў лепшым выпадку такія адходы трапляюць у кантэйнеры для ЦКА, а адтуль — на звалкі. А ў горшым (у 70—90 % выпадкаў) яны выкідаюцца ці за плот, ці ў найбліжэйшы лес, на абочыны лясной ці палявой дарогі, адкуль інвазійныя віды пачынаюць сваё пераможнае шэсце.
Аркадзь СКУРАТОВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі.
Фота з архіва лабараторыі.
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.