Вы тут

Клімат мяняецца — час змяніцца нам. Ці гатовы мы да гэтага?


Жудасныя цунамі, паводкі, засухі забіраюць жыцці мільёнаў людзей і жывёл. Не засталося месца на планеце, якое не пацярпела б ад кліматычных змен. У спробе прадухіліць катастрофу краіны аб'ядноўваюць намаганні. Да барацьбы далучаецца і моладзь, бо менавіта будучаму пакаленню жыць з тым, што нарабілі «дарослыя».


Тэмпература вырасла на 1,3 градуса

Клімат на планеце мяняўся заўсёды з-за натуральных прычын. Былі перыяды значна цяплейшыя, чым цяпер, і значна халаднейшыя. Аднак навукоўцы заўважылі, што з развіццём прамысловасці і сельскай гаспадаркі клімат пачаў мяняцца вельмі хуткімі тэмпамі — да натуральных фактараў дадаліся яшчэ і антрапагенныя. Так, за апошнія стагоддзі тэмпература вырасла на 1,3 градуса, а гэта ў два разы больш, чым за кошт змянення арбітальных параметраў Зямлі.

Больш за ўсё парніковых газаў (вуглякіслага, метану) утвараецца пры спальванні выкапнёвага паліва, у жывёлагадоўлі, пры выкарыстанні транспарту, асушэнні балот і г. д.

— Да пачатку перыяду прамысловай рэвалюцыі канцэнтрацыя вуглякіслага газу вагалася ў межах 270—280 часціц на мільён. Цяпер мы перавышаем 400 часціц на мільён, і па прагнозах яна дасягне паказчыка 450—550 да канца стагоддзя, а гэта вельмі шмат, — адзначыў эксперт ААН/ЕС у галіне змены клімату Аляксандр ГРАБЯНЬКОЎ.

У нядаўна апублікаванай новай справаздачы Міжнароднай групы экспертаў па змяненні клімату пры ААН гаворыцца, што перамены адбываюцца значна хутчэй, чым меркавалася раней. Напрыклад, толькі ў Антарктычным рэгіёне за апошнія 10 гадоў хуткасць раставання ледзянога шчыта вырасла ў тры разы. Гэта азначае, што сітуацыя з павышэннем узроўню Сусветнага акіяна і пагрозай для прыбярэжных зон, дзе цяпер пражывае каля 700 мільёнаў чалавек, вельмі сур'ёзная. Прыстасавацца да такога вельмі складана, таму аб'ём эканамічнай шкоды пастаянна павялічваецца.

Актуальна гэта і для нас. Хоць некаторыя беларусы да гэтага часу думаюць, што пацяпленне для нашай краіны — гэта добра. Бо нам не пагражаюць паводкі і цунамі, затое мы можам вырошчваць экзатычную садавіну. Але ўсё не так проста. Больш за 40 % галін эканомікі Беларусі метэазалежныя. Паводле даных Сусветнага банка, з-за наступстваў змены клімату ўжо сёння мы губляем да 1 % ВУП, і гэтая лічба будзе расці.

— У нашай краіне ўжо з'явілася чацвёртая агракліматычная зона, у шэрагу раёнаў назіраецца скарачэнне аб'ёму даступных водных рэсурсаў. Мяняецца склад лясоў, напрыклад, усыхаюць елкі. Пашыраецца арэал пасялення насякомых-шкоднікаў: так, на поўдні краіны ўжо з'явіўся амерыканскі белы матылёк — вельмі небяспечны вораг пладовых дрэў. Усе мы пастаянна сутыкаемся з праблемай узрослай колькасці кляшчоў — гэта вынік больш мяккіх зім, — падкрэсліла каардынатар таварыства «Зялёная сетка» Настасся БЕКІШ.

Ці можна спыніць гэты працэс?

На жаль, клімат — не машына, якую можна выключыць у адно імгненне, націснуўшы на рычаг. Але агульнымі намаганнямі затрымаць яго змяненне можна. У 2015 годзе было прынята Парыжскае пагадненне, якое падпісалі 196 краін, у тым ліку і Беларусь. Галоўная мэта дакумента — не дапусціць росту тэмпературы больш чым на 2 °С (па магчымасці — 1,5 °С) да канца стагоддзя. Для гэтага неабходна знізіць выкіды парніковых газаў на 45 % да 2030 года і дасягнуць вугляроднай нейтральнасці да 2050 года. Наша краіна ўзяла на сябе абавязацельствы скараціць выкіды не менш чым на 28 % ад узроўню 1990 года.

Урадам зацверджаны План мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення. Асноўныя яго пункты — распрацоўка і зацвярджэнне Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя некалькіх дакументаў: Нацыянальнага плана дзеянняў па павелічэнню абсорбцыі паглынальнікамі парніковых газаў на перыяд да 2030 года (2019); Нацыянальнага плана дзеянняў у галіне адаптацыі да змены клімату (2022) і г. д. Усе гэтыя стратэгічныя дакументы ўжо знаходзяцца ў распрацоўцы. І плануецца, што да 2022 года яны будуць ужо з канкрэтнымі мерапрыемствамі. Сёлета ў снежні ў Чылі адбудзецца канферэнцыя бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (СОР25), прысвечаная Кіёцкаму пратаколу і Парыжскаму пагадненню, дзе будуць прыняты рашэнні па далейшым развіцці кліматычнай тэматыкі ў свеце.

«Нам жыць з наступствамі»

Змяненне клімату ўжо хвалюе не толькі дзяржаву і навукоўцаў. Сотні тысяч маладых людзей па ўсім свеце выходзяць на дэманстрацыі, каб прыцягнуць увагу «дарослых» да сур'ёзных праблем, якія нас чакаюць, калі мы нічога не будзем рабіць. Ініцыятарам такіх кліматычных страйкаў стала амаль усім сёння вядомая шведская школьніца Грэта Тунберг. Дзяўчыну называюць папулярызатарам навукі. Менавіта яе дзеянні паўплывалі на тое, што ўпершыню быў арганізаваны Маладзёжны саміт ААН па клімаце. Ад Беларусі ў ім брала ўдзел Ірына Панядзельнік, якая выйграла «зялёны квіток». Ірына каардынуе ініцыятыву «Моладзь за ўстойлівае развіццё», арганізуе фестываль «ВузЭкаФэст» і спрабуе рэалізаваць канцэпцыю «зялёнага» ўніверсітэта ў кожнай ВНУ Беларусі. Таксама дзяўчына праводзіць тэматычныя ўрокі для школьнікаў, дзе расказвае пра клімат і іншыя экалагічныя праблемы. На саміце ў актыўнай моладзі была магчымасць падзяліцца адзін з адным сваімі ідэямі і інструментамі, абмеркаваць іх і пераняць цікавы вопыт.

— Я лічу, што сёння вельмі важна ўлічваць меркаванні маладых людзей аб змяненні клімату, бо нам жыць з яго наступствамі. Таму трэба размаўляць з дзяржаўнымі органамі. Яны таксама людзі. Важна не замыкацца ў сабе і сваёй ініцыятыве, а больш пашыраць кола людзей, якія з табой узаемазвязаныя і працуюць па гэтай тэме, — адзначыла Ірына.

Кацярына ЦІТОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».