Вы тут

Тры прыклады, чаму варта, як той казаў, «пачаць з сябе», каб нешта змяніць


Усё яшчэ думаеце, што дзеянне аднаго чалавека нічога не значыць? Пачытайце гісторыі гэтых цудоўных дзяўчат і хлопцаў, якія сваім прыкладам даказваюць: каб змяніць свет, пачынаць трэба з сябе. І ўзрост тут не мае ніякага значэння.


Грэта Тунберг, Швецыя

Гэтай дзяўчыне ўсяго 16 гадоў, а яна ўжо была намінавана на Нобелеўскую прэмію міру за актыўную экалагічную дзейнасць. У восем гадоў Грэта даведалася, як моцна чалавек уплывае на змену клімату, і здзівілася, чаму пра такую сур'ёзную праблему вельмі мала гавораць. Каб нейкім чынам змяніць сітуацыю, у студзені 2018 года замест школьных заняткаў кожную пятніцу яна вырашыла прыходзіць да будынка Парламента з патрабаваннем да палітыкаў звярнуць увагу на кліматычныя праблемы і пачаць выконваць умовы Парыжскага пагаднення. Крыху пазней па ініцыятыве Грэты ў інтэрнэце быў створаны рух «Пятніца дзеля будучыні», мэта якога — заклікаць дзяцей па ўсім свеце рабіць тое ж самае. І падобныя мірныя забастоўкі ўжо прайшлі ў 123 краінах на ўсіх кантынентах.

Вядома, ёсць тыя, хто крытыкуе дзейнасць дзяўчыны. Аднак адзін факт аспрэчыць складана — гэтая шаснаццацігадовая дзяўчына змагла прыцягнуць увагу мільёнаў людзей да важнай праблемы і не пабаялася запатрабаваць яе вырашэння.

Фелікс Фінкбайнер, Германія

Яшчэ ў дзевяць гадоў гэты хлопчык зразумеў, што выкіды вуглякіслага газу ад прадпрыемстваў вельмі шкодзяць здароўю чалавека і прыродзе. Тады ён прапанаваў сваім аднакласнікам пасадзіць мільён дрэў і стварыў праект «Расліны для планеты». Энтузіязм Фелікса захапіў не толькі яго знаёмых, акцыю падтрымалі таксама кіназоркі і топ-мадэлі. І праз тры гады ў Германіі з'явіліся тыя самыя дрэвы.

Да сваёй ініцыятывы хлопец прыцягнуў больш за 60 тысяч дзяцей з розных краін. Цяпер яму 22 гады, і ён заснаваў некамерцыйную арганізацыю Рlаnt-fоr-thе-Рlаnеt, якая займаецца высаджваннем дрэў і барацьбой са змяненнем клімату на нашай планеце.

Боян Слат, Нідэрланды

Падчас адпачынку ў Грэцыі Бояна непрыемна ўразіла пластыкавае смецце ў моры. Ён вырашыў заняцца гэтай праблемай і прыдумаў адмысловае прыстасаванне пад назвай Осеаn Сlеаnuр Аrrау («Атрад уборкі акіянаў»), якое павінна было плаваць у вадзе і збіраць смецце пры дапамозе «вёслаў», якія яго зграбаюць. На той момант хлопцу было 16 гадоў. У выніку яго вынаходніцтва атрымала галоўны прыз Тэхналагічнага ўніверсітэта Дэлфта, а хлопец стварыў Фонд ачысткі акіянаў (Thе Осеаn Сlеаnuр Fоundаtіоn). На барацьбу з пластыкавым смеццем ужо ўдалося сабраць больш за 30 млн долараў.

Маша ЗЯЛЁНАЯ

Загаловак у газеце: Як удасканаліць свет? Пачаць з сябе!

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.