14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Як зменшыць шкодны ўплыў адходаў на навакольнае асяроддзе?


Паводле статыстычных даных, летась у Беларусі ўтварылася каля 3,8 млн тон камунальных адходаў. І штогод гэты паказчык павялічваецца, а значыць, растуць і «смеццевыя горы» — палігоны. Што робіцца ў краіне для таго, каб спыніць гэты негатыўны для прыроды і чалавека працэс?


Ці ёсць альтэрнатыва палігонам?

Цяпер у краіне захоўваецца каля 80 % камунальных адходаў, якія ўтвараюцца. Пры гэтым эксплуатацыя аб'ектаў іх захавання, ці палігонаў, аказвае патэнцыйнае негатыўнае ўздзеянне на кампаненты прыроднага асяроддзя (забруджванне падземных водаў, выкіды парніковага газу метану і г. д.).

— У 2018 годзе на аб'ектах захавання цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) было размешчана каля 3,1 млн тон, з пачатку 2019 года — ужо каля двух мільёнаў тон, — расказаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ. — Аднак існуючыя палігоны не здольныя забяспечыць у поўным аб'ёме экалагічна бяспечнае захаванне ЦКА ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства.

Каб знізіць шкоднае ўздзеянне на наваколле, а таксама аптымізаваць сістэму абыходжання з адходамі, у краіне вядзецца работа па паэтапным скарачэнні колькасці міні-палігонаў. Паводле даных за 2018 год, у параўнанні з 2010 годам іх колькасць зменшылася ў 3,7 раза.

Мінпрыроды і яго тэрытарыяльныя органы кантралююць выкананне суб'ектамі гаспадарання патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі. Так, у першым паўгоддзі 2019 года праведзена 4090 абследаванняў аб'ектаў захавання ЦКА, было выяўлена звыш 2400 фактаў парушэнняў правілаў іх эксплуатацыі, а таксама 1252 факты захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), што больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года.

Пры гэтым намеснік міністра ўпэўнены: з экалагічнага пункту гледжання стварэнне сучасных прадпрыемстваў па выкарыстанні адходаў, у тым ліку энергетычных, з улікам найлепшых даступных тэхнічных метадаў, якія адпавядаюць патрабаванням экалагічнага заканадаўства, з'яўляецца найбольш прымальным спосабам абыходжання з адходамі ў параўнанні з іх захаваннем.

Утварэнне адходаў — пад забаронай?

Адным з прыярытэтаў у сферы абыходжання з адходамі ў Еўрапейскім саюзе выбрана прадухіленне (мінімізацыя) утварэння адходаў. Мінпрыроды падкрэслівае неабходнасць актывізацыі работы ў гэтым кірунку і ў нашай краіне.

Сёння спецыялісты працуюць над укараненнем дэпазітнай (залогавай) сістэмы абыходжання са спажывецкай упакоўкай, паэтапным зніжэннем выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі і замяшчэннем яе экалагічна бяспечнай. Ідуць перамовы наконт магчымасці ўвядзення поўнай забароны на выкарыстанне ўпакоўкі, якая не перапрацоўваецца, у рамках ЕАЭС. Разглядаецца пытанне ўвядзення абмежавання ці забароны выкарыстання аднаразовага пластыкавага посуду ў аб'ектах грамадскага харчавання.

Па словах Аляксандра Корбута, неабходна прыняць і дадатковыя меры, якія дапамогуць зменшыць колькасць адходаў і іх уздзеянне на наваколле. Напрыклад, аптымізаваць патрабаванні да ўпакоўкі, абавязаць вытворцаў асобных відаў непрадуктовых тавараў падчас іх вытворчасці выкарыстоўваць толькі другасную сыравіну.

— Неабходна ўстанаўліваць прэферэнцыі на закупку прадукцыі, вырабленай з выкарыстаннем другаснай сыравіны («зялёныя закупкі»), уводзіць экалагічную маркіроўку, — адзначыў намеснік міністра.

Рэалізацыя гэтых мер можа ажыццяўляцца пры дапамозе Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця краіны на перыяд да 2035 года; Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021—2025 гады, дзяржаўных і галіновых праграм, рэгіянальных планаў развіцця, пяцігадовага Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі да 2025 года і іншых дакументаў.

Вельмі важна таксама, на думку Аляксандра Корбута, актывізаваць інфармацыйную работу з насельніцтвам з мэтай стымулявання набыцця больш экалагічна бяспечнай прадукцыі, тавараў шматразовага выкарыстання (торбаў з тканіны для паходаў у краму, акумулятараў замест батарэек і г. д.).

1 супраць 99

Вельмі паказальны вопыт у вобласці абыходжання з адходамі ў Швецыі — асноўнай стратэгіяй у гэтым кірунку з'яўляецца прадухіленне і мінімізацыя выкарыстання адходаў, максімальнае ўцягванне матэрыялаў, што ўтрымліваюцца ў адходах, у другасны абарот. Сёння ў гэтай краіне перапрацоўваецца і выкарыстоўваецца больш за 99 % адходаў, і толькі менш за 1 % ідзе на захаванне.

У Швецыі асноўны акцэнт зроблены на арганізацыю асобнага збору адходаў насельніцтвам.

У гэтай сферы Швецыя рэалізавала шэраг мер: стварэнне сістэмы абыходжання з камунальнымі адходамі; увядзенне прынцыпу пашыранай адказнасці вытворцы; увядзенне падатку на захаванне адходаў; забарона захавання гаручых і арганічных адходаў; устанаўленне Нацыянальных мэт па перапрацоўцы (выкарыстанні) харчовых адходаў.

Так, каля 50 % адходаў прымяняецца для атрымання цеплавой і электрычнай энергіі, каля 15 % займае арганічны складнік адходаў, з якога атрымліваюць кампост і біягаз, каля 35 % адходаў выкарыстоўваецца ў якасці ДМР.

У Швецыі няма дадатковых станцый па сартаванні адходаў, выманне ДМР з камунальных адходаў праводзіцца насельніцтвам. Там актыўна стымулюецца развіццё сектара паслуг па рамонце бытавой тэхнікі, адзення і іншых, каб працягнуць тэрмін іх службы. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць пытанням уцягвання грамадзян і вытворцаў тавараў у рашэнне экалагічных праблем.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Захоўваць ці прадухіляць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.