Падзеяй мінулага тыдня стала адкрыццё помніка класіку рускай літаратуры Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну ў Брэсце. Праект рэалізаваны па даручэнні кіраўнікоў дзвюх дзяржаў — Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна.
Урачыстасці, экскурсіі з гэтай нагоды прайшлі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна, у мемарыяльным музейным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» і літаральна ва ўсім горадзе. Гэта было відаць і па колькасці гасцей з Расіі, і па вялікай грамадзе журналістаў, якія сабраліся ў горадзе над Бугам, каб надаць падзеі шырокае інфармацыйнае гучанне.
Помнік Аляксадру Пушкіну — падарунак гораду, Брэсцкаму ўніверсітэту ад імя Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства, якое ўзначальвае міністр культуры Расійскай Федэрацыі, пісьменнік, грамадскі дзеяч Уладзімір Мядзінскі. Чаму менавіта ў Брэсце ўсталяваны помнік, у якім аўтар здолеў увасобіць і гістарычнае аблічча паэта, і падысці да вырашэння тэмы па-сучаснаму?
Магчыма, прычынай стала тое, што побач з пляцоўкай — універсітэт, які носіць імя паэта. Магчыма, паўплывала і тое, што ў Брэсце і ў сённяшнім гістарычным адрэзку суверэннай гісторыі Беларусі вельмі моцныя традыцыі ўшанавання рускай культуры. Не будзем займацца высвятленнем загадак — не гэта галоўнае. Помнік ужо ўсталяваны, ён зойме сваё месца ў гісторыка-мастацкай тапанімістыцы Брэста і з часам будзе сведчыць пра добрае знаёмства розных пакаленняў грамадзян Беларусі, Расіі і іншых краін свету з класікам, з рускай паэзіяй, сведчыць пра добрае, пашанотнае стаўленне да рускай культуры, рускай літаратуры.
На адкрыцці помніка пра еднасць беларускай і рускай культур у суладдзі з імем Аляксандра Пушкіна шмат гаварылі ўсе выступоўцы. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мезенцаў называў імёны беларускіх паэтаў, якія так ці інакш звязаны з геніем рускай паэзіі, згадваў пра перакладчыцкія клопаты ў дачыненні да Аляксандра Сяргеевіча народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Называў Янку Купалу, нават беларускіх пісьменнікаў XIX стагоддзя.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс таксама звярнуў увагу на тэму повязяў літаратур і культур, згадаў, што і праз стагоддзі доўжыцца блізкасць такіх класікаў, як Адам Міцкевіч, Аляксандр Пушкін, якія былі добра знаёмыя. Дарэчы, ужо на сустрэчы дыпламатаў, гасцей урачыстага адкрыцця помніка ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце Анатоль Васільевіч падкрэсліў прыгажосць беларускай мовы, яе яркае зіхаценне, мілагучнасць сярод моў-зорак славянскіх народаў. Сказаў і пра тое, што такога меркавання прытрымліваўся і класік польскай паэзіі Адам Міцкевіч, які таксама нарадзіўся на беларускай зямлі. Дарэчы, помнік А. С. Пушкіну размешчаны ў скверы, які будзе насіць імя паэта. Побач ідзе вуліца Адама Міцкевіча. Сышліся, атрымліваецца, два таленты, якім у свеце зусім не цесна. Сышліся дзве вялікія нацыянальныя культуры на старажытнай берасцейскай зямлі. Культуры, якія належаць усяму свету. І Беларусі і беларусам таксама.
На адкрыцці помніка выступілі і намеснік міністра культуры Расійскай Федэрацыі Мікалай Аўсіенка, які перадаў вітальнае слова ад Уладзіміра Мядзінскага. Сваімі развагамі пра тое, як нараджаўся помнік, падзяліўся і расійскі скульптар Віталь Шанаў — аўтар работы. На адкрыцці выступілі і расійскі скульптар Дар’я Успенская, якая парадавалася, што сустрэцца з новым вобразам рускага класіка прыйшло шмат моладзі. Яна гаварыла пра вечнасць пушкінскай паэзіі, пра тое, наколькі актуальнымі падаюцца яго творы і цяпер. І Дар’я Успенская, і рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, доктар педадагічных навук, прафесар Ганна Сендэр гаварылі пра тое, што помнік проста абавязаны стаць месцам сустрэчы маладых людзей, месцам правядзення паэтычных і мастацкіх фестываляў. Сярод гасцей урачыстасцяў, якія выступілі з вітальнымі словамі да грамадскасці, былі рускі празаік, тэлежурналіст Сяргей Шаргуноў, акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя.
...Брэст пабагацеў яшчэ на адно памятнае месца. Відавочна, што тым самым працягнулася і святкаванне 1000-годдзя старажытнага горада. Ды і сам помнік з’яўляецца падарункам Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства гораду над Бугам з нагоды гэтай даты. І зроблены падарунак у 2019 годзе, калі ідзе святкаванне 220-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Адным словам, падзей судакранальных звышдастаткова. Засталося ўзнавіць повязь вялікага паэта, класіка з беларускай культурай, беларускай літаратурай. Аляксандр Сяргеевіч праязджаў праз Беларусь. У Беларусі ў розныя часіны жылі яго нашчадкі, блізкія родзічы. У Навагрудку, на Гродзеншчыне, пахаваны ўнук паэта. У дзясятках беларускіх паселішчаў ёсць вуліцы, якія носяць імя А. С. Пушкіна. Яго імем названа Мінская абласная бібліятэка, заснаваная яшчэ ў дарэвалюцыйны час. Ужо болей чым стагоддзе творы А. С. Пушкіна перакладаюцца на беларускую мову. Сярод перакладчыкаў — Якуб Колас, Максім Багдановіч, Янка Купала, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Алесь Вечар, Рыгор Барадулін, Максім Танк, Юрка Гаўрук, Мікола Хведаровіч…
Усяго ў Беларусі на беларускай і рускай мовах выйшла больш чым 100 кніг А. С. Пушкіна. Нашы тэатры неаднойчы ставілі п’есы па творах рускага класіка. Творчасць паэта, яго жыццё — прастора ўвагі і беларускіх мастакоў, кніжных графікаў. А колькі кніг, артыкулаў пра А. С. Пушкіна напісалі беларускія літаратуразнаўцы! Доктар філалагічных навук Міхась Тычына адну са сваіх кніг так і назваў — «Аляксандр Пушкін і Якуб Колас».
І ў Брэсце літаратары, мастакі, вучоныя ў суладдзі з пушкінскай тэмай. Варта хаця б успомніць працу доктара філалагічных навук берасцейскага прафесара Ціхана Ліякумовіча «Нашчадкі А. С. Пушкіна ў Беларусі» (цяпер вучоны і пісьменнік жыве ў ЗША).
Няма сумненняў, што следам за ўсталяваннем помніка класіку рускай літаратуры ў горадзе над Бугам варта арганізаваць турыстычна-краязнаўчы маршрут «Адрасы рускай літаратуры ў Брэсце». Гэта паспрыяла б і згадкам пра іншых знакамітых пісьменнікаў, якія так ці іначай звязаны з Брэстам: размова пра Аляксандра Грыбаедава, Хведара Рашэтнікава, Канстанціна Зноску, Сяргея Смірнова, Аляксандра Твардоўскага, Барыса Васільева, Андрэя Вазнясенскага, Льва Ашаніна, Якава Хелемскага...
Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ
Фота з сайта НТВ
Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.