У мінулым годзе ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга Дзмітрыя Вінаградава «Зуб маманта», якая расказвае пра лад жыцця першабытнага чалавека эпохі патрыярхату. Тут ёсць усё: і нязведаныя пушчы, і небяспечнае паляванне, і драпежныя жывёлы… І агонь, які роўны існаванню чалавека, бо толькі ў ім бачыцца сапраўдная гарантыя нармальнага жыцця хаця б непрацяглы час.
Гісторыя распавядае пра два плямёны — балаў і батаў, якія раней былі адным: некалі два браты пасварыліся, надоўга раздзяліўшы насамрэч адзін народ. Толькі сапраўднай варожасці паміж імі няма, і ўсё ідзе да таго, што яны зноў паяднаюцца — каб жыць і мацнець. Менавіта гэтае яднанне становіцца сімвалам надзеі на будучыню чалавецтва. У адзіночку цяжка працістаяць цэламу свету, такому жорсткаму і незразумеламу.
Толькі вераванні таго часу не дазволілі суіснаваць разам з астатнімі галоўнаму герою па імені Дак, бо па ім, пакуль ён быў у палоне другога племені, здзейснілі памінальны касцёр. Ён вымушаны пакінуць паселішча, але тым самым стварыць новы род, які праз час таксама чакае аб’яднанне з батамі і баламі. Ключавое адрозненне старога і новага родаў бачыцца ў адносінах да старэйшага пакалення. Калі для ранейшага грамадства састарэлыя людзі былі цяжарам, іх маглі пры перасяленні наўпрост пакінуць на галодную смерць, то для новага яны — некалі героі і цяпер могуць прынесці сваю карысць.
Усе асобы ў кнізе — стэрэатыпныя постаці. Дак — смелы, непакорны і вынаходлівы юнак, яго бацька, былы паляўнічы, — даволі дужы валявы стары, важакі плямёнаў — мудрыя і ўважлівыя правадыры, большасць паляўнічых — адважныя, але славалюбівыя і ўпартыя воіны, якія могуць здабыць становішча карміцеляў толькі праз спаборніцтва, бо ўсё патрэбна заваяваць. Да таго ж аўтар сам дае поўную характарыстыку ўсіх герояў і падзей, таму твор не патрабуе ад чытача значных намаганняў для разумення таго ці іншага персанажа ці вырашэння канфлікту. Увогуле, сам аўтар не ўдзяляе ўвагі супрацьстаянням, акрамя галоўнага — барацьбы чалавека і прыроды.
Кніга напісана для дзяцей сярэдняга і старшага школьнага ўзросту, але пісьменнік выбраў даволі нестандартны для школьнай літаратуры перыяд, які найбольш цікава і, магчыма, лёгка можна ўвасобіць у кантэксце жанру фэнтэзі. Што датычыцца рэалістычнай прозы, да якой звярнуўся Дзмітрый Вінаградаў, то чытач убачыць наўпрост вольную варыяцыю падзей, пра якія расказаць з дакладнасцю возьмецца не кожны гісторык. Таму кнігу лепш раіць дзецям малодшага школьнага ўзросту.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.