На жаль, не існуе магічнага спосабу хутка пазбавіцца ад гэтых захворванняў. У такой сітуацыі вельмі важна своечасова звярнуцца да ўрача і прытрымлівацца яго ўказанняў. Але можна паспрабаваць аблегчыць свой стан, дадаткова выкарыстаўшы народныя метады. Пра эфектыўныя (і не вельмі) спосабы барацьбы мы пагутарылі з урачом дзённага стацыянара 11-й гарадской паліклінікі Мінска Ірынай Войт.
— Я стараюся заўсёды прытрымлівацца дзвюх запаведзяў, якія вядомы здаўна. Першая — «Не нашкодзь», і другая — «Жыць трэба так, каб ежа была лекамі, а не лекі — ежай». Чым бліжэй да прыроды, тым больш здаровы чалавек. Таму калі можна пазбегнуць пры лячэнні хімічных прэпаратаў, то лепш не ленавацца, а выкарыстаць народны рэцэпт, — кажа Ірына Уладзіміраўна.
— Пры першых сімптомах прастуды некаторыя раяць прыняць алкаголь. Як вы ставіцеся да такога рэцэпта?
— Дзецям, канешне, ён адназначна не падыходзіць. Некаторыя дарослыя сцвярджаюць, што ім такі спосаб дапамагае. Яшчэ падчас майго навучання ў медінстытуце наш прафесар-мікрабіёлаг казаў, што прастуду лечыць адным метадам: дадаць у чарку гарэлкі чырвонага пякучага ці молатага перцу, выпіць і легчы на 15 хвілін у гарачую ванну. Гэта пры першым недамаганні. Праўда, так можна рабіць адносна здароваму чалавеку, а не пацыентам-сардэчнікам ці сталым людзям. Сімптомы прастуды праходзяць. Жанчынам гарэлку з перцам я не рэкамендую. Лепш зрабіць грог: узяць якаснае вінаграднае віно, дадаць гваздзік, мёд, імбір і падагрэць. Пасля пераахаладжэння такі напой дасць сагравальны эфект. Цяпер наконт алкаголю нават у медыцынскім асяроддзі існуюць розныя думкі. Некаторыя кажуць, што ў разумнай колькасці можна ўжыць, іншыя сцвярджаюць, што нельга, бо не існуе бяспечных доз. Як кардыёлаг па спецыялізацыі я да алкаголю стаўлюся спакойна. Лічу, што ад разумнай дозы — не больш за 50 грамаў гарэлкі — вялікай шкоды не будзе.
— У перыяд грыпу раяць не толькі ўжываць часнок, але і раскладваць яго ў нарэзаным выглядзе ў пакоі...
— Нюх — гэта тое наша пачуццё, дзе для раздражнення найбольшай колькасці рэцэптараў патрэбна найменшая колькасць раздражняльнікаў. Часночныя «пацеркі» ў былыя часы рабілі дзецям у перыяд эпідэміі, і такі сродак дапамагаў. Канешне, сёння ў садок так хадзіць не варта. Але часнок сапраўды вельмі карысны, яго фітанцыды знішчаюць хваробатворныя мікраарганізмы. Таму дадаваць яго ў ежу ў разумнай колькасці не пашкодзіць. Пры гэтым трэба памятаць, што зашмат часнаку і цыбулі ў сырым выглядзе шкодна для страўніка. Сёння існуе шмат рэцэптаў са смажаным часнаком, у такім выглядзе ён таксама дапамагае ад хвароб. Да таго ж часнок утрымлівае і шмат іншых карысных рэчываў, напрыклад, такі важны для нас мікраэлемент, як селен.
— Калі баліць горла, яго рэкамендуюць прапаласкаць разведзеным спіртам...
— Гэта няпростае выпрабаванне. Яго не кожнаму ўдасца нават патрымаць у роце, да таго ж ад такога паласкання можа развіцца атрафія міндалін. Лепш выкарыстоўваць настой календулы. Ён прадаецца ў аптэцы, разводзіцца з вадой. У час пад'ёму захваральнасці прыйшлі з вуліцы і прапаласкалі горла — гэта добры сродак прафілактыкі. Толькі кожны раз варта гатаваць свежы настой. Такі рэцэпт падыходзіць нават дзецям.
— Ці трэба дыхаць над парай варанай бульбы, каб прайшла прастуда?
— Больш карысныя будуць спецыяльныя травы для інгаляцый: эўкаліпт, рамонак, падбел. Калі трава валодае антысептычнымі і адхарквальнымі ўласцівасцямі, гэта толькі плюс.
— А якія травы рэкамендуецца выкарыстоўваць ад кашлю?
— Падбел, бярозавыя пупышкі, шалфей, карані дзівасілу, карані лакрычніку, чабор звычайны ці паўзучы, карані алтэя, плады аніса і багуну. Бабулям і матулям, калі яны не лянуюцца, можна парэкамендаваць варыць варэнне з сасновых пупышак, карыснае і варэнне з кветак дзьмухаўца. Гэта старыя забытыя сёння рэцэпты, але пры прастудзе надзвычай карысныя. Для паласкання горла падыходзіць рамонак аптэчны, кветкі ліпы і календула, пра якую я згадвала. Гарачкапаніжальным эфектам валодаюць плады маліны і кветкі ліпы.
— Значыць, ліпавы чай, малінавае варэнне, мёд таксама падыходзяць для аблягчэння стану?
— Так. Адзінае, што мёд не рэкамендуецца дадаваць у гарачы чай, яго лепш ужываць з цёплым. Карысныя плады абляпіхі і чорнай парэчкі, яны ўтрымліваюць шмат вітамінаў. Таму ў перыяд пад'ёму захваральнасці ўжывайце іх, не важна ў якім выглядзе, гэта карысна для павышэння імунітэту. З такой жа мэтай выкарыстоўваюць плады шыпшыны, эхінацэю, жэньшэнь, лімоннік. Для павышэння імунітэту падыдуць і самі травы, і іх спіртавыя настоі ў малых дозах — 10—15 кропель.
— Калі баліць горла, рэкамендуюць сок алоэ...
— Мікраарганізмаў у нашым горле вельмі шмат. Нават у абсалютна здаровых людзей там знаходзілі ганакокі, энтэракокі, стафілакокі, стрэптакокі, кішэчную палачку. Увогуле мікробаў у нашым арганізме ў 1,3 раза больш, чым уласных клетак, вірусаў яшчэ больш, а прасцейшых і грыбы ніхто не лічыў... Таму сок алоэ наўрад ці дапаможа справіцца з усімі мікраарганізмамі ў горле. Але яго можна закапваць пры насмарку. А вось сок цыбулі ці часнаку закапваць не рэкамендую, бо можна спаліць слізістую носа. Алоэ ўвогуле карысная рэч, у тым ліку і для скуры. Можна выкарыстоўваць і алоэ вера, і звыклы нам сталетнік.
— Пры насмарку раяць прамываць нос растворам марской солі...
— Тут важна правільна падабраць раствор. Калі выдзяленні з носа густыя, ёсць запаленне пазух, сінусіт, то раствор павінен быць ад 1,5 % і мацнейшы для разрэджвання выдзяленняў. Фізіялагічны раствор (0,9 %), падыходзіць для ўвільгатнення слізістай.
— Ці варта націраць цела гарэлкай альбо воцатам пры высокай тэмпературы?
— Раней гэтым часта карысталіся, звычайна маленькіх дзяцей абціралі гарэлкай. А вось воцат разам з валяр'янай і вадой у роўных суадносінах больш падыходзіць пры скурным свербе, калі няма яўных высыпанняў.
Алена КРАВЕЦ
Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.