Работы гэтай дзяўчыны-хэндмейдара выкарыстоўвалі ў сваіх праектах такія часопісы, як Vоguе Іtаlіа, Vоguе Роlskа і Еllе Bulgаrіа. Кожны тыдзень да беларускі звяртаюцца стылісты, дызайнеры, фатографы, мадэльеры з усяго свету ў надзеі атрымаць яе ўпрыгажэнні ці заказаць новую калекцыю для работы. Стваральніца брэнда BLІSKАVІСА Віка СІНЧЫЛІНА раскрыла чытачам «Звязды» сакрэты свайго натхнення і падзялілася страшнай гісторыяй з дзяцінства, якая паўплывала на ўсё яе жыццё.
Узнікненне страсці
...У Вікі быў добры настрой. Яна любіла лета, бо гэта была магчымасць паехаць з Мінска да бабулі, убачыць сваіх сябровак, па якіх сумавала цэлы год. Там, у Мастах, адзінаццацігадовыя дзяўчынкі хадзілі ў мясцовую бібліятэку, гулялі і, вядома, сакрэтнічалі. У той дзень Віка адправілася да сяброўкі ў госці. Яна спяшалася, бо на вуліцы было душна — адчувалася, што хутка пойдзе дождж. Дабраўшыся да той, яны разам узялі некалькі кніг і ўселіся на канапе ў гасцінай, каб пачытаць. Ад духаты вокны былі расчынены, і калі раптам пайшоў дождж, яны разам ускінулі галовы, паглядзелі ў бок акна і... анямелі. Там, у паветры, вісеў вельмі яркі блакітнаваты шар. Стала зразумела, што зачыніць акно яны не паспеюць. Дзяўчынкі хутка схаваліся за печ. Моцны трэск і грукат аглушылі іх. Абгарэла акно, падаконнік і кветкі, якія стаялі на ім, але самі дзяўчаты не пацярпелі.
— Не аднойчы я ўспамінала той момант, — расказвае Віка. — І кожны раз мяне ўражвала тая маланка: яркая, аглушальная і хвалюючая.
Падобнае пачуццё яна зведала, убачыўшы ў часопісах Еllе gіrl і Сооl gіrl неверагодныя ўпрыгажэнні для дзяўчат. Зноў і зноў перагортвала старонкі і амаль з адчаем разумела, што такіх рэчаў у яе ніколі не будзе. Грошай у сям'і на такую прыгажосць не было. Затое ў Вікі быў дзядуля — тэлемайстар, які аднойчы прынёс унучцы рознакаляровыя правадкі для забавы. Вось тут Віка імгненна зразумела: упрыгажэнням быць! Дзяўчынка пачала рабіць спачатку вельмі простыя бранзалеты. Але з кожным разам прыдумвала ўсё больш складаныя і цікавыя рэчы. Неўзабаве Віка заўважыла, што ў галаве пастаянна ўзнікаюць нейкія ідэі, але яна не можа іх рэалізаваць праз адсутнасць патрэбных матэрыялаў. І тады дзяўчынка стала маляваць свае задумкі ў нататніку — у надзеі, што калі-небудзь іх увасобіць. Мама дзяўчынкі, заўважыўшы такую цікаўнасць свайго дзіцяці, прапанавала паехаць у краму, дзе прадаецца спецыяльная фурнітура.
— Гэта было даволі сур'ёзнае захапленне, падобнае нават на нейкую страсць, — успамінае Віка. — Я збірала кішэнныя і падораныя грошы, каб патраціць іх у той краме. Потым гадзінамі рабіла розныя ўпрыгажэнні па сваіх эскізах — для мамы, бабулі, сваякоў, сяброў і, вядома ж, для сябе. Заўсёды ўспамінаю той час з цеплынёй.
Але праз пару гадоў Віка захапілася журналістыкай. Скончыўшы адпаведны факультэт, дзяўчына стала пісаць артыкулы, асноўнай тэмай якіх была мода. У хуткім часе яе заўважылі і запрасілі працаваць у англійскую кампанію. Задачай Вікторыі было прадстаўляць прадукцыю лонданскай кампаніі ў краінах СНД.
Натхняльнік — само жыццё
— Займалася піярам тры гады і раптам зразумела, што... магу піярыць і сябе, — расказвае Віка. — Спачатку пачала весці блог аб тэндэнцыях у модзе і аднойчы напісала, што ў моду вярнуліся чокеры — такія аксамітныя палоскі-ўпрыгажэнні на шыю. І адчула непераадольнае жаданне зрабіць свой чокер. І пачала тварыць. Ён быў незвычайны, з карункамі і пацеркамі. Здавалася, што вось-вось з'явіцца Марыя-Антуанета — у цікавай сукенцы і створаным мной пяшчотна-зялёным чокеры... Адчуванне было магічнае.
Так вярнулася дзіцячае захапленне. І, канешне, ідэя назваць брэнд BLІSKАVІСА — як даніна сустрэчы дзяўчынкі са стыхіяй. Хутка з'явіліся добрыя водгукі, якія матывавалі яшчэ актыўней працаваць у выбраным кірунку.
Віку пачалі запрашаць у розныя праекты. Адзін з першых і запамінальных — удзел у паказах калекцыі Марк Фармель на беларускім Тыдні моды.
— Мая задача была стварыць упрыгажэнні да калекцыі «Радзівіл», — успамінае хэйдмейдар. — Працавалі з дызайнерамі кампаніі, хацелася прыдумаць нешта асаблівае і сучаснае. І ў мяне атрымалася. Пасля паказу да мяне тут жа звярнуліся прадстаўнікі Vоguе Іtаlіа: ім вельмі спадабалася ўся калекцыя, але асабліва незвычайная жамчужная завушніца. А потым неяк само сабой атрымалася: запрашэнні, новыя калекцыі і даволі актыўны продаж маіх работ. Цяпер я ўвесь свой час прысвячаю свайму захапленню і адчуваю сябе шчаслівай.
Дзяўчына з любоўю перабірала завушніцы, кулоны, калье, расказала пра жэмчуг, метал, тэкстыль і крышталь, з якімі працуе. Некаторыя рэчы зробленыя ў адным экзэмпляры, напрыклад, завушніцы з вінтажных пацерак. Віка з захапленнем апавядала, як шукала ў розных краінах свету неабходныя для ўпрыгажэнняў матэрыялы. Як рабіла незвычайную экалагічную калекцыю з перапрацаванага пластыку.
— Мой натхняльнік — гэта жыццё вакол мяне, — дадае напрыканцы Віка. — Горад, па якім я шпацырую, вулічная музыка, кіно, фота, кнігі... І, вядома, людзі. Бывае, купляе жанчына маю работу, і я бачу ў ёй нешта незвычайнае, пранізлівае, што чапляе, і ў галаве ўзнікае вобраз. А ў нататніку з'яўляецца новы эскіз... Спадзяюся, што ў хуткім часе людзі, як і раней, будуць пакідаць сваім нашчадкам дарагія сэрцу і ўнікальныя рэчы. Жанчыны аднаго роду змогуць адчуваць сувязь паміж сабой, перадаваць такім чынам сваю любоў і цяпло.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.