Вы тут

Дэпартамент аховы МУС паказаў, як яго супрацоўнікі асвойваюць сакрэты прафесіі


Што можа быць прасцей, чым паставіць кватэру на сігналізацыю? Паднёс ключык да прылады доступу, пачакаў долі секунды — і загарэўся чырвоны святлодыёд. Цяпер любое несанкцыянаванае пранікненне ў жытло скончыцца візітам групы затрымання. Але далёка не кожны ведае, што менавіта стаіць за гэтым адладжаным механізмам, якому ні ў якім разе нельга даваць збояў.


Чысло 67 — не юбілейнае. Але знакавае — дзве трэці стагоддзя адсвяткаваў у аўторак Дэпартамент аховы МУС. Больш за 630 груп затрымання штодзень нясе службу па ўсёй краіне ў рэжыме гатоўнасці адрэагаваць на любы сігнал аб трывозе. Ім даверана бяспека больш чым 200 тысяч разнастайных аб'ектаў, у тым ліку жылых дамоў і кватэр.

На рахунку міліцыянераў Дэпартамента сёлета ўжо больш за 250 затрыманняў падазраваных у злачынствах дзякуючы службовым сабакам. Ды і не толькі гэта. Колькасць выездаў ад пачатку года наблізілася да паўмільёна. Вынікам сталі многія раскрытыя злачынствы, у тым ліку забойствы, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, разбоі, грабяжы, крадзяжы, хуліганствы...

А напярэдадні дня нараджэння прадстаўнікі СМІ былі запрошаны ў Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы МУС. Месціцца ён паблізу вёскі Гарані — прыблізна за два дзясяткі кіламетраў ад Мінска. У гэтым цэнтры дзеючыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў праходзяць першапачатковую падрыхтоўку, вучацца ў прафесіяналаў і павышаюць сваю кваліфікацыю. Першых слухачоў установа прыняла яшчэ ў ліпені 1993 года. І вось ужо больш за 26 гадоў там міліцыянеры асвойваюць азы сваёй справы.

— Вы знаходзіцеся ў навучальным класе, — кажа начальнік Цэнтра палкоўнік міліцыі Ігар Абярэмка. — Мы тут праводзім заняткі не толькі з супрацоўнікамі, якія прыбылі на вучэбна-трэніровачныя зборы, але і з курсантамі першаснай падрыхтоўкі. Выкладчыкі — выключна афіцэры з вялікім досведам. Напрыклад, тут паказваецца спецыфіка работы аператыўна-дзяжурнай службы. А насупраць стаіць пульт цэнтралізаванага назірання — за ім дзяжурыць грамадзянскі персанал, які і прымае сігналы аб яго спрацоўванні. Як бачыце, тут прадстаўлены макеты многіх аб'ектаў — гандлёвых цэнтраў, банкаў, жылых шматкватэрных дамоў, катэджаў... Ёсць нават план-схема ў выглядзе квартала гарадской забудовы, дзе на ўчастак мясцовасці нанесены розныя аб'екты інфраструктуры. Асобна ў нас ёсць макеты кватэр з рознай колькасцю жылых пакояў.

У навучальным працэсе актыўна выкарыстоўваецца сістэма відэаназірання. Напрыклад, правільнасць дзеянняў супрацоўнікаў групы затрымання можна паглядзець на маніторы.

Дакрануцца да гісторыі

Госці цэнтра на свае вочы ўбачылі ўмовы пражывання і... гістарычны фрагмент «Лініі Сталіна» ў выглядзе бетоннага дота, які застаўся з даваенных часоў.

— Ён уваходзіў у склад Мінскага ўмацаванага раёна, — прыўздымае завесу таямніцы намеснік начальніка Цэнтра — начальнік аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння падпалкоўнік міліцыі Яўген Епімашка. — А гэты дот мы аднавілі сіламі курсантаў і выкладчыкаў максімальна блізка да яго зыходнага становішча.

Што і казаць, у доце даволі цесна. Ва ўмовах, дзе з ростам у метр дзевяноста, скажам так, нізкавата, трэба было яшчэ і весці прыцэльны агонь праз амбразуры. Макеты кулямётаў таксама выкананы ў поўнай адпаведнасці з тымі, якія стаялі на ўзбраенні 78 гадоў таму. А яшчэ тут сёлета быў пабудаваны бліндаж па чарцяжах 1942 года.

— У курсантаў гараць вочы, калі яны такім чынам судакранаюцца з гісторыяй, — кажа Яўген Епімашка. — Яны робяць гэта не па школьных падручніках, а ўжывую.

Навыкі стральбы курсанты адточваюць на адмысловым стрэльбішчы з пісталета Макарава і аўтамата Калашнікава. Іх вучаць правільна трымаць зброю, фарміраваць хват, прыцэльвацца. Больш за тое, на стрэльбішчы нават адпрацоўваецца тэхніка вядзення агню па ўмоўных злачынцах, якія прыкрываюцца заложнікамі ў якасці «жывога шчыта».

«Мы можам пастаянна мяняць планіроўкі»

Наступны пункт — тэрыторыя кіналагічнага цэнтра. Яго адкрылі летась, аднак ён ужо паспеў прыняць спаборніцтвы сярод кінолагаў сілавых ведамстваў краіны. Спецыялісты прадэманстравалі навыкі агульнага і спецыяльнага курсаў дрэсіроўкі службовых сабак.

— На крытым палігоне курсанты і іх чатырохлапыя выхаванцы праходзяць праз адмысловы курс дрэсіроўкі, — кажа начальнік кіналагічнага цэнтра старшы лейтэнант міліцыі Дзмітрый Галенка. — Тут адпрацоўваюцца пераадоленне паласы перашкод і выбарка рэчы. Што гэта такое? Мы даём сабаку панюхаць рэч, якая належыць умоўнаму злачынцу. У адным з кантэйнераў ляжыць іншая рэч, якую мы шукаем. Сабака ходзіць каля кожнага кантэйнера, нюхае — і каля ёмістасці, дзе ляжыць «сюрпрыз», прымае пэўную позу.

На паласе перашкод самы складаны элемент — гэта лесвіца, па якой трэба ўзняцца на другі паверх і спусціцца з яго як мага хутчэй. Рабіць гэта на вузкіх металічных прыступках зусім не лёгка. А побач з паласой размешчаны вельмі цікавы корпус, дзе прадстаўлены розныя віды памяшканняў, у якіх даводзіцца працаваць кінолагам: жылы пакой, кухня, санвузел, офіс, крама...

— Усе памяшканні змадуляваны, — кажа намеснік начальніка вучэбнага аддзела падпалкоўнік міліцыі Таццяна Жукоўская. — Гэта значыць, што мы там можам пастаянна мяняць планіроўкі, каб сабака не запомніў, што вунь там у шафе дакладна ёсць злачынца, а кожны раз шукаў яго па новай. Акрамя таго, нашы выкладчыкі пастаянна распрацоўваюць камбінацыі пахаў, якія адцягваюць увагу сабакі ў працэсе работы. Гэта туалетная вада, дэзадаранты, пральны парашок, мыла, шампунь... На кухні, напрыклад, мы размяшчаем шмат прыпраў.

Штодзень кінолагі вучацца па восем гадзін. Палова гэтага часу прыпадае на тэарэтычныя заняткі ў аўдыторыі. Пасля абеду пачынаецца адпрацоўка матэрыялу з сабакамі.

Прайсці цераз бар'еры

Ад гэтага года ў навучальным цэнтры пачала актыўна выкарыстоўвацца псіхалагічная паласа перашкод. Размешчана яна ў старым ракетным ангары. Даўжыня складае 75 метраў. На ёй сабраны перашкоды, з пераадоленнем якіх сутыкаюцца міліцыянеры падчас нясення службы. Гэта розныя платы, вузкія праходы, масты, лесвічныя маршы... Каб максімальна ўскладніць праходжанне, пастаянна міргае святло. А з калонак льецца шум ад камп'ютарных спецэфектаў. Гэта зроблена для таго, каб група затрымання дзейнічала ў максімальна неспрыяльных умовах. Таму што невядома, з чым ёй давядзецца сутыкнуцца на мясцовасці...

А на палігоне стэндавай стральбы міліцыянеры практыкаваліся ў дакладным траплянні па спецыяльных мішэнях-талерачках. Іх асаблівасць у тым, што яны могуць вылятаць па розных траекторыях. Задача курсантаў — збіць іх да таго, як яны ўпадуць на зямлю. На гэтым жа палігоне па традыцыі праходзяць міжнародныя спаборніцтвы па кампакт-спортынгу сярод рэспубліканскіх дзяржаўных органаў, якія ўваходзяць у сістэму нацыянальнай бяспекі.

— Службу ў нашых падраздзяленнях нясуць людзі самых разнастайных прафесій, — адзначыў начальнік Дэпартамента аховы МУС генерал-маёр міліцыі Сяргей Хаменка. — Гэта міліцыянеры груп затрымання, дзяжурныя пульта кіравання, электраманцёры... Дэпартамент аховы цяпер — адно з самых шматлікіх падраздзяленняў. Каб заўжды прыходзіць на дапамогу, створана цэлая сістэма падрыхтоўкі. Тэхнічныя сродкі аховы адпавядаюць самым сучасным патрабаванням. Што да аператыўнасці, то тут ключавы момант — гэта транспартнае забеспячэнне. Мы зацікаўлены ў тым, каб набываць і выкарыстоўваць машыны беларускай вытворчасці.

Не забываюцца ў Цэнтры і на духоўны складнік. Яшчэ ў жніўні 2013 года адбылася ўрачыстая закладка капсулы з памятнай граматай у падмурак будучага храма ў гонар Святога вялікапакутніка Георгія Перамаганосца. А ўжо ў маі 2014-га капліца была асвечана мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Паўлам. Ад гэтага часу тут праводзяцца службы двойчы на тыдзень — па чацвяргах і суботах.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Група затрымання заўжды напагатове

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.