Вы тут

Туркменія, Керым Курбанняпесаў у сэрцы маім


Некаторыя старонкі з «Кубінскага дзённіка»


У 1988 годзе, у маі, я прыехаў на Кубу. Дакладней — прыплыў на круізным лайнеры «Фёдор Шаляпин». Да іншага месца службы. Мяне накіравалі з Чырванасцяжнай Туркестанскай ваеннай акругі, з Ашхабада, дзе я праслужыў у салдацкай шматтыражцы амаль тры гады, у рэдакцыю «Інформационного бюллетеня» адказным сакратаром. І прабыў я на Кубе, паблізу Гаваны, два гады і адзін месяц. І ўвесь той час я стараўся максімальна падтрымліваць сувязь з упадабанай мне Туркменіяй, туркменскімі пісьменнікамі — маімі туркменскімі сябрамі.

У канцы жніўня 1988 года я пачаў весці свой «Кубінскі дзённік». Вядома ж, многія старонкі яго — пра Туркменістан, туркменскую літаратуру. Пра народнага паэта Туркменістана Керыма Курбанняпесава. Шмат у гэтых запісах наіўных і, магчыма, на той момант вельмі і вельмі нязбытных думак, жаданняў, фантазій… Ці спраўдзяцца яны калі-небудзь?.. Не ведаю і цяпер. Але вось што я тады думаў, планаваў…

19 верасня 1988 года: «Я жадаю, мару напісаць аповед пра Махтумкулі і Пушкіна адразу з падзагалоўкам: «Сустрэчы, якіх не было». Нешта паміж выдумкай і фантасмагорыяй, але са сваёй ідэяй, з унутраным рухам, з думкамі, якія б праз Пушкіна і Махтумкулі давалі б характарыстыку двум народам, дзвюм нацыям, двум нацыянальным характарам…»

21 верасня таго ж года: «Увечары забраў пошту ў рэдакцыі. Сярод газет — ліст ад Калінковіча. З Тбілісі. Горкая вестка ў ім: памёр 1 верасня Керым Курбанняпесаў. Колькі ўсяго звязана са светлым імем паэта ў маіх успамінах… І, відаць, буду пра гэта пісаць. Не трэба толькі разменьвацца на дробязі. А дзесьці напісаць свой «незапісаны дзённік» (4–4,5 друкаваных аркуша)… І аддаць у часопіс «Совет эдебияты».

Калі да майго вяртання ў Туркменістан (1990 г.) ніхто не возьмецца за збор, складанне кнігі ўспамінаў пра Керыма, то я вазьмуся за гэтую працу. А да 100‑годдзя паэта (збіраць увесь час матэрыялы!) рыхтаваць кнігу «Керым Курбанняпесаў. Лёс паэта».

Балюча і крыўдна, што няма, так, ужо няма Керыма…»

Пошта (у тым ліку і газеты) прыходзілі на Кубу са спазненнем. Не важна, адкуль быў напісаны ліст, — спачатку ён трапляў у Маскву. Па адрасе «Масква‑400…» А затым ужо — верагодна, пасля некаторай праверкі — ішоў да адрасата. Таму і даведаўся пра смерць вялікага паэта і дарагога сябра толькі ў канцы верасня. Калісьці менавіта беларускі публіцыст, пісьменнік Мікалай Калінковіч (1950–1990) і пазнаёміў мяне з Керымам Курбанняпесавым. Было тое ўвосень 1985 года…

27 верасня: «Сёння з дапамогай Манько сустрэўся з палкоўнікам Салтанавым. Ён быў у нашай дывізіі камандзірам мотастралковага палка. Ваяваў у Афганістане. Цяпер вось тут саветнікам… Кубінцы вельмі цэняць яго. Узнагароджаны ён ужо медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту» першай ступені. Звычайна ўсіх узнагароджваюць медалём другой ступені. А ён усё ж атрымаў першую (у 1990 годзе кубінцы і мяне ўзнагародзяць гэтым знакам адрознення. Зразумела, другой ступені. — Аўт.).

Калі Салтанаў служыў камандзірам роты, то камандзірам палка ў яго быў генерал-лейтэнант Вяльджанаў (зразумела, генералам ён стаў пазней. — Аўт.). З таго часу і падтрымліваюць яны сувязь. Ведае Салтанаў і Тыркіша Джумагельдыева. Калі я загаварыў пра Керымава, сказаў, што ўжо ведае, што ён памёр. Паўздыхалі мы разам. Салтанаў толькі і сказаў: «Як жа так?! Ні з таго, ні з сяго… Так, боль аб Керыме не праходзіць і цяпер…»

2 кастрычніка: «Напісаў ліст Чынгізу Айтматаву. Цікаўлюся, ці трымае што ў памяці пра Керыма Курбанняпесава. З ранейшых размоў з Керымам памятаю, што паэт адгукнуўся тэлеграмай у адрас Чынгіза Айтматава, калі прачытаў яго «Плаху»… Не ведаю толькі, ці адкажа Чынгіз Айтматаў?..»

10 кастрычніка: «…Піша Вельсапараў і пра тое, што перадае мне прывітанне Галубовіч Лёня. Што ён сказаў пра публікацыю чагосьці майго ў дзявятым нумары «Полымя». Але чаго..? Ці не «Летніх запісаў» Керыма Курбанняпесава?.. Калі так, то гэта проста цудоўна, на здзіўленне цудоўна. І шкада, вельмі шкада, што ўжо не будзе ведаць, не зможа даведацца пра гэта Керым-ага…»

«Летнія запісы» — цудоўную публіцыстыку Керыма Курбанняпесава я пераклаў на беларускую мову для часопіса «Маладосць». Пераклад перадаў або пераслаў у рэдакцыю Мікалай Калінковіч. Потым, у адзін з афіцэрскіх адпачынкаў з Ашхабада (напэўна, у студзені 1988 года) я заходзіў у старую рэдакцыю часопіса, каб даведацца пра лёс перакладу. Пазнаёміўся тады і з Алесем Гаўронам. Але выразнага адказу так і не атрымаў. Пазней пераклад так і згубіўся ў рэдакцыйных архівах, пра што цяпер вельмі і вельмі шкадую. І ўсё яшчэ мару ўбачыць «Летнія запісы» Керыма Курбанняпесава надрукаванымі ў адным з беларускіх часопісаў. А беларускі паэт Леанід Галубовіч тады вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве разам з туркменскім празаікам Акмухамедам Вельсапаравым. І расказаў калегу пра іншую маю публікацыю.

23 кастрычніка: «…Чаму б не сабраць пад адной вокладкай нарысы пра пісьменнікаў — ветэранаў Туркестанскай ваеннай акругі. Гэта ж толькі каго я ведаю, хто з пісьменнікаў у Туркестане служыў — Аркадзь Марціновіч і Платон Варанько, Валянцін Рыбін і Керым Курбанняпесаў…»

12 лістапада: «Дапісаў успаміны пра Керыма Курбанняпесава. Збіраюся іх у першую чаргу прапанаваць часопісу “Совет эдебияты”»…

Невялікі нарыс, прысвечаны памяці Керыма Курбанняпесава, у гэтым часопісе, з якім сябрую і дагэтуль (праўда, назва ў часопіса зусім іншая — «Каракумы»), быў надрукаваны ў 1989 годзе. За гэта перш за ўсё вялікі дзякуй публіцысту Какалы Бердыеву, які ў той час працаваў у рэдакцыі «тоўстага» літаратурна-мастацкага часопіса.

23 лістапада: «Учора ўвечары Саша Аксёнаў прынёс перадрук маіх успамінаў пра Керыма Курбанняпесава. «Адна рыса» — такая назва. У іх — гутарка, памяць мая пра характары, паводзіны, творчасці Керыма, пра яго як пра чалавека-інтэрнацыяналіста. Пісаў я шчыра, без усялякіх перабольшванняў, пісаў праўдзіва. Зразумелая справа, у чымсьці я магу памыляцца. Керыма я, зразумела, рознабакова не ведаў. Гэта трэба прызнаць…»

3 студзеня 1989 года: «…Учора ўзяў у бібліятэцы падшыўку «Туркменской искры». Знайшоў шмат цікавага. Знайшоў і некралог, прысвечаны Керыму Курбанняпесаву. Зноў зрабілася балюча і крыўдна. Балюча і крыўдна…»

У нашу брыгадную бібліятэку прыходзілі рэспубліканскія газеты з усіх рэспублік Савецкага Саюза. І, вядома ж, я быў самым добрасумленным чытачом газеты «Туркменская искра» — органа ЦК Камуністычнай партыі Туркменістана.

15 студзеня: «У «Голас Радзімы» (беларуская газета для суайчыннікаў. — Аўт.) адправіў карэспандэнцыю пра сувязь Керыма Курбанняпесава з Беларуссю. Гэта толькі карэспандэнцыя. Да тэмы гэтай, лічу, вярнуся. І недзе гадоў праз дзесяць. Не менш. Але факты, матэрыялы трэба збіраць цяпер, трэба збіраць сёння.

Пра Керыма Курбанняпесава наогул трэба пісаць кнігу. І трэба спяшацца. Паколькі нешта з памяці патроху знікае, губляецца. Ды і трэба цяпер варушыць людзей — магчымых яго знаёмых. Адным словам, працаваць».

5 сакавіка: «Сёння сядзеў за лістамі. Напісаў дзевяць. Амаль усе — з роспытамі пра Керыма. Напісаў Гілевічу, Жуку, Емяльянаву… Напісаў у «Чырвонку», каб даслалі адрас Песлякова. Яны ж сябравалі з Керымам…»

З народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам Керым Курбанняпесаў сустракаўся ў ранняй маладосці. Дзесьці на семінары або фестывалі маладых у адной з прыбалтыйскіх рэспублік. Алесь Жук сустракаўся з Керымам Курбанняпесавым у Ашхабадзе. І паэт Алесь Емяльянаў — таксама. У кожнага з іх, зразумела, быў свой фрагмент памяці. Што тычыцца Песлякова, гэта — ваенны журналіст. У пасляваенныя гады служыў у Ашхабадзе, Алматы, часта сустракаўся з туркменскім паэтам, пасябраваў з Керымам. Пасля звальнення ў запас палкоўнік Дзмітрый Песляк жыў у Мінску. Дарэчы, і Мікалаю Калінковічу, які задоўга да мяне трапіў у Ашхабад, каардынаты Керыма Курбанняпесава даў менавіта Песлякоў.

…Вось і ўсе тыя запісы з майго «кубінскага сшытка», дзе згадваецца народны паэт Туркменістана Керым Курбанняпесаў. Выдатная творчая асоба шмат у чым вызначыла развіццё туркменскай нацыянальнай паэзіі на многія дзесяцігоддзі.

18 кастрычніка 2019 года Керыму Курбанняпесаву споўнілася б 90 гадоў. Ведаю, што гэтую дату не абыдуць увагай у Туркменістане. Веру, што пра вялікага туркменскага паэта, творчую асобу, якая належыць, несумненна, сусветнай культуры, яшчэ будуць напісаны многія кнігі.

Алесь Карлюкевіч

Керым Курбанняпесаў (1929–1988) — народны паэт Туркменістана. Дэпутат Вярхоўнага савета Туркменскай ССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Туркменістана імя Махтумкулі. Паэт, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык. Аўтар многіх кніг. Творы Керыма Курбанняпесава перакладзены на мовы розных народаў свету.

Керым Курбанняпесаў пераклаў на туркменскую мову вершы народных паэтаў Беларусі Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Пімена Панчанкі. Пераклад “Паэмы сораму і гневу” Пімена Панчанкі надрукаваны ў газеце “Эдэбіят ве сунгат” (“Літаратура і мастацтва”) у 1987 годзе, стаў падзеяй, выклікаў шырокі чытацкі розгалас. Керым-ага быў знаёмы, сябраваў з беларускімі пісьменнікамі Мікалаем Калінковічам, Алесем Емяльянавым, Алесем Жуком, Нілам Гілевічам, Піменам Панчанкам… Беларус, член Саюза пісьменнікаў СССР Міхась Карпенка, які доўгі час жыў у Туркменістане, прысвяціў туркменскаму шахіру верш. Вершы Керыма Курбанняпесава перакладаліся і друкаваліся і на беларускай мове. Адзін з перакладчыкаў — народны паэт Беларусі Максім Танк.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».