Вы тут

Трансфармацыя свядомасці


Як будзе развівацца беларуская ІТ-сфера ў бліжэйшы час і на перспектыву? Зацікаўленая размова пра гэта ішла на нарадзе ў Прэзідэнта.


Пенсіянерка з Лагойшчыны не хавае здзіўлення. Днямі пачула, што ў краіне ствараецца электронны ўрад. І калі мы наведаліся да яе ў госці, Раіса Цімафееўна, накрыўшы стол, паціху выпытвае: то як жа гэта будзе?.. Няўжо электроніка ва Урадзе й чыноўнікаў заменіць?

А між тым і сапраўды сярод пытанняў, што абмяркоўваліся ў Прэзідэнта, было й пра электронны ўрад. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што працы ў ІТ-тэматыцы яшчэ многа. “Якраз таму ў пяцігадовай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця інфарматызацыя выдзелена як адзін з прыярытэтаў, — падкрэсліў ён. — Пакуль у гэтым кірунку пахваліцца асабліва няма чым. Хоць на пятым Усебеларускім народным сходзе была пастаўлена задача: да 2020 года стварыць паўнацэнны электронны ўрад”.

Вядома ж, любыя змены ў жыцці немагчымыя без зменаў у нашай свядомасці. Ну неяк звыкліся ж продкі з тым, што “наступалі” цягнікі, аэрапланы, электрычнасць, радыё, тэлебачанне… Так і “лічбу” варта прыняць. Зразумець: без яе — ніяк. Па вялікім рахунку, гаварылі на той нарадзе пра лічбавую трансфармацыю грамадства. Пры тым патрэбна глыбокая трансфармацыя свядомасці людзей. Каб не хавалі галаву ў пясок пад наступам гаджэтаў, сэрвісаў, банкінгаў, біткойнаў — адаптаваліся да іх. Прывучваліся ва ўсім разбірацца: што называецца, плаваць у моры сучасных ІТ-тэхналогій. Прычым з карысцю, радасцю, задавальненнем.

Нарада стала працягам красавіцкай сустрэчы Прэзідэнта з прадстаўнікамі ІT-сферы ў Парку высокіх тэхналогій. Што маем па выніках? Будзе створана ў краіне першая ІТ-ВНУ. І можа з’явіцца магчымасць перавучваць спецыялістаў для ІТ-сферы за кошт крэдытаў Парка высокіх тэхналогій. Хочаш добра зарабляць? Вучыся, трансфармуй свядомасць. Дарэчы, і Міністэрства сувязі ды інфарматызацыі трансфармуецца: яму надаюць паўнамоцтвы па дзяржрэгуляванні лічбавай сферы, яно “будзе займацца развіццём лічбавізацыі”, удакладніў першы намеснік Прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын. Гэта як адказ на прапанову ІТ-супольнасці аб стварэнні ў краіне асобнага міністэрства лічбавай эканомікі.

Што да адукацыі, то і рэзідэнты ПТВ значна павялічаць яе падтрымку. Цікавыя, “стратэгічныя” прапановы на гэты конт ёсць у аднаго з рэзідэнтаў — кампаніі “Сакрамент ІТ”. Нядаўна мы гутарылі з яе дырэктарам. “Каб стабільна развівалася Беларусь на бліжэйшыя гадоў 30, варта супольна выпрацоўваць галоўныя прынцыпы, “магістралі” руху ў эканоміцы, сацыяльным жыцці, — лічыць Валеры Ягораў. — На мой погляд, найперш заслугоўваюць увагі адукацыя (пра што і гаварылі на нарадзе), культура (без яе няма народа…), навука, інавацыйныя тэхналогіі, экалогія. Пад “рэйкі” пяці “магістральных шляхоў прагрэсу” падкладзем моцныя “шпалы”: нацыянальныя праекты. Яны фінансуюцца дзяржавай па прыярытэтным прынцыпе. Фінансаванне, рэалізацыю праектаў могуць весці і прыватныя кампаніі, але ўзгоднена з дзяржавай. Для ўсіх арганізацый, асоб, якія “будуюць магістралі”, дзяржава стварае асаблівыя падатковыя ўмовы (аналагічныя ўмовам ПВТ). Хто колькі інвеставаў “у магістраль” — таму такая сума выключаецца з падатку на прыбытак. А каб паўдзельнічаць у праекце, кампанія падае заяўку, праходзіць яе экспертыза на спецыялізаваным экспертным савеце”.

Дарэчы. Зяць збіраецца ўжо сёлета падарыць Раісе Цімафееўне камп’ютар. Спадзяемся, яна сама пагугліць-пачытае, што такое электронны ўрад. Бо трансфармаваць жа свядомасць варта не толькі тым дзяржчыноўнікам — кожнаму з нас.

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.