На “Беларускім кірмашы” ў горадзе на Дзвіне-Даўгаве адшумеў вясёлы панадворак, зладжаны супляменнікамі з чатырох краін
З поўным аншлагам прайшоў наш ІX Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” — тое было 4 кастрычніка. Паўдзельнічалі ў свяце беларускія творчыя калектывы ды асобныя таленты з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Беларусі. Культурны форум прайшоў пад знакам 20‑годдзя Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК), а тэмай гала-канцэрта стаў вясёлы панадворак.
Па традыцыі наш кірмаш ладзім штогод увосень: калі з палёў і агародаў прыбраны ўраджай ды паўсюдна праводзяцца кірмашы. Задуманы фэст дзеля таго, каб зберагаць і пашыраць беларускую культурную спадчыну, народныя традыцыі, падтрымліваць таленты. За дзевяць гадоў фестываль набыў пазітыўны імідж, мае заслужаны аўтарытэт у прыхільнікаў. Вось і сёлета задоўга да пачатку гала-канцэрта ў фае Палаца культуры было ажыўлена й шматлюдна. Госці-гледачы збіраліся вакол прэзентацыйных сталоў. А там шмат усяго цікавага! Рамесніцы з беларускага Браслава, напрыклад, прадстаўлялі вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ды паказвалі, як што робіцца. Побач дзяліліся досведам гаспадыні-агародніцы: паказвалі плён сваёй працы, давалі пакаштаваць смачныя варэнні ды салаты-марынады. А хто прынёс на кірмаш, падарыў ЦБК якую кнігу на беларускай мове ці пра Беларусь — атрымліваў за тое фірмовы фэст-сувенір “Гузік шчасця”, тут жа мог знаёміцца з рэкламнымі й турбуклетамі пра Беларусь. Юныя наведнікі асвойвалі азы беларускай выцінанкі, клеілі паштоўкі ды размалёўвалі, рабілі лялькі-абярэгі. Быў у фае другога паверха й майстар-клас па беларускіх народных танцах.
Атрымаўшы зарад пазітыву й добрага настрою, вялікую залу Палаца культуры гледачы запоўнілі цалкам. І на некалькі гадзін акунуліся ў атмасферу незабыўнага бліскучага свята. Старшыня Даўгаўпілскай гардумы Андрэй Элксніньш, адкрываючы яго, падкрэсліў: беларуская культура ў Даўгаўпілсе квітнее ды развіваецца. І падзякаваў ЦБК за актыўную працу на карысць пазітыўнага іміджа горада. Амбасадар Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч заўважыў, што ў Даўгаўпілсе працуе адна з найбольш актыўных беларускіх дыяспар Латвіі, у згодзе шчыруюць ЦБК і таварыства “Уздым”, ёсць нядзельная школа. Васіль Міхайлавіч уручыў кіраўніцы ЦБК і старшыні “Уздыма” Жанне Раманоўскай медаль “100 гадоў дыпламатычнай службы Беларусі” ад Міністэрства замежных спраў — з пасведчаннем за подпісам Міністра Уладзіміра Макея. (Далучаемся да віншаванняў, спадырыня Жанна! І сярод няштатных аўтараў газеты “Голас Радзімы” беларусы Даўгаўпілса — у ліку найбольш актыўных. — Рэд.) Атрымліваючы ўзнагароду, спадарыня Жанна казала: “Гэта ўзнагарода ўсёй прафесійнай камандзе ЦБК і вялікай грамадскай суполцы “Уздым”, знак таго, што Беларусь высока цэніць тую актыўную, рознабаковую працу, якую мы робім, як народныя дыпламаты, дзеля зберажэння й пашырэння беларускай культуры ў Латвіі”. А Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, вітаючы кірмаш, адзначыў: свята ўжо мае сваё імя, з кожным годам прыцягвае ўсё больш гледачоў і ўдзельнікаў, а значыць, у форума — вялікая будучыня. Аташэ Генконсульства Расіі ў Даўгаўпілсе Уладзіслаў Балакін выказаў добрыя пажаданні фестывалю, адзначыў: “Нас шмат што паядноўвае”.
Яркая тэатралізавана-музычная імпрэза пачалася! Усе творчыя гурты ЦБК (народнай песні “Купалінка”, танцавальны “Лянок”, харавая капэла “Спадчына”, вакальны “Пралескі”, дзіцячая студыя “Скарбніца”) прадставілі песні й танцы, якія чаргаваліся невялікімі гумарыстычнымі сцэнкамі ад тэатральнай студыі “Паўлінка”. Затым эстафету падхапілі аматарскія беларускія гурты з Латгаліі: “Узоры” з Ліван, “Завіруха” з Екабпілса, “Рабінушка” з Прэйляў, “Народная студыя” з Дагды. За імі пайшлі прыбалтыйскія госці — пастаянны ўдзельнік кірмашу Сяргей Шабадалаў з Вісагінаса (Літва) і дуэт “Спадкі” з Эстоніі — ён упершыню выступіў на кірмашы й заваяваў залу сваім акапэльным спевам.
Асабліва яркія фарбы ў рознакаляровую фестывальную палітру ўнеслі даўнія нашы сябры з Беларусі: трыа Дар’і Шук, Яўгеніі Шук ды Ігара Мятлы з Мёраў, артысты гуртоў “Княжыч” і “Полацкі Зьвяз” (яны з Полацка прывезлі непаўторыя аўтэнтычныя песні, спевы пад дуду). Ну й, вядома ж, выкупаўся ў апладысментах узорны вакальна-харэаграфічны гурт “Камарыкі” з Наваполацка, які заваяваў гледачоў на леташнім фэсце: яркі, звонкі, самабытны, здольны захапіць любога гледача. Творчыя нумары “Камарыкаў” ствараюць асаблівы нацыянальны каларыт. Зала раз-пораз выбухала й крыкамі “Брава” пасля вясёлых танцаў ды звонкіх пераліўных галасоў юных талентаў, якія нібы пырхалі на сцэне.
Дзве гадзіны канцэрта праляцелі — а гледачам хацелася прадаўжэння. Доўга не адпускалі артыстаў, стоячы слухалі й падпявалі песню “Беларускі дом” (словы С. Валодзькі, музыка А. Рудзя), па традыцыі выкананай у фінале гала-канцэрта.
Фэст-кірмаш музыкі, песні, танца завяршыўся. Ён даў магчымасць убачыць некаторыя народныя традыцыі й каштоўнасці, якія многімі народамі свету ўжо страчаны.
У плыні “Беларускага кірмашу ў Даўгаўпілсе” ў ЦБК 5 кастрычніка быў вернісаж: у нас да 30 лістапада дэманструюцца карціны Вэлты Лоцэ, выстава мае назву “Мілыя вобразы роднага краю”. Адначасова прайшла й прэзентацыя дыска песень “Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі” на словы Станіслава Валодзькі ў выкананні саліста Сяргея Шабадалава (Вісагінас).
Наступны кірмаш будзе юбілейным, дзясятым па ліку. Маем спадзеў, што ён паяднае беларускія аматарскія гурты прыбалтыйскага рэгіёну: Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Расіі, а таксама Беларусі. Тэмай кірмашу будзе талака, гэта значыць сумесная стваральная праца. У талацэ — сіла! Дзякуючы творчай талацэ “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” са зводнага канцэрта ператварыўся ў брэндавы фэст.
Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс
Ад рэдакцыі. У перапісцы з Жаннай Раманоўскай мы звярнулі яе ўвагу: сёлета ў часопісе “Беларусь. Belarus” (№№6, 7, 8 — 2019) надрукавана п’еса Аляксея Дударава “Не пакідай мяне...”. Выданне ўваходзіць, як і наша газета, у Выдавецкі дом “Звязда”, на партале ВД выстаўляюцца ПДФкі нумароў часопіса. Жанна ўдакладніла: “Пра Аляксея Дударава ведаю. Мы ў красавіку ў Мінску былі на спектаклі “Калі заўтра няма” па яго п’есе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. А ў чэрвені якраз былі ў Дуброўне на фестывалі — з Дубровеншчыны родам, там і гасцяваў вядомы драматург. Танцоры нашы трапілі на спектакль “Не пакідай мяне...” з Аляксеем Дударавым: ён іграў ролю Палкоўніка. Я ж са спявачкамі была на канцэрце. Што ў Мінску, што ў Дуброўне нашы жанчыны выходзілі з залы заплаканымі, казалі: “Ужо толькі дзеля такога спектакля трэба было ехаць!”. Ідэя пра гастролі тэатра да 75-годдзя Перамогі цікавая — падумаем”. Дарэчы, пра фэст “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” ёсць тэкст на сайце ЦБК
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».