Вы тут

Пра матуль


Страшна пра гэта пiсаць, прыкра, балюча. Вы ўжо ведаеце, пэўна. Вынесены прысуд 26-гадовай жанчыне з Лунiнца i яе на 20 гадоў старэйшаму сябру-сабутэльнiку за забойства 8-месячнай дзяўчынкi, дачкi падсуднай. Дзiцяцi адрэзалi галаву. Казалi, што ўрач хуткай, якая прыехала канстатаваць смерць, страцiла прытомнасць... 48-гадовы мужчына прыгавораны да найвышэйшай меры, i гэта першы смяротны прысуд за апошняе дзесяцiгоддзе на Брэстчыне.


Фота: artwood.by

Пра яго не буду гаварыць, суд быў закрыты, iнфармацыi мала. Яго каханцы, мацi загубленага немаўляцi, далi 25 гадоў, бо для жанчыны гэта максiмальны тэрмiн у нашай краiне. За чвэрць стагоддзя вырастуць яе старэйшыя дзецi, можа, створаць сем'i i народзяць сваiх дзяцей. Iх родным хутчэй за ўсё не ўдасца адгарадзiць iх ад iнфармацыi пра родную мацi. Нават праз гады набяруць у сецiве запыт, i паслухмяны «гугл» выдасць жудасныя факты. Лепш бы гэтага не здаралася, лепш бы прыдумаць сваякам якую легенду, хлопчыкi ж яшчэ малыя — 4 i 6 гадоў, а чулым выхавацелям у садку падтрымаць. Але ж на Дзень мацi зноў будуць развучваць песнi i чытаць вершы пра найлепшую маму на свеце. I гэтым хлопчыкам, пэўна, захочацца павiншаваць сваю...

Вядома, усе хочуць мець самую лепшую маму, як у песнi. Такiх у нас, на шчасце, многа. Нашы жанчыны падтрымлiваюць дзяцей, дапамагаюць iм ледзь не да самай iх, дзяцей, пенсii. Нядаўна ў адной з вёсак размаўляла з 80-гадовай жанчынай. Муж памёр, жыве адна, бо сям'я аднаго сына — у Маскве, другога — у Адэсе. Унучкi — прыгажунi, маюць па дзве адукацыi. Не ўсе яшчэ замужам, а дзяўчатам у раёне трыццацi, гэты факт крыху засмучае бабулю. Спрабую яе супакоiць, разважаю, што цяпер так модна, спачатку адукацыя, кар'ера, а потым — сям'я: «Не бядуйце, а рыхтуйце грошы, бабуля, на вяселлi». «Даўно нарыхтаваны, — кажа яна, — мы з дзедам пры яго жыццi сабралi, i гэта недатыкальны запас. Я сёлета вокны мяняла, не хапала троху, то ў людзей пазычыла, а тых не зачапiла». Нядаўна ад сваёй сястры пачула, што адкладвае грошы ўнукам на вяселле, а малодшая ўнучка яшчэ i з пялёнак не вылезла. I гэта нармальная, я б сказала, будзённая практыка для нашых матуль сямействаў.

Нават наўскiдку магу згадаць пяць-шэсць прыкладаў iншага кшталту — мацярынскага подзвiгу, самаахвярнай барацьбы мацi за сваiх дзяцей. Гэта прыклады з жыцця маiх герояў, людзей, пра якiх даводзiлася пiсаць у розныя гады. У iх шэрагу — Аня Бахур з Iвацэвiч, iнвалiд першай групы. Iм з мужам не аддавалi дзiця з радзiльнi, бо муж таксама iнвалiд першай групы, калясачнiк. Паводле нарматываў, людзi з такой iнвалiднасцю не могуць выконваць бацькоўскiх абавязкаў. Ганна нарадзiлася з анамалiямi канечнасцяў, дакладней — без кiсцяў рук i амаль без ступнi. Яе самую пакiнулi ў радзiльным доме. Яна вырасла ў iнтэрнаце.Там навучылася шыць, маляваць, спраўляцца з любой жаночай работай. I за права быць мацi яна змагалася як сапраўдны баец. Праз СМI, можна сказаць, усю краiну на вушы паставiла. Тагачасны мiнiстр сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткiна прыехала ў Iвацэвiчы i дапамагла мацi пакiнуць у сябе дзiця. Цяпер Ганна гадуе 4-гадовага сыночка, многiя людзi ёй дапамагаюць. А яна ўдзячная ўсiм, хто падтрымаў яе тады, калi ўсё вiсела на валаску.

У Ганны ў бальнiцы я была лагодным вераснем, а вось халодным лiстападаўскiм днём мы сядзелi ў Ружанах у доме Алены Клiмовiч. Жанчына расказвала, што рана пахавала мужа. Малодшы сын з дзяцiнства хварэў, мае затрымку ў развiццi. Але калi паўстала пытанне аб перасадцы ныркi, яна не задумваючыся аддала сваю. Яе многiя адгаворвалi, не падтрымалi нават некаторыя сваякi. Ды Алена настояла на аперацыi. Цяпер i сама на прэпаратах, i Саша прымае таблеткi па раскладзе, але ж яны шчаслiвыя з сынам.

А ў Целяханах жыве Галiна Арцюх, пра якую я пiсала гадоў 15 таму. Яе сяброўка з мужам загiнулi ў аварыi, пакiнулi шасцёра дзяцей сiротамi. I Галiна з мужам крута памянялi сваё ўладкаванае жыццё, пераехалi з райцэнтра ў пасёлак. Бо раней жылi ў двухпакаёвай кватэры з трыма дзецьмi. На сям'ю, у якой стала дзевяць дзяцей, спатрэбiлася большая жылплошча. За чаем на кухнi яна расказвала, што паўплывала на iмгненнае рашэнне. Яна выпадкова пачула, як дзецi дамаўлялiся, што па чарзе будуць прапускаць школу, каб даглядаць малых, а ў дзiцячы дом не пойдуць. I гэта стала апошняй кропляй. Расказвала, як было неймаверна цяжка спачатку, а самы маленькi адразу стаў называць яе мамай. Калi пайшоў у садок, вельмi часта прыносiў свае малюнкi, дзе яна вясной у кветках, зiмой у сняжынках, восенню пасярод жоўтых лiстоў.

Вось i лунiнецкiя хлопчыкi, дзецi той, асуджанай, будуць маляваць, рабiць на ўроках працы падарункi да мамiнага дня. I няхай аднясуць iх бабулi, а маму забудуць. Была мама, потым паехала ў круiз i звалiлася з абрыву ў акiян, растварылася ў безданi.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?