Калі вашы ўяўленні пра більярд абмяжоўваюцца ўспамінам пра клубы ды рэстарацыі 1990-х – паўзмрок, цыгарэтны дым, заможныя мужчыны, якія дзеля адпачынку ганяюць шары па зялёным сукне, і вы па-ранейшаму лічыце більярд мужчынскай забавай, – то вас, магчыма, здзівіць, што сучасныя більярдысткі цалкам сабе здольныя «пакласці на лапаткі» гульца-джэнтльмена. Сёння жанчыны ў більярдзе зусім не рэдкасць і не «ўпрыгожанне», яны дэманструюць валявыя якасці, рацыяналізм, вытрымку, паспяхова абвяргаючы стэрэатыпы аб сабе як «эмацыянальных істотах».
Госця нашай рэдакцыі Кацярына Перапячаева – чэмпіёнка свету 2018 года па більярдзе. Жыве ў Барысаве, упарта трэніруецца сама і вучыць дзяцей у школе більярда «Перакат». Мы распыталі Кацю пра тое, як выхоўваецца воля да перамогі, ці складана супрацьстаяць традыцыйным меркаванням пра «нежаночы занятак», а таксама пра яе спартыўную і выкладчыцкую кар’еру.
– Калі я запісалася ў секцыю більярда, мне было 13 год, – успамінае Кацярына. – Тата ўбачыў у мясцовай газеце аб’яву і прапанаваў мне паспрабаваць. У асноўным там займаліся хлопцы, але атмасфера была захапляльная, а гульня цікавая. Тым больш, клуб наведвалі вядомыя гульцы, майстры спорту міжнароднага класа. Пазаймалася каля года, потым у мяне здарыўся перапынак, а ў 17 год я вярнулася ў більярд, каб звязаць з ім свой лёс. Стала выйграваць турніры, атрымліваць прызы. Перамагла на чэмпіянаце Беларусі сярод дзяўчат, заняла 3е месца на чэмпіянаце Еўропы. З’явілася мэта заваяваць найвышэйшую ўзнагароду.
Вядома, дасягнуць поспеху было нялёгка. Даводзілася шмат гадзін штодня ўдзяляць гульні. Калі заканчвала школу і паўстала пытанне, куды ж далей, вырашыла, што пайду ў БДУФК на спецыяльнасць «Трэнер па більярдзе». Прынялі мяне без экзаменаў, улічваючы мае спартыўныя дасягненні. Дарэчы, я мела добры атэстат, магла выбраць любую прафесію.
Пачуцце, што більярд – маё пакліканне, ва ўніверсітэце яшчэ больш узмацнілася. Я з галавой пагрузілася ў трэніроўкі.
– На старонні погляд здаецца, што гульня ў більярд простая: удар па шарыку – і гатова! У кагосьці гэта стварае ілюзію лёгкасці перамог...
– Па шарыку ўдарыць мала (усміхаецца). Шар трэба падкручваць, надаючы яму вярчэнне, прычым існуе шмат розных спосабаў, як гэта рабіць. Майстэрства тут напрацоўваецца гадамі трэніровак. Гэта інтэлектуальны від спорту, нездарма яго называюць «шахматамі на сукне». Трэба ўмець прадугадваць далейшыя хады суперніка. І быць падрыхтаванай не толькі тэхнічна, але і псіхалагічна. Можна на трэніроўках паказваць выдатную гульню, а прыехаць на турнір і разгубіцца, і добрага выніку не будзе. Акрамя таго, патрэбны развіты вокамер. І добрая фізічная трываласць. Можа здацца, што апошняе не мае асаблівага значэння, але гэта не так. Здараецца, па 5-7 гадзін стаіш за сталом, гуляючы матч за матчам, – а чэмпіянаты, як вядома, працягваюцца не адзін дзень.
– Перамогу ў чэмпіянаце свету 2018 вам прынёс вельмі эфектны ўдар. Пэўна, ваша суперніца не чакала такога фіналу.
– Перад тым у мяне ўжо былі перамогі: я заваявала 2-е месца на чэмпіянаце свету ў 2013 годзе. І перамагла на парным турніры чэмпіяната свету 2015, дзе гуляла ў пары з більярдысткай з Гомеля. Так што я ўжо была чэмпіёнкай свету ў парным разрадзе. А ў 2018-м заваявала гэты тытул у асабістым заліку. Рыхтавалася ўпарта, прычым не толькі актыўна трэніравалася, але і наведвала трэнажорную залу, басейн. Было прадчуванне перамогі. Гуляць рашаючую партыю давялося са знакамітай расіянкай Дзіянай Міронавай, шматкратнай чэмпіёнкай свету. Яна выйграла не адны прэстыжныя спаборніцтвы, этапы Кубкаў свету. Разумеючы гэта, я не хвалявалася і, партыя за партыяй, проста паказвала лепшае, на што здатная. У нейкі момант зразумела, што здолею выйграць. Сканцэнтравалася, уклала ўсе свае ўменні, вытрымку – і атрымалася.
– Некаторыя дагэтуль лічаць більярд чыста мужчынскай гульнёй. Як вы да гэтага ставіцеся?
– Большасць у більярдным спорце сапраўды мужчыны, але жанчын таксама нямала. Гэта моцныя, амбіцыйныя спартсменкі. Не раз, гуляючы партыю з хлопцам, я заўважала: яму псіхалагічна цяжка прайграць дзяўчыне. Ён жа мужчына! І калі я пачынала выйграваць, хлопец аказваўся ў стане стрэсу.
А яшчэ жанчын у більярдзе менш, бо гэты спорт патрабуе вялікай самааддачы. У жанчын жа мала вольнага часу, іх думкі часта занятыя домам, побытам. Прытым більярд – не танны від спорту. Рыштунак каштуе нямала, за гадзіну ля стала даводзіцца плаціць. А трэніравацца патрэбна па 3–4 гадзіны ў дзень, калі хочаш дасягнуць вынікаў.
– Раскажыце пра вашу выкладчыцкую дзейнасць. Як даўно існуе ў Барысаве школа гульні ў більярд «Перакат»?
– Сёлета 1 верасня нашай школе споўнілася 6 гадоў. Яна дзейнічае пры Барысаўскім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры, куды я прыехала працаваць пасля ўніверсітэта. Секцыі більярда тады не было. Дырэктар ФАЦа паверыў у мяне і даў дабро на яе стварэнне. Так і з’явілася школа «Перакат»: гэта тэрмін у більярдзе, а таксама «шыфроўка» майго прозвішча і імя – Перапячаева Каця.
Набіраем звычайна 20–25 чалавек, узрост ад 8 да 15 год. Дзеці паказваюць добрыя вынікі. Напрыклад, нядаўна наша Дар’я Чарняк заняла 3-е месца на міжнародным турніры ў Маскве. Ёй усяго 11 год, з іх тры яна займаецца більярдам. Была 2-й на чэмпіянатах Беларусі сярод дзяўчат да 18 год, а гэтай восенню будзе выступаць на чэмпіянаце свету. Дзіяна Халадовіч – выпускніца школы, заняла 3-е месца на чэмпіянаце свету. І хлопцы з «Пераката» таксама ўжо сярод пераможцаў на чэмпіянатах Беларусі ва ўзроставай катэгорыі да 16 гадоў. Сярод маіх выхаванцаў ёсць кандыдаты ў майстры спорту і майстры спорту. У нашай більярднай зале ёсць галерэя славы, і колькасць партрэтаў трыумфатараў расце. Хлопчыкаў у наборы звычайна больш, але дзяўчаткі, якія выбралі більярд, па характары ім не саступаюць. Дарэчы, жанчыны ва ўзросце 40-55 гадоў часам прыходзяць да мяне, каб навучыцца гуляць. Для свайго задавальнення. Як вядома, у більярда няма ўзроставых абмежаванняў.
– А з якімі цяжкасцямі давялося асабіста вам сутыкнуцца? Што перашкаджала, расчароўвала?
– Бывалі турніры, калі была ў добрай фізічнай форме і здавалася, абавязкова павінна трапіць у тройку прызёраў, але не атрымлівалася. Моцна выбіла з каляіны такое здарэнне. Прылятаю на турнір, і ў мяне ў аэрапорце губляецца багаж. А ў ім чахол з кіем, спартыўная форма. У выніку я не магу гуляць, два дні чакаю, пакуль рэчы знойдуцца. За гадзіну да чарговай гульні тэлефануюць з аэрапорта: багаж прыбыў. Забіраю яго, вяртаюся на турнір і выйграю партыю, але сустрэчу ўсё ж прайграла... Лячу назад у Беларусь, і зноў не прылятае мой багаж. Прычым, губляецца ён толькі ў мяне! Цяжка паверыць, але такое здаралася з маім багажом на трох турнірах.
– Ваш спартыўны рыштунак – што ў яго ўваходзіць?
– Я трэніруюся і гуляю на турнірах сваім кіем, усюды ён са мной. Гэты кій зроблены Сяргеем Каюковым з Барысава – адным з лепшых майстроў на постсавецкай прасторы. Таксама ёсць чахол для кія, прыстасаванні для яго апрацоўкі. На чахле прымацаваны мае сувеніры. Кожны раз пасля таго, як выйграю турнір, я папаўняю іх калекцыю.
На турнір надзяваю, акрамя звычайнай формы – гэта чорныя штаны, кашуля, чорныя туфлі – спецыяльную камізэльку, на ёй нашыўкі з лагатыпамі маіх спонсараў і школы «Перакат». Спонсары дапамагаюць аплочваць білеты на самалёт, пражыванне ў гасцініцы: гэта важна, бо турніры звычайна працягваюцца некалькі дзён. Барысаўскі ФАЦ прадастаўляе магчымасць трэніравацца бясплатна.
– Ці ёсць у вас іншыя захапленні? Як вы бавіце вольны час і адпачываеце?
– Усе мае захапленні круцяцца вакол спорта. Люблю хадзіць у басейн, займацца ў трэнажорнай зале. Часам магу пагуляць у тэніс. Кожны год стараюся з’ездзіць на мора. Сёлета, праўда, трэніруюся нават падчас адпачынку, але ў наступным годзе спадзяюся адпачыць паўнавартасна.
– У бліжэйшых планах, канешне, новыя перамогі?
– Хацелася б яшчэ раз выйграць чэмпіянат свету ў асабістым заліку і новых перамог на прэстыжных міжнародных турнірах. Спыняцца не збіраюся!
Гутарыла Агата Славіна, фота з архіва Кацярыны Перапячаевай.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.