Вы тут

Як правільна пазбавіцца ад небяспечнага дрэва


Чаму дрэвы становяцца небяспечныя для чалавека і як мінімізаваць гэту пагрозу?

Халодныя і моцныя вятры, што ўсё часцей праяўляюць сябе ў восеньскі час, здаецца, выпрабоўваюць сілы паніклых дрэў, якія ўжо скінулі лістоту. Некаторыя з іх не вытрымліваюць гэтага спаборніцтва са стыхіяй і з грукатам падаюць на зямлю... ці на прыпаркаваны побач аўтамабіль.


Чаму падаюць дрэвы?

Аслабленне дрэў у гарадах адбываецца па розных прычынах, адзначае кіраўнік сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Аляксандр СУДНІК. Гэта могуць быць: тэхнагеннае забруджванне наваколля ад стацыянарных і перасовачных крыніц (напрыклад, ад выкарыстання супрацьгалалёдных рэагентаў на аснове NaCl); пагаршэнне ўмоў росту (анамальныя цеплавыя палі, асфальтабетоннае пакрыццё вуліц і тратуараў, вырошчванне дрэў у малагабарытных лунках); невыкананне патрабаванняў догляду за зялёнымі насаджэннямі; няправільны падбор устойлівых да забруджвання відаў і іншае. Пад уплывам гэтых і іншых фактараў дрэвы могуць стаць небяспечнымі.

— Згодна з Законам «Аб раслінным свеце», небяспечнымі называюцца дрэвы, што ствараюць сваім імаверным падзеннем пагрозу прычынення шкоды жыццю і здароўю грамадзян, маёмасці грамадзян і юрыдычных асоб, — расказвае вядучы інжынер па ахове навакольнага асяроддзя УП «Зелянбуд Першамайскага раёна горада Мінска» Яўгенія БАЦЯНОЎСКАЯ. — Да іх адносяцца сухастойныя дрэвы; дрэвы, пашкоджаныя стваловай гніллю ці якія маюць іншыя значныя пашкоджанні ствала і (ці) каранёвай сістэмы; дрэвы, што завіслі на іншых дрэвах, а таксама нахіленыя ўбок да будынкаў, калі радыус іх магчымага падзення перавышае бяспечную адлегласць да такіх аб'ектаў.

Хто ацэньвае небяспеку

Вызначаць, небяспечнае дрэва ці не, і прымаць рашэнне аб яго выдаленні могуць упаўнаважаныя выканкамам юрыдычныя асобы ў галіне азелянення. Так, у Мінску стан дрэў вызначаюць Зелянбуды адміністрацыйных раёнаў, у іншых рэгіёнах — арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ці лясгасы.

— Небяспечнае дрэва вызначаецца вядучым інжынерам па ахове навакольнага асяроддзя, а таксама камісіяй, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, юрыдычнай асобы ў галіне азелянення, іншых зацікаўленых органаў і арганізацый, — адзначае Яўгенія Бацяноўская. — Толькі маючы заключэнне аб прызнанні дрэва небяспечным, можна выдаліць гэты аб'ект расліннага свету.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Андрэя КУЗЬМІЧА, гэты дакумент заўсёды павінен быць пры сабе ў той асобы, што займаецца выдаленнем. Важна таксама абазначыць месца, дзе праводзяцца адпаведныя работы, стужкай ці іншым чынам з указаннем кантактных даных арганізацыі, якая выдаляе дрэва.

Усе небяспечныя дрэвы адначасова выявіць і выдаліць немагчыма, упэўнены спецыялісты. Сёння ў нашай краіне, згодна з Законам «Аб раслінным свеце», землекарыстальнікі — уласнымі сіламі ці з дапамогай спецыялізаваных арганізацый — раз на пяць гадоў павінны праводзіць на сваёй тэрыторыі ўлік аб'ектаў расліннага свету. Падчас такіх абследаванняў могуць выяўляцца і небяспечныя дрэвы.

Мая тэрыторыя — мае правілы?

Што датычыцца грамадзян, участкі якіх  выдзелены для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі, то на іх палажэнні Закона «Аб раслінным свеце» і адпаведна неабходнасць атрымання дазволу на выдаленне драўнінна-хмызняковай расліннасці не пашыраюцца.

— Выключэнне складае сітуацыя, калі на ўчастку да атрымання яго грамадзянінам раслі каштоўныя дрэвы і выканкам зафіксаваў у дакументах неабходнасць іх захаваць, — тлумачыць Андрэй Кузьміч. — Каб выдаліць такія расліны, трэба звяртацца ў той орган, які ўстанавіў абмежаванні. Ва ўсіх астатніх выпадках грамадзянам нішто не замінае саджаць, перасаджваць, выдаляць дрэвы на сваім участку — як самім, так і з дапамогай прафесіяналаў.

Пры гэтым гаворка ідзе пра тэрыторыю толькі ў межах зямельнага ўчастка. Часта грамадзяне саджаюць дрэвы за яго межамі, напрыклад, паміж участкам і дарогай. Але самавольна гэтым займацца не варта, упэўнены Андрэй Кузьміч. Дрэвы, высаджаныя за межамі ўчасткаў, адносяцца да тэрыторыі агульнага карыстання і разглядаюцца не як уласнасць грамадзяніна. Калі ў месцы іх пасадкі былі раней праведзеныя камунікацыі, то пры правядзенні, напрыклад, рамонтных работ гэтыя дрэвы давядзецца выдаліць. Каб пазбегнуць такіх выпадкаў, лепш загадзя пацікавіцца ў сельвыканкаме, ці можна пасадзіць дрэва ў тым ці іншым месцы за межамі ўчастка. Што датычыцца пасадак дрэў і кустоў на прыдамавых тэрыторыях шматкватэрных дамоў, то з тых жа прычын яны павінны праводзіцца арганізавана.

Ці можна самастойна выдаляць дрэвы, што растуць на могілках?

Гэтае пытанне вырашаецца згодна з заканадаўствам аб пахаванні і пахавальнай справе. Так, за арганізацыю работ па ўтрыманні і добраўпарадкаванні месцаў пахавання адказваюць мясцовыя органы ўлады. А непасрэдна за парадкам на могілках сочаць спецыялізаваныя арганізацыі, юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі, вызначаныя выканкамамі. Яны ў тым ліку выконваюць работы па азеляненні месцаў пахавання і догляду зялёных насаджэнняў агульнага карыстання. Таму для выдалення небяспечных дрэў ці іншай расліннасці па-за агароджамі лепш звяртацца да іх, пры гэтым спецыяльнага дазволу для такіх аперацый атрымліваць не трэба.

Згодна з Правіламі ўтрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання, асобы, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання (гэта могуць быць, напрыклад, сваякі памерлага), выконваюць работы па выдаленні аб'ектаў расліннага свету з участкаў для захавання праходаў паміж імі. Але перад выкананнем работ, асабліва з дрэвамі, якія пры выдаленні могуць пашкодзіць надмагіллі ці ствараюць пагрозу для самога чалавека, спецыялісты раяць узгадняць свае дзеянні з мясцовымі органамі ўлады, на балансе якіх знаходзяцца могілкі.

Ад штрафу да пазбаўлення волі

За незаконнае выдаленне аб'ектаў расліннага свету прадугледжваецца як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.

Так, згодна з артыкулам 15.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконныя выдаленне, выманне, перасадку драўнінна-хмызняковай расліннасці, што расце за межамі населеных пунктаў і не ўваходзіць у склад ляснога фонду, яе пашкоджанне ці знішчэнне фізічная асоба можа атрымаць штраф у памеры да 20 базавых велічынь (БВ), а за выдаленне, перасадку такой расліннасці ў населеных пунктах — у памеры да 50 БВ.

За падобныя дзеянні, што нанеслі шкоду ў буйным памеры, надыходзіць крымінальная адказнасць (артыкул 277 Крымінальнага кодэкса).

— Пры гэтым трэба ведаць, што скласці пратакол за такія адміністрацыйныя правапарушэнні маюць права не толькі мясцовыя органы ўлады, тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды, але і арганізацыі, што ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (ці) аказваюць камунальныя паслугі, — адзначае Андрэй Кузьміч.

Як выратаваць дрэвы?

Перш чым выдаліць небяспечнае дрэва, неабходна паспрабаваць яго захаваць, упэўнена Яўгенія Бацяноўская. Для гэтага прымаюцца ўсе неабходныя меры ў залежнасці ад стану расліны. Так, пашкоджанае стваловай гніллю дрэва ўжо не выратуеш, яго неабходна выдаляць. Звычайна спецыялісты хутка развітваюцца і з сухастоем. Але калі на дрэве застаюцца жывыя галінкі, выразаюць суш, і яно атрымлівае шанц на ажыўленне.

— Калі дрэва небяспечнае з-за ўхілу ці кроны, праводзіцца санітарная ці амаладжальная абрэзка, — расказвае Яўгенія Віктараўна. — Таксама ўлічваюцца ўзрост дрэва і тэрыторыя, дзе яно расце. Калі гэта ажыўленае месца, то, вядома, пакідаць яго небяспечна. Калі ж гэта парк ці паляна, то мы даём яму максімум жыцця. Таму што нават у самым скрыўленым дрэве можна ўбачыць прыгажосць.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».