«Асенні салон з Белгазпрамбанкам» падводзіць вынікі. І калі журы вызначылася з прыхільнасцямі, а гледачы яшчэ маюць шанц паўплываць на лёс свайго прыза, то для арганізатараў работа працягнецца і пасля: фармат выстаўкі-продажу дазваляе працягваць кантакты з тымі, хто ўпадабаў творы і хоча купіць. Ці не адна з рыс арт-рынку, які забяспечвае цывілізаваны падыход да работы з выяўленчым мастацтвам, бо творцы ж ствараюць не толькі для гісторыі...
Хоць і апошняе не выключаецца. Тым больш што ад сучаснага мастацтва (як і ад мастацтва сучаснасці) людзі чакаюць адлюстравання цяперашняга жыцця з шэрагам яго вострых пытанняў і адказамі ў вобразнай форме. Асабліва ад мастацтва маладога (ці мастацтва маладых). Яны актыўна ідуць на «Асенні салон», сёлета больш за 460 аўтараў падалі заяўкі, а ўсяго за час правядзення праекта ён ахапіў больш за 2000 маладых мастакоў. Так, гэта спосаб заявіць пра сябе. Але ў кантэксце выстаўкі-продажу — яшчэ і магчымасць знайсці свайго пакупніка.
— Пяць гадоў таму мы заклалі сістэмны падыход да пабудовы арт-рынку ў Беларусі, да чаго нашы калегі з суседніх краін падышлі яшчэ ў 90-я гады, — адзначыў Аляксандр Зінкевіч, дырэктар Палаца мастацтва. — Працэс продажу не абмяжоўваецца этапам выстаўкі: работы як правіла маюць высокую цану, да іх пакупкі трэба рыхтавацца, асабліва беларускім наведвальнікам. Але традыцыйна 25 працэнтаў твораў купляюцца падчас ці хутка пасля закрыцця «Асенняга салона». Ён задае дынаміку і глядацкую цікавасць.
Матэрыяльны стымул уключаўся раней і пры падвядзенні вынікаў. Сёлета арганізатары змянілі фармат падтрымкі пераможцаў. Раней яна падмацоўвалася нават грашовымі прэміямі, але вялікага эфекту ад такога падыходу не адчувалася. Сёлета эксперымент з узнагароджаннем выліўся ў больш практычную падтрымку: прыз — калектыўны грант для чацвярых пераможцаў (трох назвала журы і аднаго вызначаюць гледачы) на выстаўку ў рамках праекта «Арт-Мінск», які адбудзецца ў маі 2020-га. Ужо дакладна, што мы там убачым творы Дар'і Сямчук (працуе пад псеўданімам Цемра), Андрэя Бусела (Hutkasmachna studіo) і Наталлі Кацубы, творы якіх адзначыла журы. Лёс прыза глядацкіх сімпатый вызначаецца, пакуль «Асенні салон» не закрыты афіцыйна.
— Калі мы хочам, каб мастацтва было папулярнае, то наша задача — аб'яднаць намаганні ўсіх, незалежна ад таго, ці падзяляе хто прынцыпы суседняй галерэі і г. д. Гэта задача, якую мы ставім перад сабой у рамках «Асенняга салона з Белгазпрамбанкам», — адзначыў адзін з арганізатараў, мецэнат Віктар Бабарыка. — Таму што мы назіраем такую ж цікавасць, як і пры арганізацыі «ТЭАРТа»: чым больш праводзім, тым больш разумеем, што прызнаныя майстры і лідары меркаванняў могуць адчуваць некаторую крыўду, а глядач пачынае прымаць гэтае мастацтва. Такой цікавасці, якая была да пятага «салона», раней не назіралася. І такое разуменне, што гледачы растуць хутчэй за тых, хто далучаны да гэтага рынку, важна не ўпусціць.
Трэба адзначыць, што члены міжнароднага журы сёлета былі настроены спагадліва да саміх твораў і прапанавалі шэраг дыпломаў: Дзмітрыю Жаўнову, Сяргею Савічу, Раману Аксёнаву, Маргарыце Новікавай. А іншых упадабаных удзельнікаў называлі проста падчас абвяшчэння вынікаў. Фігуравалі імёны тых, хто ў папярэднія гады ўжо быў сярод пераможцаў — значыць, мастакі працягваюць развівацца.
Асобнае пытанне: у які бок? Бо калі гаворка заходзіць пра Беларусь і яе прастору, неяк само сабой маецца на ўвазе, што трэба рабіць скідку на наш асаблівы шлях, у тым ліку ў дачыненні да мастацкіх з'яў. Але ці варта пра яго гаварыць, маючы на ўвазе сучаснасць? Нават эксперты, што асэнсоўвалі выстаўку, не маюць аднолькава правільнага пункту гледжання.
Яра Варга, мастацкі кіраўнік Галерэі HІT у Браціславе, галоўны куратар Галерэі MeetFactory ў Празе (Чэхія):
— Сёння вельмі цяжка быць мастаком. І гэта выказванне датычыцца не толькі Мінска, але ўсяго свету. І яшчэ больш цяжка быць мастаком, які ведае не толькі, як нешта зрабіць, а думае, пра што гэтае выказванне павінна быць. Мастацтва скіраванае на тое, як паўплываць на меркаванне, ці змяніць сваё, што вельмі цяжка. Я лічу, што мастацтва не павінна заставацца ў межах галерэі, яно павінна змяняцца ў публічнай прасторы, таму мне спадабаўся праект «Хуткасмачна»: яны з'яўляюцца, іх знішчаюць, яны з'яўляюцца зноў. Гэтае мастацтва няпроста зразумець, таму што яно не можа быць набытае музеем ці іншымі інстытуцыямі.
Эгле Юацэвічуце, крытык і куратар сучаснага мастацтва, Нацыянальная галерэя мастацтваў у Вільнюсе (Літва):
— Уразіла шырыня, з якой прадстаўлены розныя тэхнікі, розныя жанры, розныя віды выяўленчага мастацтва. Я хацела б звярнуць увагу на аўтараў, якія працуюць у тэхніках і з тымі пытаннямі, што хвалююць не толькі людзей у нашых краінах, але і ў свеце. Некалькі тыдняў таму я была ў Італіі на Венецыянскім біенале — сёлета ўсё там выглядае постапакаліптычна. А тут Дар'я Петрусевіч-Кавальчук звяртаецца да постапакаліптычнага кантэксту ў друкаванай графіцы. Надзея Саяпіна, якая прадставіла творы ў тэхніцы аналагавага друку, уразіла тым, як рэпрэзентуе штодзённасць. Уладзімір Сакалоўскі звярнуў маю ўвагу тым, што працуе ў постынтэрнэтэстэтыцы, дзе ўвасоблены ўплыў савецкага часу...
Уладзімір Назанскі, мастацтвазнавец, куратар Музея сучаснага мастацтва Эрарта (Расія, Санкт-Пецярбург):
— На вялікай разнастайнай выстаўцы прысутнічаюць розныя мовы сучаснага мастацтва, а таксама традыцыйныя работы. Трэба адзначыць, што ў Мінску ёсць добрая пластычная школа. Скульптары амаль усе прадставілі вельмі майстэрскія якасныя работы. Каб іх было меней, магчыма, прасцей было б выбраць скульптара ў якасці пераможцы. Шкада, што цудоўная бронза Антона Нічыпарука і адзіная драўляная скульптура Дзмітрыя Кошалева не трапілі ў спіс адзначаных. Добрыя традыцыі і ў графіцы. Здавалася б, друкаваная графіка — некамерцыйны фармат, але я адзначыў бы Арцёма Цімашэнку, які працуе ў традыцыях позняга экспрэсіянізму ці неаэкспрэсіянізму...
Падаецца, што праблемы мастацтва не толькі ў тым, што слаба развіты арт-рынак. Такія рэчы як арт-рынак ці рынак сталі нечым, што павінна выклікаць трапятанне. Але мастацтва сапраўды важнае і патрэбнае. Гэта закладваецца не толькі тым ці іншым дамінуючым стандартам, якія ўводзяцца ў свядомасць людзей праз масавыя рэсурсы. Важна сапраўды, каб візуальная мова, мова мастацтва, стала мовай зносін, дапамагала адказваць на пытанні. Каб яна не была чарадой модных гульняў, а стала тым, што дапамагае чалавеку разабрацца ў праблемах сучаснага жыцця. Як бы ні выяўлялася свядомасць на аснове візуальных вобразаў, усё адно важныя пластычныя традыцыі, неабходнае рамяство, і добра, што яно захоўваецца і развіваецца. Пры гэтым ёсць шмат арт-гульні. Я не адразу паверыў, што неонавыя слоганы таксама можна разглядаць у конкурсе, але як даведаўся, то адразу прагаласаваў за групу «Хуткасмачна». Дакладна знойдзеныя мемы актуальныя не толькі ў Мінску, але ў любым пункце свету.
Вольга Балашова, мастацтвазнавец, намеснік дырэктара па развіцці Нацыянальнага мастацкага музея Украіны:
— Нейкія аспекты з'яўляюцца для мяне балючымі і праблемнымі і адгукаюцца, таму што і ў нашай краіне актуальныя пытанні, звязаныя з мастацкай адукацыяй, са спосабам мыслення творцаў. Гэта важнае пытанне: якім чынам пераадольваць межы, якія ўзніклі з-за ўсталявання пэўных традыцый. Некаторыя лічаць, што традыцыі — гэта выключна добра, у выпадку, калі няма альтэрнатыўных спосабаў асэнсавання нейкіх з'яў. Але толькі рамяства недастаткова для мастака. Тут бачу я шмат мастацтва, створанага цудоўнымі рамеснікамі, якія тым не менш пакуль няздольныя перайсці на іншы ўзровень — мастацкай рэфлексіі. Але выстаўка цікавая нечаканым суседствам, якое дазваляе ўбачыць кантэкст, дзе існуюць тыя ці іншыя мастакі. З аднаго боку ёсць удзел тэхнічны, тэхналагічны, рамесны, а з другога боку — інтэлектуальная праца, якая стаіць за нейкім выказваннем. Некалькі ўдзельнікаў сапраўды зачапілі. Я маю на ўвазе мастачку Цемру і яе праект «Спадчына»: ёсць асэнсаванне, якім чынам культурную спадчыну рабіць блізкай і зразумелай для новых пакаленняў, якія ад яе ўсё больш аддаляюцца.
Так ці інакш, кожны адгукаецца на тыя вобразы, што блізкія, побач у штодзённым жыцці. І як ні круці, рэчаіснасць — і думкі пра яе — закладваюць спосаб выяўлення. Беларускае мастацтва — такое як ёсць, таму што... Працяг гэтай фразы можа быць самы розны — у гледачоў і спецыялістаў, якія бачаць сусветныя тэндэнцыі. Таму погляды з боку цікавыя. Асабліва, калі ў іх ёсць розныя падыходы.
— Няма беларускага сучаснага мастацтва альбо ўкраінскага, ці нейкага яшчэ, — лічыць Вольга Балашова. — Сontemporary art — гэта асаблівая мова, на якой мастак альбо размаўляе, альбо не. Мне здаецца, праблема нашых краін у тым, што мы не абнаўляем гэтую мову, яна герметычная: мы варымся ў сваім соку. Але індывідуальныя аўтары, стратэгіі якіх здолелі пераадолець прастору (тым больш да іх павагі), існуюць ва ўніверсальным кантэксце і будуць зразумелыя паўсюль.
— Беларускае мастацтва ў значнай ступені — нашчадак постсавецкага мастацтва, — адзначае Уладзімір Назанскі: — Але хіба рух мастацтва ідзе па адной каляіне, дзе нехта вырваўся наперад і абавязкова трэба вывучыць адзіную глабалісцкую мову? На ёй размаўляюць шмат мастакоў. А чым беларусы будуць цікавыя сярод іншых, калі не будзе сентыментальнасці, мяккасці інтанацыі, якая іх вылучае? Свету ўсё-такі патрэбна разнастайнасць. Я не адмаўляю развіццё новых тэхналогій і формаў выказвання, але ў імкненні развіцця важна захаваць сваю ідэнтычнасць, тое, што будзе вылучаць беларусаў сярод украінцаў, палякаў, кітайцаў. Сама мова выказвання можа быць знешне падобная, але ёсць асобная праблематыка, інтанацыя, змест. Свет насамрэч больш складаны...
Ларыса ЦІМОШЫК
Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.