Вы тут

Вясковы настаўнік-пенсіянер падараваў званы мясцоваму храму


Гэта ж трэба, загадзя не ведаючы, прыехаць да свайго героя менавіта ў дзень яго 90-годдзя! У пярэднім пакоі накрыты стол, двор упрыгожаны гірляндамі з шароў, мабільны тэлефон ветэрана Афанасія Мікітавіча Гапановіча раз-пораз абвяшчае, што нехта з яго былых вучняў, калег, сваякоў, проста добрых знаёмых хоча павіншаваць вядомага, заслужанага чалавека. Адным словам, абстаноўка святочная.


З бедняка — у настаўнікі

Афанасій Мікітавіч валодае выдатным пачуццём гумару, чалавек па натуры рухавы, гаваркі і актыўны для сваіх гадоў. І ў гэтым давялося не раз упэўніцца за час размовы. На яго рабочым стале раскладзена шмат кніг, сшыткаў, газет. Відно, што чалавек знаходзіцца ў творчым працэсе. Дарэчы, не так даўно Афанасій Гапановіч выдаў кнігу па гісторыі Дзівіна. Ён і зараз не праходзіць міма цікавых звестак па краязнаўстве, гісторыі: збірае, занатоўвае. Таксама пасля выхаду на пенсію ў ветэрана з'явілася яшчэ адно хобі, ён пляце кошыкі, цукерачніцы, падстаўкі пад слоікі, бутлі, графіны. Яшчэ ён іграе на мандаліне і ўмее радавацца жыццю.

А жыццё было ўсялякае. Паводле слоў Афанасія Мікітавіча, ён нарадзіўся ў вельмі беднай сям'і дванаццатым па ліку дзіцем. Пасля яго быў яшчэ адзін брат. Але выгадавалася толькі шасцёра дзяцей, астатнія памерлі ў дзіцячым узросце. «Медыцынскай дапамогі не было, дзейнічаў натуральны адбор», — уздыхае пенсіянер.

— Што помню з дзяцінства? — пачынае ён свой расказ. — Працаваў, здаецца, з самых малых гадоў. Гэта ўжо падлеткам стаў араць, баранаваць, а малы найбольш кароў пасвіў. Уставаць даводзілася рана, прыйдзеш, бывала, позна ўвечары ды адразу ўпадзеш спаць. Хто там ногі мыў! Пасцель у асноўным была з сена. Так вось і жылі... Хадзіў найбольш у лапцях. Толькі ў 1947 годзе перад паступленнем у педвучылішча знайшоў нейкія нямецкія галёшы. Смяяліся з іх гарадскія аднакурснікі, але ж не я адзін такі быў. Ой, цяперашняму пакаленню і не раскажаш, не павераць. Ва ўсіх нас колькі вопраткі, абутку, у халадзільніку ўсяго поўна. А ў маім дзяцінстве, калі быў кавалак сала да хлеба, гэта ўжо вельмі добра.

Бацька хацеў, каб я пайшоў у святары, але адзін са сваякоў параіў падавацца ў настаўнікі. І пасля доўгага роздуму я прыняў рашэнне. Можна сказаць, у адзін міг рашыў. А было вось так: мы з мамай жалі грэчку, я палец парэзаў, прыйшоў дадому з поля. Пачуў, што машына з лесам ідзе на Брэст, апрануў, што было лепшае, паклаў у торбу хлеба з салам і напрасіўся да кіроўцы ў спадарожнікі. А да гэтага, не паверыце, нават у Кобрыне ні разу не быў.

Вось прыехаў у Брэст, ужо надвячорак, трэба ж недзе начаваць. Дзейнічаў як вясковы жыхар, паспрабаваў да людзей папрасіцца, зайшоў у бяднейшую хату каля Кобрынскага моста. І не прагналі, паслалі мне ў сенцах, побач з казою. Раніцай прачнуўся: ні хлеба, ні сала няма. Пайшоў шукаць вучылішча, знайшоў яго, паступіў і... скончыў у 1951 годзе.

Там Афанасій пасябраваў з прыгожай аднагрупніцай Верай. І перад самым выпускам, каб паехаць у адну школу, яны вырашылі распісацца. Для гэтага жаніху спатрэбіўся 1 рубель і 50 капеек, каб заплаціць пошліну, а грошай не аказалася, давялося ў выкладчыка пазычыць. Не было ні вяселля, ні сведак, ні багатага стала, але ж пражылі з Верай Міхайлаўнай 60 гадоў у згодзе. Выгадавалі траіх дзяцей, усіх вывучылі.

— А тады маладымі мы атрымалі накіраванне ў Гарадзец Кобрынскага раёна. Далі мне чацвёрты клас, — успамінае далей Афанасій Мікітавіч. — А там пераросткі, 14—15 гадоў. Да парадку не прывучаныя, пачаў менавіта з усталявання жорсткай дысцыпліны, і бацькі мяне падтрымалі, бо дзеці ваенных гадоў былі нярэдка запушчаныя ў выхаванні.

Успамін пра вайну

...У вайну мы шмат чаго перажылі. Сам не раз быў на краю гібелі. Недзе, мусіць, у 1942 годзе немцы з усіх бакоў акружылі Дзівін. Людзі падумалі, што будуць усіх знішчаць. І бацька пасадзіў мяне на каня, загадаў уцякаць у лес. Аказалася, ехаў ледзь не насустрач смерці, бо акупанты задумалі каварную рэч: яны стралялі ў тых, хто ўцякаў. Уцякаеш, значыць, баішся, значыць, партызан. Вось такая логіка была. Дык вось, куля зачапіла вуха майго каня, ён стаў, як укапаны. Давялося мне вяртацца дадому. Тады бацькі рашылі мяне схаваць у яме для бульбы. Пасадзілі, насыпалі зверху на дошкі зямлі, лісцем прыцерушылі. І праз некалькі гадзін я стаў там задыхацца ад недахопу паветра, добра, што бацька пачуў стогны.

Другім разам я ледзь не нарваўся на расстрэл. У нас мадзьяры стаялі. Каля суседняга хлява яны вінтоўкі паставілі, я рашыў адну ўкрасці і прыхаваць, падлетак жа, дурань яшчэ. І ўжо аднёс яе можа з паўкіламетра. Па дарозе сустрэў аднаго дзеда з нашай вёскі, ён стаў лаяць мяне: «Ты ж усю сям'ю пад расстрэл падвядзеш! Нясі назад хуценька!» Я і панёс, кухталёў надавалі, але, як бачыце, не забілі.

«Зайцам» — на самалёце

— У якія толькі гісторыі не трапляў па маладосці, — усміхаецца ветэран, — нават у турме пасядзеў, праўда, адну ноч, але ж страху нацярпеўся. І было гэта недзе ў 1947 ці 1948 годзе, адразу як паступіў у вучылішча. Уяўляеце, хацеў «зайцам» на самалёце пакатацца! Дадому ж хацелася ў выхадныя, транспарту ніякага не было. Аднойчы прыехаў, з Кобрына пешшу прыйшоў (35 кіламетраў. — Аўт.), а назад пехатою не хочацца. Дзівін жа быў райцэнтрам, пошту самалётам вазілі, кукурузнік такі, У-2, лётаў. Не раз бачыў гэтую працэдуру разгрузкі-загрузкі. Падводай прывозілі пісьмы, пасылкі, вазніца пераносіў груз у самалёт, потым ішоў у будку, дзе адпачываў лётчык, дакладваў, што загрузка скончана. Пакуль ён ішоў, я з-за куста скочыў у самалёт, схаваўся за тымі скрынямі ды і паляцеў у Брэст. Аэрадром быў недзе за цяперашнім чыгуначным вакзалам. Але вылезці з машыны непрыкметна не ўдалося. Мяне злавілі і даставілі ў турму як падазроны элемент. Дакументаў пры мне ніякіх не было, пакуль разабраліся, хто я ды што, ноч прайшла. А ранкам нейкі аператыўны работнік вывеў на двор і пад азадак нагой выпісаў напрамак. Так я пакінуў месца зняволення.

Работа, дом, сям'я

— Ну а калі стаў настаўнікам, то зрабіўся, вядома, сур'ёзным чалавекам. Даводзілася і дырэктарам школы працаваць у дваццаць з невялікім гадоў. Завочна скончыў педінстытут, выкладаў матэматыку. Мы з Верай Міхайлаўнай працавалі ў розных школах Кобрынскага, Маларыцкага раёнаў, потым вярнуўся ў Дзівін у бацькоўскі дом. Паставілі адразу інспектарам райана, а калі скасавалі раён у 1959 годзе, перайшоў у школу, дзе і працаваў да пенсіі, — расказвае ветэран.

А Вера Міхайлаўна пакінула пра сябе добрую памяць у аднавяскоўцаў не толькі як настаўніца, але як кіраўнік народнага хору Дома культуры. У яе быў цудоўны голас, і сваёй любоўю да песні яна заражала навакольных. Дваццаць гадоў кіравала хорам у Дзівіне. Муж ва ўсім падтрымліваў жонку, нярэдка выступаў акампаніятарам. Разам з Верай Міхайлаўнай яны марылі падарыць мясцоваму храму званы. Задуманае ажыццявіў ужо адзін. У яе памяць.

Ужо восем гадоў, як Афанасій Мікітавіч застаўся адзін. На сцяне каля рабочага стала змешчаны здымкі жонкі, дзяцей, унукаў. Дзеці раз'ехаліся па ўсёй былой вялікай краіне. А ўнукі ёсць і ў далёкім замежжы. Усяго ў Афанасія Мікітавіча шэсць унукаў, восем праўнукаў, ёсць ужо адзін прапраўнук. З цяперашнімі сродкамі сувязі ўсе без праблем змаглі павіншаваць дзядулю з юбілеем.

Ушанаванне ветэрана наладзілі ў сельскім Савеце. Прыйшлі павіншаваць вучні са школы, работнікі Дома культуры, іншых дзівінскіх устаноў. Старшыня сельвыканкама Вера ПІКУЛА адзначыла заслугі пенсіянера-педагога ў напісанні гісторыі мястэчка Дзівін. Асабліва каштоўным, на яе думку, выглядае раздзел дарэвалюцыйнай гісторыі, бо падзеі тых часоў мала хто ведае. Афанасій Мікітавіч правёў вялікую работу, працаваў у архівах, перачытаў шмат літаратуры, запісаў успаміны старэйшага сваяка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: Дзівінскі краязнавец

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.