Нельга сказаць, што агучаная адносна нядаўна прапанова знізіць дазволеную хуткасць руху ў населеных пунктах краіны да 50 кіламетраў у гадзіну падзяліла грамадства на два лагеры. Але тэма актыўна дыскутуецца ў асяроддзі кіроўцаў. Выказваюцца розныя пункты погляду.
Сваёй кампетэнтнай думкай на гэты конт падзяліўся прадстаўнік ДАІ краіны ў час работы канферэнцыі па выніках «Еўрапейскага тыдня мабільнасці — 2019», прысвечанага стварэнню бяспечных пешых і веласіпедных маршрутаў у вялікіх і малых гарадах. Паводле слоў начальніка аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі УДАІ МУС Беларусі Дзмітрыя Навоя, у яго калег ёсць разуменне таго, што сёння зрабіць 50 км/г на той вулічна-дарожнай сетцы, якая ў асноўным склалася яшчэ пры Савецкім Саюзе, вельмі складана.
Нават калі ўявіць, што ў Мінску ў гадзіну пік дазволяць аўтамабілям рухацца з хуткасцю аж 100 км/г, рэальная сярэдняя хуткасць будзе ўсё роўна ў межах 12—18 кіламетраў у гадзіну. Пробкі, заторы, святлафоры... Цяпер рыхтуюцца прапановы па структурызацыі ў краіне вулічна-дарожнай сеткі, якія ўлічваюць усе абставіны і ўмовы руху. Мяркуецца на асобных дарогах і вуліцах дазволіць рухацца з хуткасцю 70, 50 і 30 кіламетраў у гадзіну. Там, дзе дазволяць 50 км/г, прыярытэт будзе за змешаным трафікам: гарадскім грамадскім транспартам, веласіпедамі. На трасах з абмежаваннем 30 км/г аўтамабіль будзе на апошнім месцы: прыярытэт — за веласіпедамі.
Дарэчы, на думку Дзмітрыя Навоя, узнікае шмат аб'ектыўных цяжкасцяў і праблем па арганізацыі правільнага веласіпеднага руху. Гэтая работа вядзецца з улікам найлепшага міжнароднага досведу — напрыклад, па стварэнні веласіпедных пераездаў цераз дарогі. Таксама запланаваны сустрэчы УДАІ МУС з прадстаўнікамі веласіпеднай супольнасці Мінска, іншых гарадоў. А на пытанне, ці будзе 50 кіламетраў у гадзіну, прадстаўнік ДАІ параіў пачакаць канчатковага рашэння.
Леанід Тугарын
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.