У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.
1. На рахунку зборнай Беларусі па выніках дамашняга этапу Кубка свету па веласпорце на трэку дзве ўзнагароды. Залаты медаль у скрэтчы выйграў Яўген Каралёк, «бронзу» ў жаночай гонцы па ачках заваявала Таццяна Шаракова.
Нагадаем, Мінск прымаў першы ў алімпійскім сезоне этап Кубка свету па веласпорце на трэку з 31 кастрычніка да 3 лістапада. У спаборніцтвах удзельнічалі 57 камандаў з 44 краін свету. Наступны этап Кубка свету праз тыдзень будзе прымаць шатландскі Глазга.
2. Аліна Змушко заваявала бронзавы медаль на дыстанцыі 50 м брасам на шостым этапе Кубка свету па плаванні ў Казані. Раней Змушко таксама паказала трэці вынік на дыстанцыі 100 м брасам.
Удзел у турніры ўзялі каля 200 атлетаў. Наступным стартам для беларускіх плыўцоў стане сёмы этап Кубка свету, які пройдзе 7-9 лістапада ў Досе (Катар).
3. Адбыліся матчы 27-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Брэсцкае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр» не выявілі пераможцу — 1:1, а футбалісты барысаўскага БАТЭ нечакана саступілі на сваёй арэне «Іслачы» — 2:4. Вынікі іншых сустрэч 27-га тура: «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — «Дынама» (Мінск) — 4:0, «Дняпро» (Магілёў) — «Віцебск» — 2:0, «Мінск» — «Слуцк» — 1:0, «Гарадзея» — «Нёман» (Гродна) — 1:0.
Такім чынам, за тры туры да фінішу адрыў брэсцкага «Дынама» ад БАТЭ павялічыўся да сямі ачкоў. Становішча ў групе лідараў пасля 27 тураў: «Дынама» (Брэст) — 68 ачкоў, БАТЭ — 61, «Шахцёр» — 59, «Дынама» (Мінск) — 47, «Іслач» — 45, «Тарпеда-БелАЗ» — 45.
Бамбардзірскую гонку ўзначальвае Ілья Шкурын («Энергетык-БДУ»), які забіў 17 мячоў. Матчы 28-га тура пройдуць 8-10 лістапада.
4. Арына Сабаленка паднялася на 11-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Дагэтуль беларуска займала 14-ю пазіцыю, а пасля перамогі на малым выніковым турніры WTA ў кітайскім Чжухаі перамясцілася на тры пазіцыі вышэй. Лідзіруе ў рэйтынгу Эшлі Барці (Аўстралія), на другім месцы — Караліна Плішкава (Чэхія), на трэцім — Наомі Осака (Японія).
Вікторыя Азаранка займае 50-е месца, Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 67-й пазіцыі, у Вольгі Гаварцовай 194-е месца, Вера Лапко займае 328-ы радок сусветнага рэйтынгу.
5. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова пацярпеў пятае паражэнне ў Лізе чэмпіёнаў, саступіўшы ў гасцях македонскаму «Вардару» — 31:36. Самым выніковым у складзе БГК стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў дзевяць мячоў. Такім чынам, у шасці праведзеных гульнях беларускі клуб атрымаў толькі адну перамогу, абыграўшы ў сябе дома ўкраінскі «Матор» з Запарожжа.
Турнірнае становішча ў групе зараз такое: «Кіль» — 11 ачкоў, «Вардар» — 8, «Віве» — 7, «Манпелье» — 7, «Веспрэм» — 6, «Порту» — 6, БГК — 2, «Матор» — 1.
БГК свой наступны паядынак Лігі чэмпіёнаў правядзе 9 лістапада ў сябе дома супраць «Веспрэма».
Дар'я Лабажэвіч
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.