Энергаэфектыўныя мерапрыемствы з дзяржпадтрымкай падчас капітальнага рамонту будуць праводзіцца ў краіне са снежня, калі ўступіць у сілу Указ Прэзідэнта № 327. Палову грошай на мадэрнізацыю дома з улікам усіх пажаданняў жыхароў заплаціць бюджэт. Уласнікі будуць уносіць сваю палову памесячна на працягу дзесяці гадоў. Такога старога шматкватэрнага жылля ў Беларусі, якое не адпавядае нормам ні па ацяпленні, ні па архітэктуры, ні па камфорце, каля 170 мільёнаў м2. Што і як з ім рабіць? Слова спецыялістам.
Дзесяць гадоў растэрміноўкі
Большасць жылля ў нашай краіне была збудавана яшчэ да 1996 года і цяпер не адпавядае нормам, якія прад'яўляюцца да сучасных будынкаў. Таму капрамонт — тэма, якая на ўзроўні ўрада ўключана ў дзяржаўную праграму, заўважыў Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Беларусі.
Сёлета краіна па тэмпах капрамонту выходзіць на 2,8 % ад колькасці ўсяго жылля, якому патрэбна аднаўленне. За дзевяць месяцаў работы ўжо відаць, што фактычна ўсе вобласці, акрамя сталіцы, выканаюць аб'ёмы даведзенага задання. А ўжо налета, як пісала «Звязда», плануецца, што жылля ў Беларусі будуць рамантаваць як мінімум 3 % штогод. Нягледзячы на тое, што работы па цеплавой мадэрнізацыі будынкаў не ўваходзяць у капітальны рамонт, рэалізоўваць энергаэфектыўныя мерапрыемствы сумесна жыхары і дзяржава змогуць са снежня з уступленнем у сілу ўказа Прэзідэнта.
— Асноўны прынцып такога мерапрыемства — добраахвотнасць. Рашэнне аб неабходнасці рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў у жыллі прымаюць выключна ўласнікі большасцю галасоў, — расказаў прадстаўнік Мінжылкамгаса. — Пры гэтым прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў будуць праводзіць пэўную работу з людзьмі. Перш за ўсё размаўляць адносна магчымасці арганізацыі паралельных энергаэфектыўных мерапрыемстваў з жыхарамі тых дамоў, якія стаяць на ўліку ў перспектыўных і бягучых графіках капрамонту. І тых дамоў, якія сёння па класіфікатары маюць найменшыя энергаэфектыўныя характарыстыкі. Палова агульнай сумы затрат ляжа на бюджэт.
Пры гэтым у некалькіх варыянтах будзе пралічаны папярэдні прыблізны ацэначны кошт такога мерапрыемства, а таксама максімальны эфект ад яго правядзення. Агульнымі намаганнямі дзяржавы і ўласнікаў мяркуецца зменшыць энергаспажыванне ў дамах пасля капрамонту ў ідэале напалову, каб траціць на ацяпленне не больш як 90 кВтгадз/м2 у год, аднак рэальна разлічваюць хоць бы на паляпшэнне ў 30—40 %.
Канчатковы аб'ём і від работ прымаецца ўласнікамі, на падставе чаго будзе распрацоўвацца адпаведны праект. Аплаціць работы цалкам бюджэт, а сваю палову жыхары будуць уносіць цягам дзесяці гадоў адпаведна памеру долі ў доме. Па прыблізных разліках, такія выплаты складуць дадаткова да «камуналкі» ад 17 да 23 рублёў штомесяц. Гэтыя плацяжы будуць улічвацца таксама пры разліку безнаяўных жыллёвых субсідый — долю грамадзян, якія маюць фінансавыя праблемы і не могуць плаціць за мадэрнізацыю, таксама пакрые дзяржава. Гранічныя нормы затрат на капрамонт аднаго квадратнага метра ўстаноўлены ў залежнасці ад колькасці паверхаў і кватэр, а сярэдні памер кошту мадэрнізацыі м2 — каля 160 рублёў. Разам з тым для «квадрата» ў 9-павярховіку ў сталіцы гэта прыкладна 200—225 рублёў.
Дэкрэтам Прэзідэнта № 7 ужо была спрошчана працэдура па капрамонце. Цяпер, каб пачаць яго, не трэба атрымліваць узгадненне ў мясцовых органаў улады. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя, пры неабходнасці праводзіцца дзяржэкспертыза і пачынаецца рамонт. Гэта спрасціла працэдуру па часе і фінансах, удакладніла Наталля ГУРКОВА-МАСЛАВА, начальнік аддзела праектнай дзейнасці галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва:
— Адміністрацыйная працэдура па атрыманні дазвольнай дакументацыі, напрыклад, займала ад 15 дзён да месяца. Збор Тэхнічных умоў, якія цяпер збіраюцца па неабходнасці, а не абавязкова, таксама дазволіў выйграць дадатковы час. Акрамя таго, па даручэнні Саўміна праводзіцца работа па ўнясенні змен у ТКП «Рамонт, рэканструкцыя, рэстаўрацыя жылых і грамадскіх будынкаў. Асноўныя патрабаванні па праектаванні». У гэтым дакуменце вызначаны, у прыватнасці, пералік работ, якія маглі здзяйсняцца падчас капрамонту. Цяпер гэты пералік карэкціруецца.
Рэканструкцыя ў прасторы і часе
У Беларусі эксплуатуецца 265 млн м2 жылля, з іх 190 мільёнаў м2 збудавана да 1994-га, калі ў краіне ўпершыню былі ўзмоцнены нормы адносна супраціўлення цеплаперадачы канструкцый будынкаў. Прычым 20 мільёнаў метраў — пяціпавярховікі-«хрушчоўкі», якім ужо больш за 50—60 гадоў.
Стары фонд вельмі энергаёмісты. Сучаснае жыллё будуецца з разлікам патрэб энергіі на ацяпленне ў межах 40—60 кВтгадз/м2, а старыя будынкі спажываюць ад 130 да 170 кВтгадз/м2. Такім чынам, прыкладна 35 % усіх энергарэсурсаў краіны траціцца на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне такога жылля, адзначыў Уладзімр ПІЛІПЕНКА, галоўны навуковы супрацоўнік ДП «Інстытут жылля — НДПТІБ імя С. С. Атаева»:
— У пасляваенны час, калі большасць дамоў была зруйнавана, праблему жылля вырашылі за кошт «хрушчовак», аднак цяпер гэтае старое жыллё не адпавядае планіровачным і архітэктурным рашэнням. Праблему прывядзення старога жылля да сучасных спажывецкіх якасцяў вырашаць трэба комплекснай рэканструкцыяй жылых масіваў. Калі параўнаць нарматывы шчыльнасці забудовы жылля, якое стваралі да 90-х гадоў, і цяперашнія, то шчыльнасць павысілася на 40—50 %. І раёны пяціпавярховікаў маюць істотныя рэзервы для ўшчыльнення.
Сумяшчаць у прасторы і часе новае будаўніцтва і рэканструкцыю дамоў спрабавалі ў 2001—2006 гадах НДПТІБ сумесна з Мінжылкамгасам, распрацаваўшы праграму комплекснай рэканструкцыі жылых масіваў, нагадаў прадстаўнік навуковай установы:
— Мы хацелі стварыць у Мінску мікрараён з ушчыльненнем забудовы за кошт надбудовы верхніх паверхаў і мансардаў. Спробы былі рэалізаваныя, у прыватнасці, на дамах па вуліцы Кахоўская, 60, Гвардзейская, 1а. Была ідэя прыцягнуць да гэтай справы прыватных інвестараў, якія б аплацілі капрамонт, а надбудаваныя паверхі прадавалі б па рыначным кошце, што стала кампенсацыяй іх затрат на мадэрнізацыю дома.
На жаль, жылыя дамы, дзе можна было б надбудаваць мансарды, выклікаюць у інвестараў усё менш зацікаўленасці і як вынік — іх удзел у капрамонце ўвогуле. Указ № 657 ад 2007 года, які датычыцца дамоў вышынёй да пяці паверхаў і дзейнічае дагэтуль, прадугледжвае да 10 % удзелу інвестара ў фінансаванні капрамонту існуючага аб'екта, і толькі мясцовыя ўлады вырашаюць канчатковы памер такога ўдзелу, удакладніў Андрэй Рамашка. Так што вярнуцца да практыкі змянення вобліку дамоў з адначасовай іх мадэрнізацыяй пакуль не ўяўляецца рэальным. І ў правядзенні незапланаваных работ спадзеў застаецца на дамову паміж уласнікамі жылля і дзяржавай.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.