Вы тут

Пенсіі для працоўных мігрантаў. Як забяспечыць свае правы?


Не сакрэт, што нямала жыхароў Гродзенскай, Брэсцкай і іншых абласцей выязджаюць на работу ў Польшчу. Хтосьці ўладкоўваецца легальна: будаўнікі, выкладчыкі, медыкі, кіроўцы-дальнабойшчыкі і г. д. Але шмат людзей едзе на сезонныя работы, напрыклад, па зборы садавіны і агародніны, грыбоў-шампіньёнаў, працуе вахтавым метадам на прыборцы гасцініц, гіпермаркетаў. Як ім забяспечыць свае пенсійныя правы?


Дзеля гэтага нядаўна на сёмай сесіі Савета Рэспублікі быў зацверджаны праект закона аб ратыфікацыі дагавора паміж Беларуссю і Польшчай аб сацыяльным забеспячэнні. У ходзе яго прадстаўлення міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч звярнула ўвагу на тое, што сёння вядзецца работа і з іншымі краінамі над падобнымі пенсійнымі дагаворамі.

Галоўная мэта апошніх — гарантаваць грамадзянам абедзвюх краін фарміраванне сацыяльных (пенсійных) правоў і іх рэалізацыю незалежна ад месца жыхарства. Напрыклад, сёння ў Чэхіі працуе значная колькасць нашых грамадзян — больш за дзве з паловай тысячы (па афіцыйнай інфармацыі чэшскага боку). Гэтыя людзі, як правіла, з часам вяртаюцца на сталае жыхарства ў Беларусь, і пенсійнае пытанне для іх надзвычай актуальнае. Дык вось, 1 кастрычніка 2019 года набыў сілу дагавор паміж Беларуссю і Чэхіяй аб пенсійным забеспячэнні. Цяпер, калі ў нас пры прызначэнні пенсіі не ўлічаны чэшскі працоўны стаж, за яго прызначыць пенсію Чэхія.

Дарэчы, і з іншых краін з набліжэннем пенсійнага ўзросту вяртаюцца на радзіму працоўныя мігранты, так бы мовіць, беларускага паходжання. У іх таксама паўстае пытанне: як атрымаць пенсію за гады работы ў замежнай дзяржаве? Зразумела, усім хочацца мець калі не максімальна магчымую, то ва ўсякім разе добрую пенсію. Але перашкаджаюць «белыя» плямы ў працоўных кніжках, адсутнасць дакументаў аб уплаце страхавых узносаў за перыяд работы ў іншай краіне. А значыць, людзі могуць застацца без пенсійных выплат за гады працоўнай міграцыі. І гэта несправядліва. Аднак не ўсё так безнадзейна.

Асаблівасці рэалізацыі міжнародных дагавораў аб пенсійным забеспячэнні нашых суграмадзян, якія пэўны час працавалі ці працуюць цяпер за мяжой, нам патлумачыла начальнік упраўлення рэгулявання пенсійных адносін Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алена Гомарава. Напачатку паспрабуем разабрацца, што з'яўляецца прадметам прававога рэгулявання гэтых дагавораў.

— Залежыць ад іх зместу. У адных прапісаны толькі пытанні пенсійнага забеспячэння, як у пагадненні з той жа Чэхіяй. У дакументах з іншымі краінамі (Літва, Латвія, Расія) яшчэ ўказаны і сацыяльныя выплаты. Напрыклад, з Расіяй даволі шырокі дагавор: у ім прадугледжаны выплаты па беспрацоўі, мацярынстве, на пахаванне і гэтак далей. Дарэчы, і ў дагаворы з Польшчай, які яшчэ не набыў сілу, таксама будуць розныя сацыяльныя выплаты. У тым ліку і страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці, — тлумачыць суразмоўніца.

Дарэчы, грамадзяніну, які пражывае ў Беларусі, па прызначэнне пенсіі з улікам нормаў міжнародных дамоваў не трэба ехаць у дзяржаву, дзе ён некалі працаваў. Дастаткова звярнуцца з неабходнымі дакументамі ў мясцовы орган, які ажыццяўляе пенсійнае забеспячэнне. Ён самастойна сфарміруе камплект неабходных дакументаў і накіруе яго ў кампетэнтны орган адпаведнай дзяржавы, рэкамендуе Алена Гомарава.

Цікавае пытанне, якое хвалюе, бадай, кожнага працоўнага мігранта: дзе і ў якой валюце будуць выплачвацца пенсіі? Суразмоўніца кажа: па месцы жыхарства грамадзяніна. Як правіла, выплата ажыццяўляецца ў нацыянальнай валюце дзяржавы пражывання пенсіянера. Гэта вызначаецца ў міжнароднай дамове. Па дамове з Чэхіяй пенсіі будуць выплачвацца ў еўра.

Аднак ёсць і выключэнні. Напрыклад, не распаўсюджваюцца палажэнні міжнародных дагавораў аб пенсійным забеспячэнні на ваенаслужачых, бо ў Беларусі для іх свая пенсійная сістэма.

Калі засталіся пытанні, адказы па іх можна атрымаць ва ўпраўленні працы і сацыяльнай абароны па месцы жыхарства. Можна патэлефанаваць у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з 9.00 да 10.30 у рабочыя дні на інфалінію па тэлефоне 8 (017) 309-9-309.

Леанід Лахманенка

Прэв'ю: 1obl.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.