Вы тут

Спінальнікам дазволяць кіраваць аўтамабілем


А медыцынская рэабілітацыя ў Беларусі стане больш працяглай.


У новых пастановах Міністэрства аховы здароўя здымаюцца абмежаванні на кіраванне транспартным сродкам інвалідам са спінальнай траўмай. Разглядаецца і пытанне аб змяненні нормаў забеспячэння сродкамі рэабілітацыі. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір КАРАНІК падчас рэспубліканскага міжведамаснага савета па справах інвалідаў.

«Падыходы да рэабілітацыі таксама будуць змяняцца. Мы вывучаем міжнародны досвед: у многіх заходніх краінах рэабілітацыя праводзіцца больш працягла — да той пары, пакуль ёсць станоўчыя зрухі, пакуль не вычарпаны патэнцыял рэабілітацыйных мерапрыемстваў», — адзначыў Уладзімір Каранік.

Па яго словах, у Беларусі скасаваны абмежаванні на санаторна-курортнае лячэнне для пацыентаў са спінальнай траўмай, якое больш апраўдана на позніх этапах рэабілітацыі. У прыватнасці, санаторыі забяспечваюць не толькі фізіятэрапію, але і даюць больш магчымасці для зносін у параўнанні з бальніцай.

«Методыкі рэабілітацыі, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі, адпавядаюць найлепшым замежным аналагам. Дзе на сёння яшчэ, магчыма, ёсць праблемы — гэты ў комплексным падыходзе, менавіта медыка-сацыяльнай рэабілітацыі. Да гэтага пытання павінны падключацца і неўрадавыя арганізацыі», — мяркуе міністр аховы здароўя.

Найлепшае — для найлепшых

Што да ўмоў для медыцынскіх работнікаў (гэту тэму ўзняў Прэзідэнт, наведваючы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава на мінулым тыдні), Уладзімір Каранік паведаміў, што пры паступленні ў медыцынскія ВНУ назіраецца адзін з самых высокіх конкурсаў і адзін з самых высокіх уступных балаў.

«Па традыцыі, яшчэ, напэўна, з савецкіх часоў, ідуць найбольш падрыхтаваныя выпускнікі. І гэта тэндэнцыя захоўваецца. Да ўтрымання на рабочым месцы і ўвогуле ў сістэме робяцца вялікія крокі. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што мы і далей працягнем такую работу: гэта забеспячэнне жыллём, пацверджана заданне па ўдваенні зарплаты да 2025 года», — нагадаў спікер.

У медыцыну, як правіла, ідуць захопленыя людзі, нераўнадушныя да ўмоў, у якіх давядзецца працаваць. І даручэнне Прэзідэнта забяспечыць беларускіх урачоў самым сучасным абсталяваннем і годнымі ўмовамі працы таксама дазволіць утрымаць медыкаў.

Уладзімір Каранік паведаміў, што парк абсталявання ў Беларусі пастаянна папаўняецца. Сёння ў краіне працуе 92 камп'ютарныя тамографы (сёлета пастаўлена больш за дзесяць новых апаратаў), частка ангіёграфаў зараз у працэсе пастаўкі.

«Будзе створана сістэма кантролю. Каб мы былі ўпэўненыя: калі клініка акрэдытавана для аказання пэўнага віду дапамогі, значыць, гэта дапамога аказваецца ў адпаведнасці са стандартамі і на тым узроўні, на якім гэта неабходна», — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Надзённым застаецца і пытанне чэргаў на аперацыі. Міністр аховы здароўя бачыць некалькі механізмаў рашэння: па-першае, дакладная лагістыка руху пацыентаў.

«Калі дапамога можа быць аказана на годным узроўні ў вобласці — там яе і мусяць атрымаць пацыенты. У РНПЦ павінны канцэнтравацца найбольш складаныя выпадкі», — абазначыў Уладзімір Каранік.

Яшчэ адзін кірунак — абнаўленне парку абсталявання і забеспячэнне яго стабільнай работы.

Сілай думкі

Летась у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі атрымалі лячэнне 8878 пацыентаў. Спецыялісты правялі 5795 аперацыі. Удзельнікі выязнога пасяджэння савета па справах інвалідаў адну з такіх аперацый пабачылі на ўласныя вочы.

Знаёмства з работай цэнтра ўключыла і наведванне аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, дзіцячага аддзялення, лячэбных кабінетаў. Пасля размовы са спецыялістамі і пацыентамі, якія атрымліваюць фізіятэрапію, намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА адзначыў, што менавіта «на месцах» павінны задаваць трэнд. Віцэ-прэм'ер заклікаў не саромецца і патрабаваць ад улады закупак інавацыйных апаратаў.

Да таго ж ён сарыентаваў прамысловасць на стварэнне якасных надзейных пратэзаў і абсталявання.

«Нашы людзі мусяць атрымліваць самую высокатэхналагічную, самую лепшую дапамогу», — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Прагноз спрыяльны

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.