Вы тут

Як падрыхтаваць сад да зімы?


Увосень акрамя збору ўраджаю ў дачнікаў ёсць яшчэ адна немалаважная задача — падрыхтоўка саду да зімы. Каб у наступным годзе зноў паласавацца пладамі, важна правільна апрацаваць расліны і глебу пад імі ад хвароб і шкоднікаў.


Восеньская апрацоўка саду ўключае ў сябе апырскванне кроны кустоў і дрэў інсектыцыдамі і фунгіцыдамі, перакопку глебы, унясенне ўгнаенняў і абарону раслін ад грызуноў.

З надыходам халадоў цеплалюбівыя культуры дадаткова ахінаюць спанбондам і мульчыруюць пілавіннем, торфам, сухім лісцем і іншымі матэрыяламі.

Сродкі абароны ад шкоднікаў

Ранняй восенню з дрэў здымаюць і спальваюць лоўчыя поясы разам з вусенямі яблыневай пладажэркі, якія туды забраліся, даўганосікамі і іншымі садовымі шкоднікамі.

З надыходам халадоў насякомыя для зімовай спячкі закопваюцца ў глебу прыствольных кругоў і пад кару раслін, таму перш за ўсё варта ачысціць штамбы ад старой кары, моху і лішайнікаў, замазаць раны садовым варам і пабяліць дрэвы адмысловым растворам з дабаўленнем меднага купарвасу.

Незадоўга да наступлення маразоў штамбы пладовых дрэў трэба абараніць ад грызуноў. Для гэтага ствол абвязваюць яловымі лапкамі, металічнай сеткай, разрэзанай пластыкавай бутэлькай або руберойдам.

Чым апырскваць кусты і дрэвы

Сярод садаводаў найбольш папулярная апрацоўка раслін пасля лістапада 3-працэнтнай бардоскай вадкасцю. Гэты сродак дапамагае знішчыць небяспечныя грыбкі — узбуджальнікі паршы, мучністай расы, гніляў і іншых хвароб. Пры дапамозе адмысловага балона пад ціскам або пульверызатара старанна апырскваюць усе пладовыя дрэвы, ягадныя кусты (у тым ліку сунічнік), а таксама шматгадовыя дэкаратыўныя культуры.

Пасля лістападу крону кустоў і дрэў і глебу пад імі апырскваюць растворам мачавіны (карбаміду). Для яго прыгатавання 500—700 г прэпарату разводзяць у 10 л вады. Гэта выдатная прафілактыка паршы і плямістасцяў.

Яблыневы сад можна дадаткова апырскваць 5-працэнтным жалезным купарвасам.

Усе апырскванні праводзяць у сухое і зацішнае надвор'е і не забываюць пра меры бяспекі. Падчас апрацоўкі саду чалавек павінен быць у рэспіратарнай масцы, гумавых пальчатках, ахоўным халаце і акулярах для засцярогі вачэй ад пападання хімікатаў.

Перакопка глебы

Пры падрыхтоўцы грунту да зімы перш-наперш трэба прыбраць з участка ўсё лісце. У ім могуць жыць садовыя шкоднікі і грыбковыя споры, таму не рэкамендуецца пакідаць любую расліннасць на паверхні зямлі. Пасля заканчэння лістападу і стараннай уборкі прыступаюць да восеньскай перакопкі глебы.

Зямлю перакопваюць з дапамогай вострай рыдлёўкі на глыбіню 15—20 см у міжраддзях і 10—15 см па праекцыі кроны кустоў і дрэў. Не вельмі шчыльную глебу досыць прарыхліць граблямі або пласкарэзам Фокіна.

Падчас гэтай працэдуры неабходна выдаліць шматгадовае пустазелле і лічынкі шкоднікаў, якія з'явіліся на паверхні грунту. Затым рэкамендуецца ўнесці фосфарныя і калійныя ўгнаенні.

Пад кожную дарослую яблыню і грушу ўносяць 300 г суперфасфату і 200 г сульфату калію. Угнаенні закопваюць разам з арганікай альбо насыпаюць у прыствольны круг і паліваюць вадой. Для слівы і вішні прэпараты трэба развесці ў прапорцыі 3 ст. л. суперфасфату на 10 л вады і 2 ст. л. сульфату калію на 10 л вады. Пад кожную дарослую расліну выліваюць 4-5 вёдраў атрыманага раствору. Дзякуючы гэтым угнаенням падвысіцца зімаўстойлівасць раслін.

На збедненым участку рэкамендуецца ўнесці ў глебу паўперапрэлы гной, а пры неабходнасці знізіць кіслотнасць грунту — яшчэ і шчолач (молаты вапняк, гашаную вапну, даламітавую муку або драўняны попел).

Загаловак у газеце: Апрацоўка саду ўвосень

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Брэстчына адзначыла юбілей

Брэстчына адзначыла юбілей

Падарункі да свята і слаўная гісторыя.

Музыка

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.