Вы тут

Чэмпіёнка свету па кікбоксінгу: Я толькі пачынаю свой шлях у боксе


На сёлетнім чэмпіянаце свету па боксе ва Улан-Удэ Кацярына Кавалёва стала бронзавым прызёрам. Яна адзіная з беларускай каманды заваявала медаль на гэтым турніры. Хоць трэніравалася Каця перад стартам толькі пару месяцаў, таму што да гэтага займалася кікбоксінгам, дзе станавілася чэмпіёнкай свету. Кавалёва мела поспех і прызнанне і ў ММА, а пачынала сваю кар'еру ў спорце наогул з каратэ і тэквандо. Яе жыццёвая гісторыя цікавая не толькі з пункту гледжання спорту. У дзяцінстве Каці часам даводзілася хадзіць на трэніроўкі пешшу па восем кіламетраў у адзін бок, з 14 гадоў яна пачала падпрацоўваць, каб фінансава дапамагаць сваёй сям'і. У 18 дзяўчына ахоўвала гаражы ў адным з не самых спакойных раёнаў Магілёва, потым працавала ахоўнікам у розных мінскіх установах, а пазней з'ехала ў Бахрэйн і трэніравала там членаў каралеўскай сям'і. Пра гэтыя перыпетыі свайго жыцця Кацярына Кавалёва расказала ў інтэрв'ю чытачам «Звязды».


«Дзяўчаты вельмі агрэсіўныя, пачуцця спагады няма»

— Кацярына, першы чэмпіянат свету па боксе адразу стаў для вас медальным. Задаволеныя сабой?

— Я лічу, што за кароткі перыяд падрыхтоўкі паказала максімум таго, што магу зрабіць на сённяшні момант. Але гэта не мяжа, я толькі вучуся. У нейкай ступені задаволеная турнірам, таму што стала больш камфортна адчуваць сябе на рынгу, для мяне гэта важна. Нікога нагамі ўжо не б'ю (усміхаецца), прывыкаю да правілаў.

Пасля чэмпіянату свету даведалася, што ў мяне пералом рукі, адчула хруст яшчэ падчас паядынку, потым з'явіўся боль. Аказалася, што траўму атрымала яшчэ за два тыдні да чэмпіянату свету на зборах у Стайках. Тады доктар паглядзеў руку, усё было нармальна, але аказалася, што гэта быў сур'ёзны пералом, косці не разышліся, а ўпіліся адна ў адну і зрушыліся пад вуглом. Урачы кажуць, што цяпер ужо позна штосьці рабіць, у тым ліку ламаць косці зноў, нейкі час давядзецца пахадзіць з лангеткай, а затым зноў прыступім да трэніровак.

— Медаль на чэмпіянаце свету ў перадалімпійскі год заўсёды дае пэўныя надзеі. Крыўдна, што вага, у якой вы выступаеце, пакуль не ўваходзіць у алімпійскую праграму?

— Я часта думаю наконт алімпійскай вагі. Чыста тэарэтычна магу схуднець да патрэбных 73 кілаграмаў і трапіць на Гульні, але што ад мяне застанецца... Буду на рынгу замест канатаў (смяецца). Хто сочыць за маёй кар'ерай, ведае, што доўгі час я важыла каля 107 кілаграмаў, на цяперашнім чэмпіянаце свету была ўжо 91-92, і так скінула даволі шмат.

— Пасля вашага пераходу з кікбоксінга і ММА ў бокс прайшло не так шмат часу.

— Я завязала з кікбоксінгам і змешанымі адзінаборствамі ў 2017 годзе, у 2018-м не трэніравалася, аднаўлялася пасля траўмы. Затым тры месяцы трэніравалася ўжо ў боксе ў Турцыі, у вядомым клубе «Фенербахчэ». Пасля прыезду ў Беларусь папрацавала яшчэ пару месяцаў і паехала на чэмпіянат свету. Галоўнай прычынай пераходу з кікбоксінга ў бокс была траўма калена.

Два гады таму ўрачы параілі мне завязваць са спортам, пасля чаго практычна на год я пагрузілася ў сур'ёзную дэпрэсію. Я была на піку сваёй кар'еры, мяне ўсюды запрашалі, цікавіліся мной, я выйграла чэмпіянат свету, трэніравалася з вядомымі байцамі, і тут увесь гэты свет разбурыўся.

Дзесьці ў глыбіні сябе я знайшла сілы і на чарговым прыёме ў доктара задала пытанне: «А, што наконт бокса? Там жа нагамі біць нельга, гэта значыць, па калене мяне ніхто не ўдарыць». Ён сказаў, што я самая дзіўная спартсменка, якую ён бачыў. Было складана, таму што маімі асноўнымі відамі спорту былі каратэ і тэквандо, нават у кікбоксінгу я вельмі часта выкарыстоўвала свае ногі, а вось рукі ў мяне заўсёды былі ніякія. А тут атрымліваецца, што ў 28 гадоў я стала займацца іншым відам спорту. Шчыра скажу, што самым складаным у гэтым пераходзе было прапускаць удары на трэніроўках, прыходзілася больш заставацца ў зале, штосьці ўвесь час адпрацоўваць. Але пра свой пераход не шкадую, усё так цікава складваецца, я выдатна разумею, што толькі пачынаю свой шлях у боксе. У камандзе бачаць, што я прагрэсірую вельмі хутка, зараз пераязджаю ў Мінск, каб трэніравацца тут ужо на пастаяннай аснове ў Сяргея Аляксандравіча Пыталева.

— Многія адзначаюць, што жаночы спорт больш жорсткі, чым мужчынскі, гэта адносіцца да бокса?

— Вядома, гэта кашмар. Я чакала ўбачыць разумны, тэхнічны бокс, а там проста мясарубка. Калі дзяўчаты пачынаюць псіхаваць на рынгу, ужо не наносяць удары, а кідаюцца, як кошкі. Вельмі агрэсіўныя, пачуцця спагады няма. У адрозненне ад мужчынскага бокса, дзяўчаты любяць парушаць правілы, я была ў шоку, але некаторыя прымудраліся нават кідкі рабіць, біць па патыліцы, мне здаецца, калі б у нас не было шлемаў, то і валасы б выдзіралі адна адной.

— Болевы парог у вас ужо, вядома, паніжаны?

— Так, я ж баксіравала з пераломам. На рынгу выпрацоўваецца адрэналін і боль адчуваеш не так. За кар'еру ў мяне пакутавалі не толькі рукі, ногі, але і твар, вясной была сур'ёзная аперацыя — выпадкова зламалі нос. Ад удару ён сышоў уніз, таму ўздымалі косткі, заадно зламалі стары пералом. Гэта мяне, вядома ж, не спыняе, ды і родныя ўжо прывыклі, змірыліся. У сям'і мой выбар і маё рашэнне заўсёды паважаюць.

«Я і выводзіла людзей, і разнімала, і выносіла»

— Неяк вы прызнаваліся, што хацелі біцца з самага дзяцінства, адкуль такое жаданне можа ўзнікнуць у дзіцяці?

— Калі мне было сем гадоў, брата аддалі на бокс, я крычала: «Тата, я таксама хачу!» Таму што ў брата былі такія класныя пальчаткі, груша, прыгожы шлем, прыгожыя фоткі на рынгу. А мяне вадзілі на акрабатыку, якую я ўсё жыццё ціха ненавідзела. Тата казаў, што дзяўчынка павінна займацца альбо акрабатыкай, альбо танцамі. Я плакала, маліла. А потым бацькі развяліся, і ў мяне была сур'ёзная размова з мамай, яна мяне пачула і адвяла не на бокс, вядома, але хоць бы на каратэ.

Доўгі час я ім займалася, але заўсёды хацела паспрабаваць што-небудзь больш жорсткае, кікбоксінг або тайскі бокс. Мне сказалі, што гэта не алімпійскія віды спорту, маўляў, паспрабуй тэквандо. Паспрабавала і нават павінна была паехаць на адборачны турнір да Алімпіяды ў Лондане ў 2012 годзе, але ў мяне тады здарылася сур'ёзная траўма. Гэты турнір, дарэчы, выйграла ўкраінка, якую я перамагала літаральна за некалькі тыдняў да гэтага адбору.

— У сваім мінулым інтэрв'ю вы адзначалі, што ў дзяцінстве часам даводзілася хадзіць на трэніроўкі пешшу...

— Мяне і брата мама выхоўвала адна, грошай не хапала, у нейкія перыяды іх не было нават на праезд, таму і ў дождж, і ў снег хадзіла на трэніроўку пешшу. У нейкі момант не было магчымасці плаціць за заняткі каратэ, пра гэта ведаў мой трэнер Уладзімір Анатолевіч Тарасенка. Ён мне як бацька, таму ўсё роўна дазваляў трэніравацца. З 14 гадоў я пачала падпрацоўваць, каб дапамагаць сям'і. У той час у Магілёве дзесьці на пустцы за мостам была неасветленая тэрыторыя гаражоў, і я яе ахоўвала. Там быў сабака, алабай, я з бітой і ліхтарыкам і невялікая будка з буржуйкай. Зімой было вельмі холадна, таму што мышы з'елі ўсю прашыўку ў сценах, даводзілася калоць дровы, каб грэцца. Памятаю, яшчэ там быў шлагбаум на вяровачцы, яго трэба было тузаць, адкрываць, правяраць пропускі. Неяк прыйшлі з міліцыі, убачылі мяне і былі ў шоку. У раёне гэтых гаражоў знайшлі разчлянёнае цела ў пакетах, паўгорада баяліся выходзіць на вуліцу ўвечары, а тут на гаражах працуе 18-гадовая дзяўчына.

Маё жыццё тады выглядала так: тры дні і тры ночы я была ў Магілёве. У 19.00 прыходзіла на гаражы, у сем раніцы сыходзіла на трэніроўку. Потым вярталася дадому ці заставалася ў зале спаць на матах, таму што ў 16.00 у мяне была другая трэніроўка. Пасля яе ішла назад на гаражы. Астатнія тры дні я ездзіла ў Мінск, дзе трэніравалася тры гадзіны раніцай і тры гадзіны ўвечары. Так жыла месяцаў сем-восем, потым матацца туды-сюды надакучыла, таму засталася ў Мінску, мне прапанавалі работу ў ахове вядомай установы «Журавінка», трэба было кантраляваць прахадны рэжым, пазней паставілі мяне на пасаду начальніка аховы. Там я і выводзіла людзей, і разнімала, і выносіла.

«Людзі ігнаравалі, не дазвалялі дочкам трэніравацца ў мяне»

— Падчас траўмы, калі нельга было трэніравацца, вы паехалі працаваць у Бахрэйн.

— У той момант у Мінску быў крызіс, абрушылася валюта. Сябры паклікалі ў Бахрэйн папрацаваць трэнерам, але думалі, што я не паеду, бо там тады былі ваенныя дзеянні. А ў мяне да іх было толькі адно пытанне: «Мора там ёсць?» Таму што доктар параіў для майго калена і галёнкі соль і ваду. Працавала там трэнерам у прэстыжным фітнес-цэнтры, трэніравала высокапастаўленых людзей. Гэты востраў вельмі маленькі, а кваліфікаваных спецыялістаў не так ужо шмат, таму да мяне прыходзілі члены каралеўскай сям'і, уключаючы ўнучак і дачку караля, гэта значыць, саму прынцэсу. Яны трэніраваліся не тры разы на тыдзень, вядома, але пару разоў у месяц прыходзілі.

— У жанчын там ёсць цікавасць да баявых відаў спорту?

— Так, сама была ў шоку, але, напэўна, гэта з-за нянавісці да мужчынскага насельніцтва. Фітнес-цэнтр, у якім я працавала, меў статус міжнароднага, там трэніраваліся людзі розных нацыянальнасцяў, таму ў мяне былі змешаныя класы, дзе разам займаліся мужчыны і жанчыны, а таксама толькі жаночыя групы. Калі прыходзілі веруючыя жанчыны, цалкам закрываўся ўвесь паверх, апускаліся спецыяльныя жалюзі, каб ні адзін мужчына не мог убачыць маю вучаніцу без мусульманскага ўбору.

Калі я трэніравала змешаныя класы, думала, божа, чаму вы такія слабыя, мужчыны вечна скардзіліся, што ім цяжка, прапускалі заняткі. А вось жаночыя класы, як у арміі, выконвалі ўсе мае заданні, працавалі да апошняга. Быў момант, калі дзяўчаты падышлі да грушы і не ведалі, што з ёй рабіць, я жартам ім кажу, маўляў, уявіце, што гэтая груша — ваш ненавісны мужчына. Шчыра сказаць, столькі злосці я яшчэ не бачыла ніколі, мне было страшна за грушу і за іх рукі, ногі.

— Як да вас, як еўрапейскай дзяўчыны, ставіліся ў Бахрэйне?

— З гэтым было складана, асабліва першыя некалькі месяцаў. На жаль, «рускія» жанчыны не карыстаюцца добрай рэпутацыяй у мясцовага насельніцтва, асабліва ў традыцыйных сем'яў. Былі моманты, што людзі мяне ігнаравалі або не дазвалялі сваім дочкам трэніравацца ў мяне. Гэта было крыўдна. Спатрэбілася некалькі месяцаў, каб зарэкамендаваць сябе як добрага трэнера і даказаць мясцоваму насельніцтву, што не ўсе «рускія» дзяўчаты маюць дрэнную рэпутацыю.

Некаторыя мужчыны спрабавалі «падкатваць», прыходзілі да мяне на індывідуальныя заняткі, але я бачыла гэта і тады давала такія нагрузкі, што больш у сябе на трэніроўках іх не назірала.

— Што вас больш за ўсё здзіўляла ў арабскім свеце?

— Я талерантны чалавек і разумею, што ў іх краіне трэба жыць па іх правілах. У мяне там была нават свая абая, такая спецыяльная шаўковая накідка, бо хадзіць з аголенымі нагамі непрыстойна. У арабскіх краінах вельмі шмат прыезджых з глыбінак, у якіх яны і жанчын асабліва не бачылі, таму рэакцыя можа быць вельмі розная, могуць пераследаваць, напрыклад. Таму насіла абаю ў мэтах уласнай бяспекі. Узрушала мяне там толькі адно, што дзяўчаты з традыцыйных сем'яў не бачаць свет. ХХІ стагоддзе, магчымасцяў шмат, а з-за нейкіх старых перакананняў людзі самі сябе абмяжоўваюць.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: Я толькі пачынаю свой шлях у боксе

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.