Вы тут

Комікс нагадае школьнікам, як захаваць здароўе вачэй


У Беларусі выпусцілі прыгодніцкі комікс «Погляд у мінулае» ў падтрымку дабрачыннага сацыяльнага праекта «Я бачу!». Яго героі расказваюць чытачам пра тое, як важна захаваць здаровы зрок і своечасова адрэагаваць на змены ў яго стане.


Гэта прыгодніцкая і крыху дэтэктыўная гісторыя пра школьніцу Алесю і яе сяброў, якія знаходзяць выйсце з любой няпростай сітуацыі з дапамогай акуляраў.

— Комікс выйшаў на беларускай мове. Такім чынам мы вырашылі далучыць яшчэ больш школьнікаў да роднай мовы і культуры, — расказвае спецыяліст групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі А1 Кацярына Севасцьянчук.

— Мы папулярызуем дзве мовы. Першая з іх — беларуская, другая — мова комікса, якую таксама трэба разумець. Гэта гісторыя пра жыццё дзяцей, якія сутыкаюцца з нашэннем акуляраў. Пры падрыхтоўцы комікса мы імкнуліся стварыць прыгодніцкую і міфічную атмасферу, уласцівую творам знакамітага беларускага пісьменніка Янкі Маўра, — дадае заснавальнік творчага аб'яднання «Сучасны комікс» Мікіта Сеннікаў.

Гісторыя атрымае працяг — комікс будзе складацца з трох частак. Другая з іх пад назвай «Не для чужых вачэй» з'явіцца ўжо ў снежні. Распаўсюджвацца прыгодніцкія гісторыі будуць у крамах OZ бясплатна.

— Кожнае дзіця, старэйшае за 10 гадоў, якое разам з бацькамі ці без іх зробіць пакупку ў нашым магазіне ў Мінску на праспекце Пераможцаў, 3 ці ў Віцебску на вуліцы Леніна, 65, атрымае комікс у падарунак, — кажа PR-спецыяліст кампаніі OZ Настасся Зотава.

«Я бачу!» — маштабны дабрачынны праект па дыягностыцы і раннім выяўленні захворванняў зроку ў дзяцей з сельскай мясцовасці Беларусі. Ён рэалізуецца беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя. Мабільныя брыгады афтальмолагаў наведваюць вясковыя школы, дзе праводзяць агляд дзяцей. Той, хто мае праблемы, атрымлівае рэцэпт на акуляры або накіраванне на далейшую паглыбленую дыягностыку. З 2016 да 2018 года ў межах праекта ўрачы агледзелі амаль 37 тысяч сельскіх школьнікаў у Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Сёлета афтальмолагі працуюць на Віцебшчыне, дзе да канца года плануюць абследаваць дзяцей ва ўсіх раёнах рэгіёна. Агульная колькасць абследаваных падчас праекта школьнікаў перавысіць 50 тысяч.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Пра зрок — з гумарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.