Сезон рэспіраторных інфекцый адкрыты. І калі абараніцца ад грыпу можна з дапамогай прышчэпкі, то як супрацьстаяць астатнім сезонным захворванням, не зразумела. Згодна з даследаваннямі, гарадское дзіця за 13 гадоў жыцця хварэе ў сярэднім 36 разоў, а гэта прыкладна тры прастуды на год, прычым у асноўным восенню і зімой, радзей — вясной. Чаму і чым хварэюць дзеці ўвосень і якіх хвароб больш за ўсё апасаюцца педыятры, а таксама як паўнацэнны рацыён абараняе нас ад інфекцый і чаму дзецям катэгарычна забаронена «прывіваць» вегетарыянства і веганства, расказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Вера Паяркова.
— Вера Мяфодзьеўна, чаму восенню дзеці часцей хварэюць?
— Наведваць установы адукацыі яны пачынаюць пераважна з верасня. І ў гэты час калектывы, у прыватнасці, у дзіцячых садках напаўняюцца новымі дзецьмі. І кожны з іх нясе свой набор вірусаў і мікраарганізмаў. У дзіцячых калектывах адбываецца абмен мікрафлорай. Натуральна, кожны арганізм, сутыкнуўшыся з новымі вірусамі і мікробамі, рэагуе. Пачынае нязначна пакутаваць імунная сістэма дзіцяці, прычым у кожнага свой імунны адказ на ўкараненне новых мікраарганізмаў. Таму павялічваецца частата вострых вірусных захворванняў, рэспіраторных захворванняў, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам праз верхнія дыхальныя шляхі. Што датычыцца дзяцей школьнага ўзросту, то ўсё лета іх арганізм быў вольны ад чужых вірусаў і мікраарганізмаў, а ў класным калектыве гэтак жа адбываецца абмен мікрафлорай, і мы атрымліваем нязначнае павелічэнне захваральнасці.
Да таго ж лета і патачак восені — гэта час, багаты на фрукты і агародніну. Калі бацькі забываюць памыць скурку кавуна, дыні ці іншых фруктаў, паверхні якіх населены мікраарганізмамі, гэта, як і нямытыя рукі, прыводзіць да павышанай колькасці энтэравірусных інфекцый. Таму летам і ў пачатку восені маюць месца як рэспіраторныя, так і энтэравірусныя інфекцыі. Гэтым тлумачыцца павышаная захваральнасць.
— Якія хваробы часцей за ўсё сустракаюцца ў гэту пару?
— Захворванні верхніх дыхальных шляхоў — адэнаідыты (запаленне адэноідаў, якое ўскладняе насавое дыханне), сінусіты, атыты, фарынгіты, бранхіты. Пнеўманія ў гэтым сезоне бывае вельмі рэдка. Бо яна — следства частых бранхітаў, і назіраецца звычайна глыбокай восенню і зімой, калі вядучую ролю адыгрывае пераахаладжэнне. Хоць трэба заўважыць, што пнеўманіі здараюцца і летам, калі падчас высокіх тэмператур прадзімае на скразняку. Таксама выклікаць хваробу могуць і кандыцыянеры ў аўтамабілях і памяшканнях, калі фільтры доўгі час не абслугоўваюцца належным чынам, вірусы назапашваюцца ў фільтровачных аўтаматах, і мы дыхаем пнеўмакокамі, якія распаўсюджваюцца аэразольным шляхам.
— Якога захворвання больш за ўсё апасаюцца педыятры?
— Самае грознае захворванне, канешне, пнеўманія. Таксама ў маленькіх дзяцей небяспечныя адэнаідыты, якія з-за няправільнага падыходу да лячэння насаглоткі перарастаюць у атыты. Бацькі актыўна карыстаюцца ўсемагчымымі спрэямі, фізіялагічнымі растворамі, якія пад ціскам упырскваюць у насавыя хады для прачысткі слізі ў насавых ракавінах. Няправільнае прымяненне такіх сродкаў пад высокім ціскам вядзе да таго, што слізь прасоўваецца глыбей і трапляе ў слыхавую трубу. Гэта выклікае атыты, якія цяжка лечацца.
Мы насцярожаны і ў адносінах менінгакокавай інфекцыі. Гэтым летам мы, напрыклад, апасаліся адру ў дзяцей. Але гэта вакцынакіруемая інфекцыя. І калі бацькі правільна адносяцца да вакцынацыі дзяцей, згодна з нацыянальным календаром робяць прышчэпкі, то дзеці абаронены ад многіх хвароб, у прыватнасці, ад адру, пнеўманіі, гемафільнай інфекцыі. Прышчэпка ад той жа гемафільнай інфекцыі аблягчае цячэнне ці ўвогуле пазбаўляе ад частых хвароб дыхальных шляхоў: рынітаў, адэнаідытаў, атытаў, бранхітаў. Правільная вакцынацыя стымулюе работу імуннай сістэмы, павышае ахоўныя сілы арганізма, выпрацоўвае ахоўныя імунаглабуліны класа А. Дзіця не так часта і не так цяжка хварэе.
— Што яшчэ, акрамя вакцынацыі, могуць зрабіць бацькі, каб абараніць дзіця ад захворвання?
— Важна весці здаровы лад жыцця, прытрымлівацца гігіенічных мерапрыемстваў. Тое ж мыццё рук і фруктаў абмяжоўвае паступленне як рэспіраторных, так і энтэравірусаў у арганізм. Пасля наведвання шматлюдных месцаў памыць рукі і прасаніраваць нос — гэта азбука гігіены. Варта знаходзіць час для прагулак на свежым паветры — для дзяцей гэта каля чатырох гадзін штодзень, таксама мець паўнацэнны сон і адпачынак, пазбавіць дзіця ад тытунёвага дыму, калі бацькі кураць, і забяспечыць паўнацэннае харчаванне. Калі ў дзіцяці збалансаваны рацыён, імунадэфіцыт яму не пагражае. Пры ўжыванні 100—200 грамаў натуральнага, а не паўфабрыкатнага мяса ў арганізме фарміруюцца правільныя бялкі, якія выпрацоўваюць імунаглабуліны. Яны садзейнічаюць стварэнню супрацьвіруснага імунітэту і гарманальнай сістэмы. Усе гармоны «падвязаны» на бялкі. Калі мы не будзем есці мяса, не будуць выпрацоўвацца бялкі, адпаведна, гармоны. Гармоны шчытападобнай залозы і наднырачнікаў таксама ўплываюць на імунную сістэму. Таму збалансаванае харчаванне садзейнічае мінімальнай рызыцы заражэння рэспіраторнымі інфекцыямі. Абавязкова трэба памятаць, асабліва тым, хто жыве ў мегаполісе, што важна ўжываць вітамін D3, ён уплывае на фарміраванне коснага шкілета ў маленькіх дзяцей і імуннай сістэмы, у прыватнасці.
— Ці варта дадаваць вітамінныя комплексы, імунамадулятары?
— Вітаміны летам і ўвосень мы атрымліваем з прадуктамі харчавання. А вось морапрадуктаў у нас не так шмат. Калі бацькі будуць дадаваць у рацыён морапрадукты, то на нейкі час мы можам адмовіцца ад вітамінных комплексаў. Калі морапрадуктаў у рацыёне мала, то альтэрнатыва — вітамін D3. Даказальнай базы карысці ад прыёму імунамадулятараў няма, таму калі ўрач-педыятар іх не прызначыў, у імунную сістэму лепш не ўмешвацца, а правільна арганізаваць рацыён. Катэгарычна нельга прывіваць дзецям веганства ці вегетарыянства — гэта стварае дэфіцыт бялку пры фарміраванні гарманальнага статусу дзіцяці. І адпаведна ад нястачы гармонаў будуць пакутаваць усе сістэмы арганізма. Дзіця будзе адставаць ад равеснікаў як у разумовым, так і ў фізіялагічным развіцці.
— Які сродак у абароне ад інфекцый найлепшы?
— Ад інфекцый, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, а таксама энтэравірусных — вакцынацыя. Супрацьпаказанняў для правядзення прафілактычных прышчэпак амаль няма. Іх нельга рабіць пры высокай тэмпературы і пры вельмі цяжкіх хваробах. Калі дзіця ў стане рэмісіі, яму можна і трэба рабіць прышчэпкі. Так ствараецца дастатковая імунная праслойка папуляцыі, тым самым мы папярэджваем частыя інфекцыі.
Алена КРАВЕЦ
Спрошчаным парадкам могуць скарыстацца каля 35 тысяч уладальнікаў такіх будынкаў.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.