Вы тут

Як працуюць на якасць адукацыі адзнакі, канкурэнцыя і рэйтынгі


Уінстан Чэрчыль калісьці сказаў, што настаўнікі валодаюць уладай, пра якую прэм'ер-міністры могуць толькі марыць. Але сітуацыя карэнным чынам змянілася, прычым не толькі ў нашай краіне... Пра гэта казалі і замежныя педагогі — удзельнікі EdCamp Belarus—2019. Гасцямі трэцяй педагагічнай (не)канферэнцыі сталі Данута СТЭРНА, эксперт Цэнтра грамадзянскай адукацыі з Варшавы, дзякуючы якой дзесяць гадоў таму ў Беларусь прыйшла актыўная ацэнка, і Рос Морысан Макгіл — вядомы настаўнік, пісьменнік, блогер і стваральнік сайта tеасhеrtооlkіt.со.uk (інструменты для настаўніка), у якога цяпер больш за 10 мільёнаў чытачоў. Рос намінаваўся газетай The Sunday Tіmes у лік 500 самых уплывовых людзей у Вялікабрытаніі. Мы скарысталіся выпадкам, каб задаць аўтарытэтным педагогам пытанні, якія хвалююць іх беларускіх калег.


— Якасць адукацыі і імідж настаўніка ў грамадстве. Ці ўзаемазвязаныя гэтыя паняцці? Ад каго настаўнік не абаронены ў большай ступені: ад вучняў, іх бацькоў, адміністрацыі ці кантрольных органаў?

Рос МАКГІЛ: “Нас матывуюць спаборнічаць, а не дзяліцца ідэямі. Усе школы імкнуцца аказацца ўверсе шматлікіх рэйтынгаў”

Рос МАКГІЛ: — Урад сёння не фінансуе школы на дастатковым узроўні. І ўтрымліваць шмат педагогаў-прафесіяналаў становіцца для ўстаноў адукацыі занадта дорага. Але кожнай школе патрэбныя дасведчаныя настаўнікі, якія будуць дзяліцца з маладымі сваім прафесійным вопытам. За апошнія гады я апытаў прыблізна 20 тысяч настаўнікаў, з іх толькі каля 100 чалавек сказалі, што прысвяцілі педагогіцы дваццаць і больш гадоў. Статыстыка сведчыць, што ў сярэднім настаўнік працуе ў школе 13 гадоў. Педагагічная праца становіцца ўсё больш складанай і псіхалагічна напружанай, ускладняюцца праграмы, экзамены, настаўнікаў у школах застаецца ўсё менш, а нагрузка на іх расце.

Палітыкі мяркуюць, што могуць і далей выдаткоўваць менш сродкаў на школы і губляць педагогаў. Апошнія ўсё часцей вырашаюць змяніць сферу сваёй дзейнасці і зарабляць грошы ў іншым месцы. У іх ёсць сем'і, дзеці, пэўныя патрэбы, якія трэба задавальняць. Да таго ж для нас надзвычай актуальная праблема прафесійнага выгарання. Бацькі вучняў могуць паскардзіцца на настаўніка з любой нагоды: ад нейкай дробязі, кшталту «дзіця згубіла пенал», да больш сур'ёзных. А калі яны паведамляюць, што іх сын ці дачка адчуваюць сябе ў школе неабароненымі, туды накіроўваецца праверка. Настаўніка могуць пакараць, напрыклад, аб'явіць вымову. Калі адбылося штосьці насамрэч сур'ёзнае, ён можа страціць работу, а калі ўвогуле надзвычайнае — яму могуць забараніць выкладанне на ўсё далейшае жыццё.

Мы арганізуем у школах саветы настаўнікаў, каб пазбегнуць залішняга ціску з боку кантрольных органаў. Лепш калегі растлумачаць, чаму настаўнік не меў рацыі, чым вышэйстаячы орган будзе выносіць гэтыя пытанні на ўсеагульнае абмеркаванне за сцены школы. Такія моманты дрэнна ўплываюць на імідж педагога ў грамадстве, тым больш што і бацькі, і палітыкі сёння не вельмі давяраюць настаўнікам. Я лічу, што мы самі павінны больш падтрымліваць адзін аднаго і надаваць адзін аднаму ўпэўненасці. А нас матывуюць спаборнічаць, а не дзяліцца ідэямі. Усе школы імкнуцца аказацца ўверсе шматлікіх рэйтынгаў.

Рос МАКГІЛ: “Мабільнасць, гнуткасць у розных сітуацыях, уменне вучыцца ўсё жыццё — больш важныя, чым проста веданне матэматыкі”.

Я даследаваў праблемы, з якімі сутыкаюцца настаўнікі. Чаму яны сыходзяць са школ? Дык вось, на першым месцы ў брытанскіх педагогаў стаіць вялікая працоўная нагрузка (у тым ліку бюракратыя, неабходнасць маніторыць, перадаваць розныя звесткі, запаўняць журналы, клапаціцца пра выстаўленне вялікай колькасці ацэнак і г. д). На другім — ініцыятывы, спушчаныя «зверху», і на трэцім — ціск і кантроль з боку кіраўніцтва школ. Не праводзілася ніякіх даследаванняў і, адпаведна, няма ніякіх доказаў, што напісанне дэталёвага плана ўрока неяк уплывае на яго якасць. Затое для кіраўніцтва школ наяўнасць ці адсутнасць плана — інструмент для ціску. Ты дваццаць гадоў выкладаеш у школе, а да цябе на ўрок прыходзіць інспектар, які за 20—30 хвілін знаходжання ў класе выносіць табе прысуд — выстаўляе ў сваіх паперах крыжыкі ці балы. Я лічу, што ў нас цяпер створана мадэль, якая выпіхвае настаўнікаў са школы.

Данута СТЭРНА: — Я ўпэўнена, што ад якасці адукацыі залежыць будучыня любой краіны. Мая дзейнасць у Цэнтры грамадзянскай адукацыі нацэлена менавіта на пошук спосабаў, як змяніць сістэму адукацыі ў лепшы бок, знайсці для гэтага эфектыўныя рычагі. І, шчыра кажучы, я не веру ў тое, што рэформы, спушчаныя зверху, могуць паўплываць на рэальную сітуацыю ў нашых школах, нават калі б яны былі прадуманыя і мудрыя. Дырэктывы, што нараджаюцца наверсе, не працуюць, калі дасягаюць практычнага ўзроўню. Яны ператвараюцца ў прафанацыю, усё робіцца толькі для птушачкі. А вось калі неабходнасць перамен будзе прынятая душой і сэрцам настаўніка, мы зможам атрымаць чаканы эфект. Любыя новаўвядзенні ўпіраюцца ў канкрэтных людзей, якія будуць іх укараняць. Новая школа патрабуе новага настаўніка, які стане рухавіком перамен. З іншага боку, я разумею, што цяжка патрабаваць ад педагога быць наватарам, калі яго загружаюць рознымі абавязкамі звыш меры.

— Людзі не заўсёды разумеюць, што ім прапануюць і навошта трэба штосьці змяняць. Але міністр аховы здароўя не абавязаны тлумачыць публіцы, чаму змяняецца, напрыклад, метад выдалення апендыцыту. А педагогі вымушаны наладжваць камунікацыі з грамадствам, нават калі змяняецца змест падручнікаў для пачатковых класаў. Таму што любыя змены цягнуць грамадскі рэзананс... Як давесці да бацькоў, што школа ў ХХІ стагоддзі не можа жыць па законах мінулага стагоддзя?

Рос МАКГІЛ: — Шчы­ра ка­жу­чы, ад­ка­зу на гэ­та пы­тан­не ў мя­не ня­ма. У ме­ды­цы­не ўсё ад­бы­ва­ец­ца па пра­та­ко­лах і стан­дар­тах ля­чэн­ня, у іх пра­пі­са­ны лі­та­раль­на кож­ны крок. І ўра­чам ні­хто з па­цы­ен­таў не ўказ­вае, як ля­чыць. Вы мо­жа­це са­мі ра­біць са­бе ўко­лы, але, на­пэў­на, вам гэ­та­га не вель­мі хо­чац­ца, вы лепш да­ве­ры­це­ся пра­фе­сі­я­на­лу. За­тое ўсе ах­вот­на ле­зуць са сва­і­мі па­ра­да­мі да на­стаў­ні­каў. У педагогіцы — усе лічаць сябе  спецыялістамі. Тады ў мяне да вас сустрэчнае пытанне — а ці ведаеце вы, як працуе дзіцячая памяць? Вам вядомыя асаблівасці невербальнай камунікацыі? Мова цела? Псіхалагічныя нюансы? Вы ведаеце, як можна матываваць дзіця, стварыць яму сітуацыю поспеху? А як зрабіць так, каб вучню стала сорамна за свае паводзіны ці свой учынак? Як паставіць на месца падлетка, які са скуры вылузваецца? Калі ў цябе на ўроку 30 чалавек, гэтым класам трэба ўмець кіраваць. Ты павінен казаць толькі па сутнасці пытання, бо ў цябе мала часу, а вось задач і спраў насамрэч шмат. Трэба ад усіх 30 выхаванцаў атрымаць на ўроку зваротную сувязь, забяспечыць умовы, каб усім было камфортна працаваць. Але калі я рыхтую вучняў да экзамену, то наадварот ствараю для іх стрэсавую сітуацыю. Калі ў 35 гадоў я застаўся без работы і мне сказалі, што мяне не жадаюць бачыць у школе, я вырашыў, што я труп, у мяне было вельмі шмат праблем са здароўем. Уменне дзейнічаць у стрэсавай сітуацыі, ва ўмовах нявызначанасці, непрадказальнасці, супраціўляцца знешнім фактарам — таксама вельмі важны жыццёвы навык.

Госцю з Англіі падарылі сімвал — белых варон. Многія з ўдзельнікаў педагагічнай (не)канферэнцыі лічаць сябе белымі варонамі ў школах, а EdCamp дае ім магчымасць трапіць у чараду такіх жа, як ты сам.

А па­лі­ты­кі і баць­кі ўпэў­не­ны, што ўмен­не лі­чыць з'яў­ля­ец­ца ба­за­вым. Дзе­ці абу­ра­юц­ца, на­вош­та ўво­гу­ле па­трэб­ная тры­га­на­мет­рыя? І трэ­ба на­гляд­на ім пра­дэ­ман­стра­ваць, як гэ­тыя ве­ды мо­гуць пры­мя­няц­ца на прак­ты­цы. Сёння вельмі важна фарміраваць так званыя скразныя кампетэнцыі (яны ўключаюць і асобасныя (напрыклад, лідарства), і міжасобасныя, і медыяінфармацыйныя. — Аўт.), развіваць крытычнае мысленне, уменне працаваць з інфармацыяй, адрозніваць праўду ад хлусні, бачыць рэкламныя маніпуляцыі. Мабільнасць, гнуткасць у розных сітуацыях, уменне вучыцца ўсё жыццё — больш важныя, чым проста веданне матэматыкі.

— Ці могуць дзеці вучыцца для задавальнення, а не для атрымання адзнакі? Вы можаце ўявіць сабе школу ўвогуле без адзнак?

Данута СТЭРНА: — Мы разам з калегамі з Цэнтра грамадзянскай адукацыі нават заснавалі групу пад назвай Dzіecko bez stopnі — «Дзіця без адзнакі», у якой больш за тысячу настаўнікаў. Мы шмат працуем у гэтым кірунку, асабліва ў малодшых класах, бо страх перад дрэннымі адзнакамі і пакланенне добрым фарміруюцца літаральна з першых гадоў навучання. І чым пазней у школу прыйдуць адзнакі ў балах, тым будзе лепш для дзяцей. Аднак укараняць нашу філасофію вельмі складана, бо ўвесь свет літаральна «захварэў» на экзамены і рэйтынгі. Мы ніяк не хочам зразумець, што ацэнкі служаць толькі канкурэнцыі за кошт нейкіх лічбаў. Усе вымушаны даказваць, што твая школа лепшая за суседнюю. Паверце, што і без адзнак у балах навучанне і рух наперад магчымыя, проста трэба замяніць ацэнкі зваротнай сувяззю, вусным каментарыем. Для педагогаў гэта магчымасць вярнуць у адукацыйны працэс найбольш слабых вучняў, каб яны атрымалі лепшыя вынікі і былі больш паспяховымі грамадзянамі. Школьніка трэба параўноўваць не з іншымі дзецьмі ў класе, а з самім сабой. Кожны хоча чуць найперш пра сябе — пра свае поспехі і няўдачы. Навучэнцы не любяць, калі іх ігнаруюць, а пахвала, калі ёсць рух наперад, і падказкі, як палепшыць свае вынікі, — замест адзнакі ў балах — іх стымулююць... Навучанне не будзе эфектыўным, калі пазбавіць дзіця шанцу на поспех. І зусім іншая справа, калі поспехі прызнаюцца і ацэньваюцца: у гэтым выпадку і да абгрунтаванай і канструктыўнай крытыкі навучэнцы паставяцца хутчэй як да карыснай...

— У вашай краіне школьнікі таксама скардзяцца на вялікі аб'ём дамашніх заданняў?

Данута СТЭРНА: — Гэта тэма часта ўзнікае ў Польшчы. На маю думку, дамашняе заданне трэба задаваць толькі тады, калі гэта насамрэч неабходна. Я ведаю з даследаванняў вядомага аўстралійскага прафесара Джона Хэці, што карысць ад выканання такіх заданняў павялічваецца з узростам. У прафесійнай літаратуры гаворыцца, што час на дамашняе заданне вылічваецца па наступнай форме: 10 хвілін трэба памножыць на клас, у якім вучыцца дзіця. Напрыклад, у першым класе — гэта 10 хвілін у дзень, у другім — 20, у пятым — 50 хвілін. 11 клас — 110 хвілін (гэта каля дзвюх гадзін у дзень на ўсе прадметы)

Данута СТЭРНА:  “Навучанне не будзе эфектыўным, калі пазбавіць дзіця нават шанцу на поспех”.

Асабіста я як настаўнік (Данута выкладае матэматыку. — Аўт.) пачала прапаноўваць дамашняе заданне на выбар, што значна палепшыла якасць яго выканання вучнямі. Ніколі не выстаўляю адзнакі за дамашняе заданне, якое задаю: імкнуся, каб навучэнцы ўсвядомілі, што гэта заданне — патрэба, а не абавязак.

Матывацыя мала сябруе з пачуццём абавязку. Вучань павінен мець унутраную матывацыю да навучання, і на гэта настаўнік можа паўплываць праз цікавыя ўрокі, складзеныя з улікам інтарэсаў розных вучняў у класе, карэляцыю праграмы з рэальным жыццём. Усвядомленае навучанне — гэта калі навучэнец ведае, навошта і чаму ён вучыцца. Я асабіста раблю стаўку на фарміруючае ацэньванне (у Беларусі — актыўная ацэнка). У маім блогу, https://osswіata.pl/sterna/, можна знайсці шмат практычных артыкулаў пра ўплыў настаўніка на матывацыю вучняў.

Што датычыцца таго, каб вучням давалася поўная самастойнасць, я лічу, што гэта небяспечна. У Польшчы былі створаны так званыя дэмакратычныя школы. Некаторыя з іх маюць выдатных педагогаў, запаленых, натхнёных ідэяй, і там усё добра. Але мы не можам разлічваць, што ў кожнай школе настаўнікі здольныя навучыць сваіх выхаванцаў адказна карыстацца поўнай свабодай. Таму, на маю думку, лепш стварыць сітуацыю, каб вучань мог выбіраць, але з пэўнага кола прапаноў, а не паміж вучобай і тым, каб увогуле нічога не рабіць і не вучыцца.

— А вы асабіста ці сталі б забараняць мабільныя тэлефоны ў школе?

Рос МАКГІЛ: — Так! Хто ведае, якія карыстальніцкія ўмовы ўстаноўлены для асобных мабільных праграм у тэлефонах? Важна, каб школы кантралявалі гэтыя пытанні для абароны дзяцей і іх псіхічнага здароўя.

Данута СТЭРНА: — Я не бачу ў гэтым праблем. Мяркую, што яны могуць быць карысныя пры навучанні, напрыклад, для пошуку хуткай інфармацыі на ўроку. Дзелавая атмасфера ў класе вельмі залежыць ад стасункаў, што складваюцца паміж настаўнікам і вучнямі, а ўрокі можна праводзіць так, каб тэлефоны не перашкаджалі, а дапамагалі.

— Вы знаёмыя з сістэмамі адукацыі розных краін. Скажыце, якая з іх вам найбольш імпануе? Можа быць, варта ўзяць нешта ў фінаў, кітайцаў, сінгапурцаў, спалучыць іх найбольш моцныя бакі, і тады мы атрымаем школу, якая ўсіх задаволіць: і грамадства, і вучняў з бацькамі, і педагогаў?

Данута СТЭРНА: — Мне найбольш блізкая фінская сістэма. Але я думаю, што яе нельга аўтаматычна трансляваць іншым краінам. Фіны працавалі над ёй шмат гадоў. Я аднойчы спытала ў фінскага чыноўніка, як у іх правяраецца якасць працы настаўнікаў, і ён мне адказаў, што яны вельмі даўно адмовіліся ад кантролю! Давайце і мы перастанем правяраць і ацэньваць, а лепш будзем ЗААХВОЧВАЦЬ. Сістэмы, арыентаваныя толькі на атрыманне ведаў і стымуляванне канкурэнцыі, я проста не выношу.

Данута СТЭРНА:  “Цяжка патрабаваць ад педагога быць наватарам, калі яго загружаюць рознымі абавязкамі звыш меры”.

Рос МАКГІЛ: — Складана і бессэнсоўна параўноўваць сістэмы адукацыі ў розных краінах. Нельга проста ўзяць і скапіраваць чужую школу. Трэба глядзець, што падыходзіць менавіта вам. Мая парада: вазьміце тое, чаму можна павучыцца, і прапусціце праз свой нацыянальны кантэкст.

Усё пачынаецца з сумленных, складаных і празрыстых дыскусій на ўсіх узроўнях. Я веру, што любы настаўнік можа фарміраваць палітыку ў галіне адукацыі. Важна, каб грамадства, нарэшце, нас пачула. Супрацоўніцтва і дыялог з педагогамі — вельмі важны момант для будучыні школы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прадстаўлена арганізатарамі EdCamp Belarus—2019

Загаловак у газеце: Правяраць ці заахвочваць?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.