Нядзеля — у Слуцку кірмашовы дзень. Па традыцыі, якая цягнецца з шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, асноўны гарадскі кірмаш віруе на пляцоўцы паміж вуліцамі Уласаўца і Млынаровай. Калісьці (і перад вайной, і ў вайну) ён быў у цэнтры горада, там, дзе цяпер гарадская плошча. Сучасныя восеньскія кірмашы праходзяць менавіта на той — колішняй — кірмашовай тэрыторыі.
У апошнія выхадныя кастрычніка ў гістарычным месцы адбыўся фінальны сёлета восеньскі кірмаш. Садаводы і вытворцы гародніны з жалем пакідалі гандлёвую пляцовачку, не да канца збыўшы свае запасы бульбы, капусты, цыбулі і морквы, мёду і рыбы, саленняў і варэнняў, бо было шмат фермераў і гаспадароў сялянскіх падворкаў. Некаторыя прыехалі з іншых раёнаў, нават з-за Прыпяці — з вёскі сапраўдных вытворцаў гародніны, Альшан Столінскага раёна.
Кірмаш — дакладны барометр гарадской эканомікі, моды, ураджаяў і неўраджаяў. На слуцкім базары, як у Адэсе, можна набыць усё. А вось тавары самабытных майстроў — бондараў, ганчароў, сталяроў, шапавалаў, лыжачнікаў, якімі слуцкі кірмаш заўсёды славіўся, — ужо не знойдзеш: гэты час мінуў. Ва ўсялякім разе, і бочкі, і гарлачыкі, і валёнкі на цяперашнім слуцкім базары бываюць надзвычай рэдка. Гэтак жа і гандаль свойскімі жывёламі — коньмі, каровамі, парсючкамі і авечкамі, — здаецца, таксама знік назаўсёды. А гэта была сапраўдная «фішка» кірмашу. І ўсё-такі трэці кірмаш — па продажы жывога тавару — ёсць, і месціцца ён непадалёк ад гарадской аўтастанцыі. Тут шчыруюць сапраўдныя спецыялісты па гадоўлі трусоў і свойскіх птушак. Гандляры збожжам і камбікармамі.
Анатоль Кляшчук, фота аўтара
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.