Вы тут

Эн Боні — жорсткая «валадарка мораў»


Вядомая пагроза мораў Эн Боні была жанчынай, чыя слава і папулярнасць супастаўныя, мабыць, толькі з яе цёзкай па прозвішчы, якая рабавала банкі ў Амерыцы.


Жыццё легендарнай піраткі было падобнае на авантурны раман. Сучаснікі даведаліся пра яе з кнігі «Усеагульная гісторыя піратаў» капітана Чарльза Джонсана, выдадзенай у 1724 годзе. Многія даследчыкі ўпэўненыя, што імя аўтара — гэта псеўданім Даніэля Дэфо, знакамітага аўтара «Рабінзона Круза».

Нарадзілася будучая піратка 8 сакавіка 1700 года ў Кантры-Корку, у Ірландыі. Пры нараджэнні дзяўчынку звалі Эн Кормак. Яе бацькам быў паспяховы адвакат Эдвард Кормак, а маці — пакаёўка яго жонкі. З-за патэнцыйнага вялікага скандалу галаве сямейства давялося павезці маленькую Эн і яе маці ў Амерыку. Ён абсталяваўся ў Чарльстане, Паўднёвая Караліна, першы час працаваў юрыстам, а затым заняўся гандлем.

Партрэт Эн Боні на пачку цыгарэт

Там Кормак набыў у валоданне вялікія плантацыі. Юная Эн атрымала выдатную па тых часах адукацыю. Усё дзяцінства дзяўчына правяла ў бацькавым асабняку з мноствам слуг. Аднак належнае выхаванне і якасная адукацыя не змаглі задушыць буйны тэмперамент. Дзяўчынка не толькі магла, але і любіла біцца. Але калі б толькі гэта. Па чутках, аднойчы юная Эн ударыла нажом служанку ў бацькоўскім асабняку. Справа нават дайшла да суда, аднак буяную дачку выратавалі адвакацкія сувязі бацькі.

Справы ў Кормака ішлі добра, і сям'я марыла, што Эн удала выйдзе замуж, завядзе дзяцей, і ўсё будзе як у найлепшых сем'ях. Але замест гэтага ва ўзросце 16 гадоў хуліганка выскачыла замуж супраць волі бацькі за простага матроса Джэймса Боні. Бацька пазбавіў яе спадчыны і выгнаў абаіх з дому. Маладыя з'ехалі на востраў Нью-Провідэнс.

Там запал маладых палюбоўнікаў хутка згас. Эн кінула мужа і сышлася з багатым плантатарам Чайлдзі Баярдам. Гандлёвыя вандроўкі і сам Баярд неўзабаве абрыдлі юнай панне неўтаймоўнага нораву, пасля чаго яна стала шукаць новую кампанію. У маі 1719 года Эн пазнаёмілася ў адной карчме з Джэкам Рэкхэмам. Джэк і яго лад жыцця адчайнага і адважнага пірата зрабілі незабыўнае ўражанне на маладую дзяўчыну. Яна пераапранулася ў мужчынскае адзенне і рушыла ўслед за Рэкхэмам, які ўзяў яе на свой карабель. Так Эн Боні стала піраткай...

Яна пачала плаванні з Рэкхэмам на яго шлюпе, з яго знакамітымі чэрапам і скрыжаванымі кінжаламі на сцягу, палюючы на іспанскія караблі са скарбамі з Кубы і Гаіці. Крыху пазней яна зацяжарыла ад Джэка і аддалілася ад пірацтва толькі для таго, каб нарадзіць дзіця і пакінуць яго з сябрамі на Кубе (па іншых звестках немаўля пражыло зусім нядоўга).

Дзяўчына стала выдатнай піраткай. Яна апраналася як мужчына, удзельнічала ў баях, выпівала, выйгравала заклад — словам, ні ў чым не саступала мужчынам. Яна вельмі налаўчылася ў карыстанні як халоднай зброяй, так і пісталетам.

Неяк раз яны захапілі чарговае гандлёвае судна, але каманда піратаў сутыкнулася з супраціўленнем аднаго з членаў экіпажа, што ў той час адбывалася досыць рэдка. Прыняць бой адважыўся адзіны член экіпажа, які валодаў зайздроснай армейскай падрыхтоўкай. Пасля некалькіх няўдалых спроб справіцца з баявым англічанінам, піраты прапанавалі саперніку далучыцца да іх каманды. Нечакана для ўсіх храбрэц аказаўся дзяўчынай па імені Мэры Рыд. Падчас наступных плаванняў яна завяла цесную дружбу з Эн і Джэкам, пасля чаго яны заўсёды займаліся пірацтвам разам. Маракі з захопленых судоў пазней паведамлялі, што менавіта яны — Эн і Мэры — былі вядомыя тады сваім неўтаймоўным норавам і лютасцю ў баі, і нават атрымалі мянушкі «жорсткія кошкі пекла».

Праз паўтара года актыўнага пірацкага разбою, да кастрычніка 1720 года, Рэкхэм, Боні, Рыд і іх каманда свабодна плавалі і рабавалі амаль па ўсім Карыбскім моры. У той момант губернатар Вудс Роджэрс у роспачы наняў за сур'ёзнае ўзнагароджанне іншых піратаў і шукальнікаў прыгод паляваць на іх. І гэта дало вынік. Цяжка ўзброены шлюп капітана Джонатана Барнета аднойчы дагнаў карабель Рэкхэма і нанёс удар у той момант, калі на судне на ўсю моц ішла п'янка.

Эн Боні і Мэры Рыд

Судовы працэс над Рэкхэмам і яго сяброўкамі выклікаў сапраўдную сенсацыю. Джэк і іншыя мужчыны-піраты былі хутка прызнаныя вінаватымі: 17 лістапада 1720 года іх павесілі ў Порт-Раялі. Рэкхэму перад смерцю дазволілі ўбачыцца з Эн, але замест суцяшэння тая выказала каханку сваю пагарду: «Калі б ты біўся як мужчына, то цябе б не павесілі як сабаку!»

Жанчыны, натуральна, таксама былі прызнаныя вінаватымі і прысуджаныя да павешання. Але ў апошні момант яны абвясцілі аб тым, што цяжарныя. Гэта аказалася праўдай, а ў тую пару брытанскі закон забараняў забойства ненароджанага дзіцяці, і пакаранне было адменена.

Мэры Рыд, як кажуць, памерла ад ліхаманкі ў турме горада ў 1721 годзе, яшчэ да нараджэння дзіцяці. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што яе смерць была зымітаваная і яна збегла з турмы. Дарэчы, паводле адной з версій, менавіта ў гонар ваяўнічай і нястрымнай Рыд быў названы знакаміты алкагольны кактэйль з гарэлкі і таматнага соку — «Крывавая Мэры».

Запісу выканання прысуду Эн Боні не было знойдзена. Далейшае жыццё дзяўчыны апісваецца не гістарычнымі даведкамі, а народжанымі ўжо тады легендамі. Па адной з іх, губернатар Роджэрс падарыў Эн свабоду, пасля чаго былая піратка ўступіла ў шлюб. Іншая версія абвяшчае, што Боні зноў звязалася з піратамі і загінула ў адной са шматлікіх бітваў.

Оксфардскі слоўнік нацыянальнай біяграфіі змяшчае іншыя звесткі пра далейшы лёс знакамітай піраткі. Паводле яго даных, бацька змог вызваліць Эн з турмы і вярнуць яе ў родны дом у Чарльстане. Пасля дзяўчына нарадзіла дзіця, а ў 1721 годзе зноў выйшла замуж. Гэтым разам абраннікам Эн стаў Джозэф Берлі, ад якога яна нарадзіла яшчэ дзесяцярых дзяцей. Натуральная смерць прыйшла да жанчыны ў шаноўным узросце, у 82 гады. Эн памерла 22 красавіка 1782 года і была пахавана на могілках графства Ёрк у Віргініі.

Падрыхтаваў Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.