Ад цырымоніі адкрыцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю да першых вынікаў прайшло некалькі дзён. Яшчэ, здавалася б, учора ў кінатэатры «Масква» мы глядзелі фільм «Бацька», што сведчыў аб пачатку «Лістапада», а ўжо сёння ведаем пераможцаў Конкурсу нацыянальных кінашкол і Конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік». Праўда, не ўзнагародамі адзінымі: у фестывальныя дні ў сталічных кінатэатрах адбываецца багата, скажам так, важных падзей і сустрэч, некаторыя з якіх датычацца новых беларускіх фільмаў. Ад уласна цырыманіялу да кінаадкрыццяў — у нашых першых уражаннях.
Звычайна высокае мастацтва кіно на «Лістападзе» атачалі афіцыёзныя і нязграбна квяцістыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця. Пачатак 26-га кінафестывалю прадэманстраваў заўважна большае падладжванне пад кінападборку: экран хутка прадставіў конкурсныя праграмы і журы, ганаровы старшыня форуму Генадзь Давыдзька разбіў аб штатыў кінакамеры талерку, і без звычайнага перапынку зала пачала глядзець фільм адкрыцця.
За першыя дні кінафестывалю адбылося некалькі важных рэчаў. Адназначна найпрыемнейшым было разуменне, што галоўнай падзеяй і ўражаннем першага дня конкурсных паказаў стаў сеанс фільма «Стрыптыз і вайна» беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы. Пра яго гаварылі даўно, трэба сказаць, што і мы неаднаразова згадвалі «Стрыптыз» як адзін з найцікавейшых беларускіх кінапраектаў апошняга часу, а цяпер на карціну толькі на маіх вачах некалькі разоў намякалася ў кантэксце «паглядзелі на «Лістападзе» некалькі фільмаў, і найлепшым аказаўся беларускі».
Нагадаю, гэта гісторыя пра сумеснае жыццё дзеда, падпалкоўніка ў адстаўцы, з унукам-стрыптызёрам. Праз іх рознасць у поглядах, памкненнях і кантэксце, нягледзячы на якую яны ўсё роўна застаюцца блізкімі людзьмі, мы бачым, як у нашай краіне спалучаецца савецкае мінулае і XXІ стагоддзе. Як мы ўжо пісалі, летась карціна не была ўключана ў Нацыянальны конкурс, затое праз год стаў магчымы не толькі паказ у рамках «Лістапада», але і ўдзел у яго Асноўным конкурсе дакументальнага кіно. Варта таксама адзначыць, што яшчэ адна работа Андрэя Куцілы — лаўрэат найпрэстыжнейшага ў сферы дакументальнага кіно фестывалю ІDFA ў Амстэрдаме — сёлета ўдзельнічае ў Нацыянальным конкурсе.
Хутка, зноў жа ў Асноўным конкурсе дакументальнага кіно, адбылася, можна сказаць, нацыянальная прэм'ера новага фільма аднаго з самых славутых беларускіх дакументалістаў Віктара Аслюка: «Абход», што расказвае аб працы вясковага ўчастковага міліцыянера Аляксандра Клямята, сабраў поўную залу. Наколькі мы ведаем, умовы для здымак складваліся не найлепшым чынам: напрыклад, часу на работу з героем у рэжысёра было менш за тыдзень. Тым не менш праз Аляксандра можна ўбачыць нейкую частку, канешне, не самую прывабную, беларускай вёскі, і гэта можа выглядаць як забаўна, так і страшна. У абходзе ўчастковы наведвае, скажам так, сацыяльна неўладкаваных людзей, але праяўляе пры гэтым амаль што бацькоўскі патранаж — можа дыдактычна палаяцца, паспрабаваць наставіць на розум, папужаць пратаколам. А часам праяўляе эмоцыі і павышае голас: «Саша-Саша, я табе не Саша, я з табой гарэлку не піў». Аляксандр Клямята таксама прыехаў на прэм'еру і на прамое пытанне рэжысёра сказаў, што фільм яму спадабаўся.
Нарэшце, падзеяй стаў першы ў Беларусі паказ ігравой карціны Улады Сяньковай «ІІ», што значыць «два», альбо дзве палоскі. Яе сусветная прэм'ера не так даўно прайшла на Варшаўскім кінафестывалі, больш за тое — кажуць, гэта першы беларускі фільм, уключаны ў яго конкурсную праграму. У гісторыі пра дзесяцікласнікаў — тэма заражэння ВІЧ, гомасексуалізм і, галоўнае, пэўнае стаўленне грамадства да гэтага. Карціна паказвае, як людзі могуць быць крыўдна непадрыхтаванымі да такіх сустрэч і якімі непрыгожымі яны ў сваіх прадузятасці і нецярпімасці становяцца. Тое, як у герояў фільма праяўляюцца забабоны і страхі, становіцца галоўным эмацыянальным момантам фільма, але сваім фіналам карціна ўсё яшчэ шле гледачам важны меседж: жыццё, нягледзячы ні на што, працягваецца, таму варта запланаваць наступны паход у кіно.
Пераможцы асноўных конкурсных праграм Мінскага міжнароднага кінафестывалю будуць названыя 8 лістапада на цырымоніі закрыцця ў кінатэатры «Масква».
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
«Лістапад» падвёў свае першыя вынікі. У Конкурсе нацыянальных кінашкол прыз «За найлепшы фільм» атрымала «Планета Гелніца» Паўлы Райселавай з Акадэміі выканальніцкіх мастацтваў у Браціславе. Дыплом «За выдатнае ўзаемадзеянне руху камеры і мантажу» — «На сувязі» Аляксандры Мачэйчык з Польскай нацыянальнай школы кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі. Дыплом «Фільм з самым крэатыўным рашэннем для аповеду гісторыі» — «Тэрыкон» Бронтэ Стал з Мабільнай кінашколы DocNomads. Нарэшце, дыплом «За самую дакладную рэжысуру» — «Інжынер Фёдаравіч» Алены Мурганавай са Школы дакументальнага кіно і тэатра Марыны Разбежкінай і Міхаіла Угарава.
У конкурсе фільмаў для дзяцей і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» перамагла карціна «Маё неверагоднае лета з Тэс» (Нідэрланды, Германія, рэжысёр Стывен Ваўтэрлод).
Спецыяльны прыз журы, у якое ўваходзілі рэжысёр і сцэнарыст Улада Сянькова (Беларусь), пісьменнік, рэжысёр тэатра і кіно Томас Хайнеман (Германія) і прафесар кіназнаўства, заснавальніца кампаніі па стварэнні дзіцячых фільмаў Клара Суарэс (Аргенціна), прысуджаны стужцы індыйскага рэжысёра Рыма Даса «Булбул можа спяваць». За найлепшую дзіцячую ролю адзначылі Эмілі Б'ер («Калонія», Канада), а найлепшай работай дарослага акцёра ў дзіцячым фільме суддзі назвалі ролю Соні ван Утэрэна («Маё неверагоднае лета з Тэс»).
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».