Вы тут

Наш Бялінскі з Капыльшчыны


Шмат каго з пісьменнікаў выпеставала капыльская зямля. У гэтым шэрагу — і Адам Бабарэка — чалавек няпростага, бунтарнага лёсу. Дакладна сказаў пра яго літаратуразнавец Уладзімір Конан: «Трыццаць дзевяць гадоў жыцця… Дзевяць гадоў творчасці… Напружанасць і трагічная паскоранасць ва ўсім: бядачае дзяцінства; ранняе сіроцтва; бязбацькаўшчына; белапольскі палон і катаванні ў засценках, служба ў ВЧК; бурлівае літаратурнае жыццё, — час адзіноты, час пакут, і трагічныя перажыванні на апошнім этапе…»


Як прыгадваў А. Бабарэка ў аўтабіяграфіі, паходзіў ён з «беззямельных сялян (па вясковай тэрміналогіі — “брусковых”) вёскі Слабада-Кучынка, зараз Мінскай акругі, Капыльскага раёна». Нарадзіўся 14 кастрычніка 1899 года. Бацька яго, каб пракарміць сям’ю, не цураўся ніякай работы: быў і краўцом, і шаўцом. Прыдбаў невялікі млын, а ў канцы жыцця (у магілу рана звялі сухоты) меў нават сваю невялічкую краму. Грошай усё адно не ставала. Зарабляў няшмат. Чалавек душэўны, шчодры, са спагадай ставіўся да іншых. Апошнім дзяліўся, хоць і ведаў, што дадзенае ў доўг наўрад ці вернуць. Калі памёр, і пахаваць не было за што.

Адам застаўся з маці і малодшым братам, бо сёстры яго і астатнія браты таксама заўчасна пайшлі з жыцця. Даводзілася нялёгка. Выйсце — атрымаць прафесію. Пра яго іншыя паклапаціліся. Як сірату прынялі ў Слуцкую бурсу. Потым — Мінская духоўная семінарыя. Магчыма, і звязаў бы назаўсёды свой лёс са святарскай дзейнасцю, калі б не павевы новага жыцця. Змены ў жыцці грамадства вітаў. І яшчэ больш пераканаўся, як шмат значыць адукацыя народа. Бо што іншае дапаможа беларусам успрымаць сябе народам, пераканае ў неабходнасці «людзьмі звацца»?

Скончыўшы чатыры класы семінарыі (а гэта адпавядала сярэдняй адукацыі), у 1918 годзе паехаў настаўнічаць на вёску. Загадваў і саветам народнай асветы Пукаўскай воласці. Адначасова ўваходзіў у валасны рэўкам, быў адным з найбольш актыўных яго чальцоў. Аўтарытэт яго мацнеў. Гэта відаць з пратаколаў пасяджэнняў аддзела ў 1919 годзе, якія захаваліся ў архіве.

Савет народнай асветы на той час складаўся з 29 прадстаўнікоў: 22 з іх уваходзілі ў сельскія камітэты, двух выбралі самі настаўнікі, уваходзілі ў савет і 5 вучняў. Работа ажыццяўлялася дэмакратычна. Нават каму даручыць вучыць школьнікаў, вырашалі тайным галасаваннем. У спіс прэтэндэнтаў на такую працу ўносілася больш кандыдатур, чым было вакантных месцаў. Выкладчыкамі зацвярджаліся тыя, хто карыстаўся даверам, за каго і галасавала большасць. На выбарах у вёсцы Пукава (з 1964 года яна называецца Камсамольская) за А. Бабарэку прагаласавалі 22 чалавекі, супраць — сем. Ён настаўнічаў у Сунаеўскай школе. Крыху пазней — у роднай Слабадзе-Кучынцы, потым — у Крыніцкай школе.

У першыя гады савецкай улады ад настаўнікаў на сяле залежала многае. Найбольш перадавыя з іх станавіліся цэнтральнай фігурай на вёсцы. Да такіх народных педагогаў належаў і А. Бабарэка. Разам з актывістамі растлумачваў палітыку партыі, агітаваў за стварэнне сельскагаспадарчых камун, удзельнічаў у харчразвёрстцы. У воласці арганізоўваў гурткі вясковай моладзі. Наладжваў літаратурныя вечары, ставіў аматарскія спектаклі.

Усё яму імпанавала. Змены ў чымсьці ўспрымаў празмерна ідэалістычна. Не заўважаў, што на сонцы шчаслівай рэальнасці ёсць і цёмныя плямы. Ды ці толькі ён так жыў і дзейнічаў у той час?! А што словы ў яго не разыходзіліся са справай, пераконвае час белапольскай акупацыі. Тое, за што агітаваў, абараняў. З сябрам, загадчыкам аддзела народнай асветы Пукаўскага рэўкама Астрэйкам, перабраўся ў Мінск, дзе звязаліся з адной з падпольных рэвалюцыйных арганізацый. Атрымалі заданне нелегальна дзейнічаць на Случчыне. Паведамлялі камандаванню Чырвонай Арміі пра настроі насельніцтва, інфармавалі пра колькасць войск непрыяцеля, яго ўзбраенне. Выпускалі лістоўкі, у якіх расказвалі пра падзеі на фронце. Арганізавалі і ўдарныя мабільныя групы, у якія ўваходзілі, у залежнасці ад мэтазгоднасці, па пяць—дзесяць чалавек. Групы часта мянялі месца сваёй дыслакацыі, таму доўгі час заставаліся няўлоўнымі для праціўніка.

Аднак ворагі ўсё ж натрапілі на след патрыётаў. Вясной 1920 года ў Слуцкай падпольнай арганізацыі, у якую тады ўваходзіў А. Бабарэка, аказаўся правакатар. Разам з 12 баявымі таварышамі Адам Антонавіч трапіў у палон. Белапалякі падвергнулі іх жорсткім катаванням. Асабліва здзекваліся з А. Бабарэкі. Пра гэта ведаю са слоў вядомага беларускага пісьменніка Станіслава Шушкевіча, які быў вучнем А. Бабарэкі. Станіслаў Пятровіч расказваў, што на спіне ў А. Бабарэкі засталіся рубцы і вялікая выпаленая чырвоная зорка.

Але зверствы не зламалі вязняў. Яны трымаліся мужна і сваіх баявых таварышаў не выдалі. А восенню 1920 года змаглі ўцячы, сталі партызаніць. Пасля выгнання акупантаў Адам Антонавіч да 1922 года служыў у Чырвонай Арміі. Далейшая жыццёвая дарога прывяла яго на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова выкладаў у мінскіх школах беларускую мову і літаратуру, працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь». Быў і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ва ўніверсітэце. Стаў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Калі ўзнікла «Узвышша», перайшоў туды.

Упершыню выступіў у друку ў 1918 годзе як селькар. Як пісьменнік заявіў пра сябе двума гадамі пазней на старонках газеты «Савецкая Беларусь» апавяданнем «Атамсціў», вершамі «З фронту», «Чырвоным звонам», «Без спагнання»… Вершы падпісваў псеўданімамі Адам Чырвоны і Якім Каліна. З’яўленне першага з іх вытлумачваецца проста — А. Бабарэку па-ранейшаму вабіла чырвонае полымя камуністычнага заўтра. А Каліна? Ці не з улюбёнасці ў родны кут узнікла гэтае літаратурнае прозвішча як напамінак аб вёсцы?

У вершы «Мы» прамаўляў не толькі ад свайго імя, але і ад імя многіх, пра каго гаварылі: «кто был ничем, тот станет всем». Лірычны герой А. Бабарэкі адчуваў сябе раўнапраўным агульнай грамадзе будаўнікоў новага свету:

«Мы» у працы, «мы» у змове, «мы» носіцца ўсюды,

Скрыжаваны молат і серп — гэта «мы»!

«Мы» скрозь «я» змятае ў працоўнага ладу,

Для вечнага жыцця, труда й барацьбы.

Іншыя яго вершы — як раннія, так і больш познія — таксама не пазбаўлены класававага падыходу, які быў немагчымы без вітання новага дня, а галоўнае — без выкрыцця тых, хто перашкаджае надыходу чаканай светлай будучыні. Што да апошняга, то А. Бабарэка ў гэтым асабліва «не засвяціўся», а ў плясканні ў далоні не адставаў і ад іншых паэтаў.

Адама Бабарэку высока цаніў яго зямляк Цішка Гартны: «[…] таленавіты беларускі пясняр з новымі ідэямі пралетарскага характару […] Хлопец малады, багаты жаданнямі, але таксама жыццё скручвае яму рукі і зацягвае павуціну цяжкага змагання з ім». Аднак сам «хлопец малады», відаць, зразумеў, што паэзія — гэта не тая дзялянка, якую аздабляць яму, і больш увагі ўдзяляў прозе.

Часта пісьменнікі прамаўлялі тое, што трэба было, а не тое, да чаго ляжала іх душа. З-пад пяра і А. Бабарэкі нараджаліся творы пра класавую барацьбу, пра актыўнасць камсамольцаў… Назбіралася іх на кнігу «Апавяданні», што выйшла ў 1925 годзе. Узяўся і за напісанне аповесці «Мяцежным шляхам», надрукаваўшы ўрыўкі з яе ў шостых і сёмым нумарах часопіса «Маладняк» за 1925 год.

Гэты год — пачатак і яго літаратурна-крытычнай дзейнасці. У тым жа сёмым нумары «Маладняка» змешчаны ягоны артыкул «Вясну радзіла восень. (Да пытання аб кірунках у сучаснай беларускай літаратуры)», у дзявятым — «Лірыка Міхася Чарота». У часопісе «Маладняк Калініншчыны» (№ 2) з’явілася даследаванне «Літаратура як зброя класавага змагання і шлях для яе аўладання». У газеце «Савецкая Беларусь» А. Бабарэка разгледзеў «контуры творчага шляху А. Гурло» — такі падзагаловак мае артыкул «Звоніць сэрца жарам» ў нумары ад 22 сакавіка. А 15 лістапада ў друку з’явілася яго рэцэнзія на кнігу К. Крапівы «Крапіва».

Друкаваўся і ў іншых выданнях: «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», «Радавая рунь»… Даследаваў творчасць М. Багдановіча, К. Чорнага, У. Дубоўкі, М. Чарота, Я. Коласа, З. Бядулі. Задумваўся над метадалагічнымі пытаннямі літаратуразнаўства і эстэтыкі. Ва ўмовах, калі баль правіў сацыяльна-вульгарызатарскі падыход да асэнсавання мастакоўскага працэсу, А. Бабарэка належаў да тых нямногіх сумленных творцаў, якія ніколі не кіраваліся ў сваіх ацэнках кан’юнктурнымі меркаваннямі. Важнае яго разуменне, што сапраўныя набыткі беларускую літаратуру чакаюць не тады, калі яна будзе ісці толькі ў нагу з часам, а тады, калі апярэдзіць яго і выйдзе на абсягі сусветнай прасторы.

Такая думка прагучала ў яго дакладзе «Творчы шлях “Маладняка”», з якім выступіў на І Усебеларускім з’ездзе гэтай пісьменніцкай арганізацыі: «Маладнякоўцы павінны пашыраць рамкі ўбірання ў сябе творчага вопыту як народнай творчасці і папярэдніх беларускіх пісьменнікаў, так і творчага вопыту літаратараў Захаду і Усходу, каб на гэтым грунце стварыць станаўленне новага жыцця мастацтва як формы матэрыялізацыі стыку Захаду і Усходу».

Якім крытыкам, літаратуразнаўцам, дый чалавекам А. Бабарэка быў, яскрава сведчаць згадкі тых, хто працаваў поруч. З іх бачна, што нават самыя таленавітыя пісьменнікі прыслухоўваліся да яго голасу, ацэнак, давяраючы ягонаму высокаму эстэтычна-мастацкаму густу. У. Дубоўка ўспамінаў: «Гэта быў шчыры, сардэчны чалавек, выдатны крытык, цудоўны сябра… Усе свае раманы і аповесці […] Кузьма Чорны папярэдне абмяркоўваў з Адамам». Прыслухоўваліся да яго меркавання і сябры «Узвышша». Тым больш літаратары маладзейшыя. Трапна засведчыў Я. Скрыган: «Ён, крытык, маладнякоўскі Бялінскі, і відаць, што яго не баяцца, а паважаюць». М. Лужанін назваў Адама Бабарэку «чалавекам таленавітага сэрца, хто даў не адну пуцёўку ў друк першым вершам маладых». «Чалавек вялікай душы, поўны любві да людзей, да літаратуры і працы, да ўсяго добрага і прыгожага на зямлі» — так сказаў пра яго ўжо згаданы мною У. Конан, які напісаў кнігу «Адам Бабарэка. Крытыкабіяграфічны нарыс» (1976).

Арыштавалі яго 25 ліпеня 1930 года па справе міфічнага «Саюза вызвалення Беларусі», а 10 красавіка 1931-га прысудзілі да пяці гадоў высылкі. Пакаранне адбываў у гарадскім пасёлку Сладскі на Вятчыне (Расія), а потым — у самой Вятцы. А ў 1937 годзе — чарговыя абвінавачванні. І новы прысуд: яшчэ 10 гадоў высылкі. Зрэдку дазвалялі перапіску, але толькі па-руску.

Як сведчыў У. Конан («Зруйнаванае “Узвышша”», «Роднае слова», 1999, № 10), «апошні раздзел рукапісу (яго кнігі — А. М.), заснаваны на вытрымках з лістоў А. Бабарэкі, прысланых ссыльна-катаржным пісьменнікам […]», не быў надрукаваны. У ім і звесткі пра апошнія дні жыцця гэтага выдатнага крытыка і літаратуразнаўцы.

Вытрымкі толькі з двух з іх, што сведчаць пра тое, у якім стане знаходзіўся пісьменнік:

«18. ІХ. 38 г. Сердце совсем расстроилось, и на этой почве все тело отекло и опухло. Сегодня доктор обещал положить в больницу […]». Забыўся аб перасцярозе, звярнуўся да дачушак на роднай мове: «Шануйцеся і беражыцеся, любыя дзетанькі, каб быць здаровымі і выдатна вучыцца!»;

«1. Х. 38 г. С 20 сентября нахожусь я в стационаре (больнице) 42 лагпункта на излечении от асцита (отека всего тела)».

А. Бабарэкі не стала 10 кастрычніка. Пайшоў ён у вечнасць у пасёлку КняжПагост Комі АССР. У літаратуры пакінуў след найперш як пачынальнік беларускага літаратуразнаўства.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Наша агульная задача — яшчэ мацней аб’яднацца і працаваць на карысць роднай Беларусі»

«Наша агульная задача — яшчэ мацней аб’яднацца і працаваць на карысць роднай Беларусі»

Словы Прэзідэнта на цырымоніі інаўгурацыі, як і сама знакавая для дзяржавы падзея, знайшлі водгук у сэрцах усіх сапраўдных патрыётаў краіны