Мова агню


Што вызначае геніяльнасць? Хто мае права насіць гэтае званне і хто мае права яго прысуджаць? Лічыцца, што расплачвацца за яго няшчасцем натуральна і апраўдана: найлепшыя сыходзяць раней. Ёсць безліч прыкладаў, якія пацвердзяць гэты тэзіс, і не менш тых, што аспрэчаць яго.


26 кастрычніка 2019 года магло б споўніцца 60 гадоў беларускаму паэту Анатолю Сысу. Яго імя гучыць сярод першых, калі гаворка заходзіць пра сучасную беларускую літаратуру. І калі б хтосьці ўзяўся за складанне лікбезу «што трэба прачытаць, каб разумець сучасную беларускую літаратуру?», творы Анатоля Сыса, безумоўна, былі б у гэтым лісце.

Ва ўніверсітэце наш выкладчык па сучаснай беларускай літаратуры паспрабаваў скласці такі ліст, выдзяляючы ў кожным дзесяцігоддзі галоўныя творы паэзіі, прозы, публіцыстыкі і драматургіі. Найбольш значным паэтычным творам за 80-я стаў «Пан лес», зборнік Анатоля Сыса. Дзякуючы алімпіядзе па беларускай мове ведала яго імя са школы. Акрамя імені, у галаве было некалькі афарыстычных радкоў, якія зручна выкарыстоўваць у вусных выказваннях: «памірай, а жыта сей — рунь пра сейбіта раскажа», байка пра рондаль баршчу на нейкім важным пасяджэнні і прывідны статус аднаго з самых цікавых і скандальных беларускіх літаратараў канца мінулага стагоддзя. Што стала вядомым пасля непасрэднай сустрэчы з вершамі? Што ў іх хрысціянскія вобразы ходзяць поруч з паганскімі, што зямля, птушкі, дрэвы, сонца і смерць утвараюць бясконцы танец метафар, што, калі прачытаць цэлы зборнік нагбом, адчуваеш пасля на сваім твары цеплыню і чорную цень, быццам сядзіш ноччу каля вогнішча.

Суд птушак

Калі сэрца дзяўбуць крумкачы,

 гнеў сочыцца. Не да болю.

Крылы чорныя, быццам мячы,

паласуюць няшчадна долю.

Калі сэрца дзяўбуць буслы,

крыўда сочыцца. Прыкра слухаць

пір крывавы пад галасы

высакародных птушак.

Значыць, ёсьць за табой віна,

калі птушка такая судзіць.

Павініся. Не праклінай —

птушкі літасьцівыя, як людзі.

Тэксты прасякнуты дзіўным суладдзем жывой расліннай прыроды з агнём. Нараджэнне іх аўтара суправаджалася гісторыяй, вартай легенды, — маці выпадкова ўчыніла пажар і моцна абгарэла ў тую ноч, калі нарадзіўся яе сын.

Наўрад ці з гэтай гісторыяй варта звязваць чалавечую і паэтычную харызму Анатоля Сыса, але зразумела, што асабістая легенда моцна паўплывала на аўтарскае самаўсведамленне. Першы зборнік Сыса мае назву «Агмень». У інтэрв’ю Алесю Ліпаю, якое ён даў пасля выхаду кнігі для газеты «Знамя юности», аўтар расказвае: «“Агмень” (па-руску — “очаг”) — гэта метафара Радзімы. Часьцінка маёй Радзімы, якую я насіў у сабе, якая сагравала мяне падчас службы ў Польшчы. Прычым слова гэтае амаль забытае намі. Я знайшоў яго толькі ў “РасейскаКрыўскім (Беларускім) слоўніку” Вацлава Ластоўскага, кнізе рэдкай. Бо адзін з абавязкаў пісьменьніка — вяртаньне сябе праз вяртаньне страчанага народам». На просьбу адказаць на пытанні, якія ён узняў у кнізе і не даў тлумачэнняў, Анатоль Сыс кажа: «Прабач, паэт не павінен сябе разжоўваць. Інакш ён будзе прапаноўваць чытачу ня вершы, жвачку», — а на пытанне «хто ж такі Анатоль Сыс?» адзначае супярэчлівасць свайго характару: «Ёсьць у мяне такая рыса характару — жорсткасьць, якая ўжываецца з сентыментальнасьцю. Бывае, калі ідуць вершы, ваяўнічыя вершы, я адчуваю адчай, адчай да сьлёз…»

У інтэрв’ю 2002 года, пасля выхаду апошняй кнігі, ён паўстае зусім іншым. І ў вершах, і ў словах аўтара становіцца значна менш дэкларатыўнасці, больш спакою і святла. Аўтар пяшчотна расказвае пра сваю маці, людзей, якія атачаюць яго, кажа, што адчувае, што пачне пісаць.

У апошнім зборніку менш канцэнтраваныя паганскія матывы, хаця рытмічная пабудова імкнецца да замоваўзакляццяў, болей разважанняў ад першай асобы. Тэксты падаюцца больш жыццесцвярджальнымі, у іх ёсць прыхаваная надзея. Стаўленне да смерці становіцца ў ім амаль самурайскім — заўсёды памятаць, што смерць ёсць і рана ці позна прыйдзе і да цябе.

I калі вясёлкай над труной

вып’е кроў да кроплі з маіх жылаў,

Беларусь, накрый мяне зямлёй.

Не, счакай, яшчэ аддам я вочы

сваёй здані,

каб мая душа

не зблудзіла на чужыну ўночы,

каб між намі не лягла мяжа.

Успаміны пра паэта сведчаць, што апошнія гады даліся яму цяжка праз вымушанае маўчанне, праз тое, што «вершы не прыходзілі». Магчыма, гэта выхавала пэўную цярплівасць.

Дарэчы, сустрэча з апошнім зборнікам Анатоля Сыса сталася для мяне таямніцай. Ва ўсіх біяграфічных крыніцах у інтэрнэце ёсць звесткі пра гэтую кнігу пад назвай «Сыс». Але знайсці саму кнігу атрымліваецца толькі пад назвай «Ягамосць». Зразумець, што чытаеш менавіта той самы апошні зборнік, атрымалася толькі дзякуючы вышэйзгаданаму інтэрв’ю.

Дзесяць гадоў таму, з нагоды 50-гадовага юбілею паэта, пад назвай «Ягамосць» быў выдадзены зборнік прысвячэнняў яму. Сяржук Сыс згадваў, што паэт хацеў назваць такім чынам сваю апошнюю кнігу, але пасаромеўся. Сам жа Анатоль Сыс у інтэрв’ю адказвае на пытанне пра назву так: «Я ў гэтым не вінаваты. Я хацеў назваць кніжку “Лён”. Але яе афармляў мастак Аляксей Марачкін, і ён прапанаваў назваць яе “Сыс”. А мне што? Кажу — назаві мяне хоць чыгуном, толькі ў печ ня стаў». Назву «Лён» мае аднатомны збор выбраных твораў, дапоўнены невядомымі вершамі, інтэрв’ю і артыкуламі Анатоля Сыса, укладзены Міхасём Скоблам.

Ва ўсялякім выпадку, не назва робіць кнігу, а яе змест. Здавалася б, чым болей вершаў прачытаеш, тым глыбей зразумееш аўтара. Але ў выпадку з Анатолем Сысом ёсць вялікае пытанне — ці магчыма яго ўвогуле зразумець. Творчая кухня некаторых аўтараў, у тым ліку эмацыйны, духоўны складнік, надзвычай празрыстая, якая счытваецца з паэтычнага радка з першага погляду. Анатоль Сыс — не такі выпадак. Прырода яго болю, яго абурэнняў, яго змрочнага погляду на свет і яго надзеі засталася вядомай толькі носьбіту. Можа, Анатоль Сыс у пэўным сэнсе быў тым, чым варта быць кожнаму? І нават не ў тым сэнсе, што «паэтам можаш ты не быць, а беларусам абавязаны». Справа хутчэй у тым, што праблемы пакалення, актуальныя тэмы, уласныя ўнутраныя пытанні, пошукі і перакананні аўтар умеў выказаць сваёй непаўторнай мовай, словамі, што энергетычна і сэнсава супадалі і з ім самім, і са светаадчуваннем яго чытачоў.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.