Вы тут

Як працуе процімінны цэнтр Узброеных Сіл


Разбуральныя войны, якая пракатваліся па тэрыторыі нашай краіны, пакінулі пасля сябе безліч вельмі небяспечных артэфактаў. Лічбы проста ашалямляльныя – за мінулы год нашы сапёры абясшкодзілі больш за 24 тысячы выбухованебяспечных прадметаў. Сёлета за 10 месяцаў іх колькасць пераваліла ўжо за 30 тысяч. І ў асноўным гэтая “спадчына” дасталася нам ад абедзвюх сусветных войнаў. Зусім малая частка прыходзіцца на долю боепрыпасаў, якія не выбухнулі падчас вучэбных стрэльбаў на палігонах.


Але як бы там ні было, а ліквідоўваць небяспеку ў любым разе трэба. У нашай краіне дзейнічаюць 29 перасоўных груп размініравання Узброеных Сіл і 16 сапёрна-піратэхнічных груп унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. А ў лістападзе на базе проціміннай службы 2-й інжынернай брыгады быў створаны процімінны цэнтр Узброеных Сіл.

- У сучасных ваенных канфліктах колькасць ужываемых боепрыпасаў істотна вырасла, - зазначыў начальнік інжынерных войскаў Узброеных Сіл - начальнік упраўлення інжынерных войскаў Генеральнага штаба Узброеных Сіл Андрэй Куракоў. - Стала больш і выпадкаў ужывання самаробных выбуховых прылад. Натуральна, мы павінны былі знайсці на гэтыя выклікі адэкватны адказ. Мы павінны падняць на новы ўзровень падрыхтоўку сапёраў, павялічыць колькасць такіх спецыялістаў… І разлічваем, што стварэнне гэтага цэнтра дазволіць эфектыўна ўкараняць перадавы досвед.

Начальнікам проціміннага цэнтра быў прызначаны Сяргей Дзямчышын. Ён крыху распавёў пра яго задачы.

- Цэнтр прызначаны для падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ваенных спецыялістаў да выканання задач па размініраванні. Акрамя таго, тут будуць збіраць, абагульняць і аналізаваць інфармацыю аб развіцці інжынерных боепрыпасаў і выкарыстанні самаробных выбуховых прылад. З’явіцца таксама база дадзеных пра мінанебяспечныя ўчасткі мясцовасці на тэрыторыі краіны, месцах знаходжання і знішчэння выбухованебяспечных прадметаў. Таксама тут будзе адбывацца ўзаемадзеянне па пытаннях размініравання з прадстаўнікамі іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў нашай краіны. І, канешне ж, нашы спецыялісты зоймуцца размініраваннем, правядзеннем выбуховых работ, пошукам і абясшкоджваннем боепрыпасаў. Мы будзем прымаць удзел у ліквідацыі надзвычайных сітуацый, у тым ліку і затораў на водных акваторыях падчас веснавых паводак. Гэта толькі частка шырокага кола нашых задач…

Цэнтр ад самага пачатку скамплектаваны вельмі дасведчаным камандным і выкладчыцкім складам. Ваеннаслужачыя пачынаюць працу не з нуля – яны ўжо навучаліся ў міжнародных цэнтрах іншых дзяржаў. Тэорыя падмацоўваецца і практыкай – у вайскоўцаў ужо назапашаны велізарны досвед у размініраванні тэрыторыі Беларусі. На вельмі высокім узроўні і тэхнічнае аснашчэнне – яно прызначана для пошуку, абясшкоджвання і знішчэння небяспечных прадметаў.

І ўсё гэта можна было пабачыць на свае вочы.

- Падрыхтоўка спецыялістаў у галіне размініравання праходзіць паэтапна – ад простага да складанага, - працягвае Сяргей Дзямчышын. - На першым этапе яны праходзяць тэарэтычную падрыхтоўку, карыстаючыся нашай вучэбна-матэрыяльнай базай. Для гэтага ў нас створаны тры адмысловыя навучальныя класы. А вось і наша экіпіроўка – сучасныя проціасколкавыя абарончыя касцюмы. Адзін з іх распрацаваны і зроблены ў Беларусі. Вага яго вялікая – 65 кілаграмаў. Але ён абсталяваны сістэмай унутранага ахалоджання, каб сапёр не пераграваўся. У падобных касцюмах расійскія сапёры працавалі ў Сірыі, і гэтая экіпіроўка даказала сваю эфектыўнасць у баявых умовах.

Супрацоўнікі Цэнтра таксама паказалі, як працуюць сапёры. Для гэтага створаны адмысловыя трэнажорныя класы, якія імітуюць дзіцячы пакой, кухню, групу ў дзіцячым садку... Там на практыцы адпрацоўваюцца ўсе сакрэты размініравання. Сапёр, як вядома, права на памылку не мае.  І небяспека пачынаецца з дзвярэй – хто ведае, можа з таго боку закладзена “расцяжка”… Каб псіхалагічна падрыхтаваць вайскоўцаў, у вучэбных расцяжках прадугледжаны гукавыя эфекты. Скажам, адкрыў ён шафу, не праверыўшы загадзя – і прагучаў умоўны “выбух”. Але насамрэч “выбухоўка” можа знаходзіцца дзе заўгодна – у газавай пліце, пад цацачным танкам і нават пад дываном на падлозе.

Паказалі сапёры і тое, як яны шукаюць снарады ў зямлі.

- Па выніках разведкі арганізоўваецца суцэльнае размініраванне, - расказвае Андрэй Куракоў. - Тэрыторыя разбіваецца на сектары. Калі прадмет будзе знойдзены, камандзір вызначае ступень яго небяспекі і ставіць задачу або перамясціць, або знішчыць на месцы. Перавезці можна не ўсё, на жаль... Напрыклад, калі снарад мае ўзрывальнік і ўжо прайшоў праз канал ствала, але па якойсьці прычыне не выбухнуў. Але пераважная большасць боепрыпасаў Вялікай Айчыннай транспартабельная.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота прадастаўлена Міністэрствам абароны

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.