Вы тут

Якія запатрабаваныя аб'екты адкрылі ў Беларусі да 7 лістапада?


Новыя і запатрабаваная аб'екты сацыяльна-культурнага, бытавога і вытворчага прызначэнняў былі ўрачыста адкрыты па ўсёй краіне і прымеркаваны да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, што стала ўжо добрай традыцыяй. Безумоўна, адным з самых значных падарункаў стала адкрыццё пансіяната на тэрыторыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава ў Бараўлянах, якое на мінулым тыдні адбылося з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Жыхары Гомеля з палёгкай уздыхнулі, дзякуючы адкрыццю новага моста цераз раку Сож, а ў Мінску гэтымі днямі стаў даступны для наведвальнікаў новы басейн. Ва ўсіх рэгіёнах прайшлі вялікія і маленькія (але не з пункту гледжання значнасці для насельніцтва) адкрыцці, якія па добрай традыцыі, закладзенай яшчэ з савецкіх часоў, з'яўляюцца своеасаблівымі падарункамі для жыхароў. Якімі сёлета яны былі, можна даведацца з нашай падборкі.


Мінск

«Волат» — завадчанам

Новы спартыўны аб'ект, у адкрыцці якога прыняла ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, размешчаны ў мікрараёне Шабаны. Басейн, створаны па тыпавым праекце, змяшчае дзве чашы — для дарослых і дзяцей. Кошт аздараўленчай «абноўкі» — пяць мільёнаў рублёў. Пабудавалі басейн за 10 месяцаў з невялікім апярэджаннем тэрмінаў. «Заводскі раён — гэта адзін з буйных, дзе жывуць 234 тысячы чалавек. Канечне, тут павінна быць развітая інфраструктура. І мы бачым, што ў гэтым раёне шмат жылля пабудавана, пражывае вялікая колькасць людзей, але не было такога спартыўнага аб'екта.

Калісьці, адкрываючы спартыўны комплекс «Мандарын» (размешчаны ў Заводскім раёне. — «Зв.»), кіраўнік краіны паставіў задачу — у горадзе Мінску пабудаваць як мага больш басейнаў, каб у людзей была магчымасць займацца спортам і проста прыйсці паплаваць, — сказала Наталля Качанава. — І я ўпэўнена, што аб'ект будзе карыстацца папулярнасцю ў жыхароў раёна. Тут усё зроблена для таго, каб чалавек мог прыйсці паплаваць і атрымаць ад гэтага задавальненне».

Па словах Наталлі Качанавай, будаўніцтва басейнаў у горадзе будзе працягвацца. І аб'ект у Шабанах — прыклад таго, як гэта павінна адбывацца: за непрацяглы тэрмін і невялікія грошы.

Спартыўны аб'ект дапрацавалі адпаведнай інфраструктурай — паркоўкай, пад'язнымі шляхамі. Побач размясцілася зона адпачынку з трэнажорамі і пляцоўкай для воркаута.


Брэстчына

Новая вытворчасць — новыя лыжы

У Целяханах урачыста адкрылі новы цэх па вытворчасці пластыкавых лыжаў. Гэта стала чаканай падзеяй для Целяхан і навакольных вёсак. Фабрыка даўно была градаўтваральным прадпрыемствам для амаль 5-тысячнага пасёлка. Зараз на гэтай вытворчасці працуе больш за 180 чалавек. А праведзеная мадэрнізацыя дае надзею на далейшае паступальнае развіццё прадпрыемства і стварэнне дадатковых рабочых месцаў.

Новую вытворчасць стварылі ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы фактычна за год. Рэалізацыя праекта абышлася ў 14 мільёнаў беларускіх рублёў. Была праведзена рэканструкцыя будынка, завезена абсталяванне ад вядучых айчынных і замежных вытворцаў для ўсяго цыкла вытворчасці сучасных пластыкавых лыжаў.

Ужо ў наступным годзе плануецца выпусціць 50 тысяч пар, а да 2022 года выпуск узрасце да 100 тысяч пар у год. Праект па вытворчасці пластыкавых лыжаў змаглі ажыццявіць з дапамогай вучоных. На гэты факт звярнуў увагу прысутных падчас адкрыцця кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар ШЭЙМАН:

— Была праведзена велізарная работа спецыялістамі Акадэміі навук, Нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта, а таксама Кіраўніцтва справамі, міністэрстваў спорту і прамысловасці. Давялося выязджаць у Кітай, Аўстрыю, Расію для вывучэння вопыту. Мы здолелі выпусціць лыжы, якія не ўступаюць расійскім альбо ўкраінскім.


Віцебшчына

Для падрыхтоўкі машынабудаўнікоў

У Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы, дзе вучыцца каля 800 чалавек, пачаў працаваць рэсурсны цэнтр машынабудаўнічага профілю. На сённяшні дзень у Віцебскай вобласці аналагаў гэтай адукацыйнай установе няма. А сярод такіх жа ў краіне па тэхнічным забеспячэнні адной з найлепшых. У рэсурсным цэнтры ёсць лабараторны корпус, механічныя майстэрні фрэзернай і такарнай апрацоўкі матэрыялаў на малагабарытных станках з праграмным кіраваннем. Таксама абсталявалі майстэрню фрэзернай і такарнай апрацовак матэрыялаў на прамысловых інтэлектуальных станках.

Лабараторыі і майстэрні аснашчаны сучасным вучэбным абсталяваннем як айчыннай, так і замежнай вытворчасці.

Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА адзначыў, што такія ўстановы дазваляюць рыхтаваць спецыялістаў, якія адпавядаюць патрэбам часу. Кіраўнік ведамства выказаў упэўненасць, што «начынне» цэнтра самае перадавое. І цяпер у Беларусі — у трэндзе арганізацыя навучання ва ўстановах, дзе магчыма стаць майстрам сваёй справы яшчэ да пачатку работы.


Гомельшчына

Жыллё для калійшчыкаў

У Петрыкаве 5 лістапада здалі два 60-кватэрныя арэндныя дамы.

Яны прызначаны для работнікаў Петрыкаўскага горна-ўзбагачальнага камбіната. Інфраструктура будучага прадпрыемства ствараецца разам з самым маштабным інвестпраектам ААТ «Беларуськалій».

У пяціпавярховіках па 30 аднапакаёвых кватэр, 16 — двухпакаёвых і 14 — трохпакаёвых. Кватэры здадзены з поўным аздабленнем, індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі катламі, прыборамі ўліку вады і электраэнергіі, газавымі лічыльнікамі. Побач з кожным домам ёсць паркоўкі на 16 машына-месцаў і велапаркоўкі. Добраўпарадкавана і дваровая тэрыторыя.

Да канца года ў Паўночным мікрараёне плануюць здаць інтэрнат для іншагародніх работнікаў горна-ўзбагачальнага комплексу. Налета намечана будаўніцтва 40-кватэрнага дома і дзіцячага садка на 240 месцаў.


Гродзеншчына

Аб'екты — дзецям

Дзіцячы яслі-сад у Лідзе ўрачыста адкрыты з удзелам памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гродзенскай вобласці Івана Лаўрыновіча, старшыні КДК Беларусі Леаніда Анфімава, іншых ганаровых гасцей і прадстаўнікоў мясцовай улады. Такое шырокае прадстаўніцтва абумоўлена, у першую чаргу, значнасцю аб'екта, які адразу назвалі сучасным цэнтрам для развіцця і выхавання дзяцей. Тут абсталяваны музычны, спартыўны, трэнажорны залы, басейн. Ёсць сэнсарны пакой і нават камп'ютарны клас. Дашкольная ўстанова разлічана на 230 месцаў. Гэта новы трохпавярховы шматкорпусны будынак з вялікай абсталяванай пляцоўкай па ўсім перыметры. На будаўніцтва выдаткавана з абласнога бюджэту пяць мільёнаў рублёў.

Неабходны для дзяцей аб'ект з'явіўся і ў мікрараёне Альшанка абласнога цэнтра — новая дзіцячая амбулаторыя. Установа размясцілася на першым паверсе шматпавярховіка і зможа прыняць да 70 пацыентаў у змену. Гэта ўдвая больш, чым існучая. Аб'ект каштаваў бюджэту больш за мільён рублёў, тут ёсць нават уласная гемалабараторыя.


Магілёўшчына

Мост, арэна і станцыя абезжалезвання

Жыхары Глуска, напрыклад, атрымалі замест старога кінатэатра сучасны цэнтр культуры і вольнага часу «Арыён». Менавіта ў гэты дзень тут святкаваліся раённыя «Дажынкі». Жыхары райцэнтра таксама ацанілі якасць абноўленай спартыўнай арэны на месцы былога стадыёна. Замест старых лавак тут з'явіліся зручныя крэслы на 600 месцаў, зроблена сучаснае асвятленне, узведзена агароджа, заменены ўваходныя вароты і тратуарная плітка.

У Хоцімску запрацавала новая лінія хлебабулачных вырабаў ад мясцовай райспажыўкааперацыі. Жыхары аграгарадка Ціманава Клімавіцкага раёна далучыліся да чыстай вады. Напярэдадні свята тут урачыста запусцілі ў работу станцыю абезжалезвання. У Крычаўскім раёне да 7 лістапада прымеркавалі адкрыццё дзіцячага садка ў мікрараёне «Сож». У гэтыя ж святочныя дні адкрыўся рух транспарту цераз мост па цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве, які амаль два месяца знаходзіўся на рэканструкцыі.


Міншчына

Вытворчая лінія і інтэрнат

На ААТ «БелАЗ» пачала працаваць новая лінія па афарбоўцы дэталяў і вузлоў кар'ернай тэхнікі. Запуск новай лініі дасць магчымасць павысіць якасць пакрыццяў выпускаемай прадукцыі, павялічыць тэрмін іх службы да 7—10 гадоў, а таксама знізіць аб'ём выкідаў у навакольнае асяроддзе. Як адзначыў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, які прыняў удзел у адкрыцці, у праект інвеставана 35 мільёнаў рублёў. Запуск новай лініі ўключаны ў маштабную праграму комплекснай мадэрнізацыі, якая прадугледжвае як тэхнічнае пераўзбраенне, так і паляпшэнне ўмоў працы і адпачынку завадчан. Дзякуючы мадэрнізацыі створана 300 высокатэхналагічных рабочых месцаў, палепшаны бытавыя ўмовы для 700 супрацоўнікаў прадпрыемства.

А ў Салігорску ўрачыста адкрылі першую чаргу завода па вытворчасці нітрату калію. Гэта першы сумесны праект ААТ «Беларуськалій» і кітайскай кампаніі Mіgао Соrроrаtіоn Lіmіtеd. З 1 кастрычніка завод перайшоў на кругласутачны зменны рэжым работы. Гадавая магутнасць першай чаргі новага завода складзе 80 тысяч тон нітрату калію і 62 тысячы тон грануляваных азотна-калійных угнаенняў. Плануецца, што прадукцыя будзе экспартавацца ў краіны Еўрасаюза, Турцыю і Расію, а таксама ў Кітай, што прадугледжана падпісаным з кампаніяй асобным пагадненнем.

У аграгарадку Прылукі Мінскага раёна адкрыўся інтэрнат для навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, пабудаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі яго адкрыцця прынялі намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА і міністр культуры Юрый БОНДАР. Інтэрнат разлічаны на 240 чалавек.

Вольга АНУФРЫЕВА, Марыя ДАДАЛКА, Святлана ЯСКЕВІЧ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Маргарыта УШКЕВІЧ, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Да свята ўсяго багата

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».