Вы тут

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее


Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура». Падчас сваёй працы ён неаднаразова сутыкаўся з туркменскай літаратурай і сочыць за яе развіццём, новымі імёнамі. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» штогод удзельнічае ў міжнародных кніжных выстаўках у Туркменістане, таму і сама краіна паэту вядомая і, як ён прызнаецца, нават натхніла яго на стварэнне ўласных твораў. Таму пра літаратурнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Туркменістанам Алесь Бадак распавядае і з веданнем справы, і з вялікай асабістай зацікаўленасцю:


Рух насустрач

— Актыўнае супрацоўніцтва паміж беларускімі і туркменскімі выдаўцамі і пісьменнікамі развіваецца ўжо на працягу добрых гадоў дзесяці, а то і больш. Гэтаму шмат спрыяюць міжнародныя кніжныя выстаўкі, якія штогод праходзяць і ў нас у Мінску, і ў Ашхабадзе. Раней, пасля таго як не стала Савецкага Саюза і на нейкі час разарваліся ўсе творчыя кантакты паміж рэспублікамі, было так: прыязджаеш у той жа Туркменістан, пачынаеш гаварыць пра беларускую літаратуру ці пытаешся, наколькі туркменскія пісьменнікі ведаюць беларускую літаратуру, ці бачыш выстаўкі, дзе прадстаўлена ў тым ліку беларуская літаратура, і прыходзіш да высновы, што яны ведаюць у асноўным класічную літаратуру або літаратуру васьмідзясятых гадоў, калі яшчэ існаваў Савецкі Саюз і такія сувязі, узаемапераклады былі частай з’явай. І з гэтым, канешне ж, трэба было нешта рабіць, бо вялікі пласт сучаснай літаратуры быў незнаёмы чытачу з блізкага замежжа. Ужо з’явілася некалькі пакаленняў беларускіх пісьменнікаў, сярод якіх былі вельмі цікавыя творцы, вартыя ўвагі і замежнага чытача.

Тады мы пачалі наладжваць больш цесныя кантакты паміж пісьменнікамі, выдаўцамі, паміж літаратурнымі СМІ краін СНД.

У свой час (калі я не памыляюся, гэта быў 2013 год) у Выдавецкім доме «Звязда», тады яшчэ РВУ «Літаратура і мастацтва», з’явілася серыя «Созвучие», якая задала пачатак актыўнаму супрацоўніцтву паміж пісьменнікамі краін блізкага замежжа. У кожным томіку серыі была прадстаўлена адна з літаратур краін СНД і — другая частка кнігі — творы беларускіх пісьменнікаў. Такім чынам беларуская сучасная літаратура трапіла ва ўсе краіны СНД: у бібліятэкі, у міністэрствы культуры, у выдавецтвы. Зразумела, гэта тычыцца і Туркменістана.

З моманту з’яўлення «Созвучия» развіццё супрацоўніцтва з Туркменістанам стала яшчэ больш актыўным. Зроблена вельмі шмат. Выйшлі кнігі сучасных туркменскіх пісьменнікаў. Шмат твораў туркменскіх паэтаў і празаікаў змешчана ў перыядычных выданнях. Я сам працаваў у часопісах «Нёман», «Маладосць» і «Полымя», многае рабілася на маіх вачах. Адначасова дзякуючы гэтым кантактам беларуская літаратура пачала друкавацца ў Туркменістане.

Абмен словамі

— Гэтае супрацоўніцтва кожны год развіваецца. У нас выдаецца альманах «Далягляды» — гэта адроджаны папулярны ў васьмідзясятыя штогоднік. У ім друкуюцца творы замежных аўтараў, як з блізкага, так і з далёкага замежжа. Прынамсі, у «Даляглядах»-2019 ёсць творы двух туркменскіх празаікаў — гэта Максат і Атаджан Таган. Асаблівую ўвагу хацеў бы звярнуць на аўтара, які піша пад псеўданімам Максат. Вельмі цікавы, арыгінальны празаік, які, з аднаго боку, працягвае традыцыі класічнай туркменскай літаратуры, а з іншага — у ім адчуваецца еўрапейскі стыль. Гэты празаік яшчэ даволі малады і вельмі таленавіты.

Кожны год, калі мы прыязджаем на кніжную выстаўку ў Туркменістан, абавязкова бяром з сабой айчынныя выданні, дзе прадстаўлена туркменская літаратура. Нашыя туркменскія сябры таксама нас заўсёды радуюць новымі перакладамі беларускай літаратуры. У туркменаў ёсць часопіс «Сусветная літаратура» на туркменскай мове, у ім друкуюцца творы, у тым ліку і беларускіх аўтараў. Можна згадаць газету, назва якой, дарэчы, перакладаецца як «Літаратура і мастацтва», у ёй таксама актыўна прадстаўляецца беларуская літаратура. Сёлета «Мастацкая літаратура» вязе ў Туркменістан, апроч зборніка «Далягляды», яшчэ кнігу «Санеты Янкі Купалы» на мовах свету, дзе таксама прысутнічаюць пераклады на туркменскую мову.

Ва ўспрыманні літаратуры, якая перастворана з іншай мовы і ўвогуле належыць да іншай культуры, вялікую ролю адыгрывае перакладчык. Таму і ў міжнародных літаратурных адносінах справа не толькі ў тым, каб надрукавацца або надрукаваць недзе сваіх калег, але і ў тым, каб знайсці перакладчыка, які цябе зразумее. Вельмі прыемна, што сярод нашых калег у Туркменістане ёсць не толькі таленавітыя аўтары, але і выдатныя перакладчыкі, дзякуючы якім творы беларускіх аўтараў з’яўляюцца ў туркменскай перыёдыцы.

Мы зацікаўленыя ў тым, каб беларуская літаратура была прадстаўлена на туркменскім кніжным рынку не толькі ў якасці публікацый у перыядычных выданнях, але і асобнымі кнігамі — аўтарскімі або анталогіямі, напрыклад, дзіцячай літаратуры. Дзіцячая літаратура самая інтэрнацыяльная. Казкі народаў свету заўсёды запатрабаваныя і дапамагаюць зразумець іншыя культуры. Не так даўно ў Азербайджане выйшла кніга, у якой прадстаўлены дзіцячыя творы беларускіх пісьменнікаў самых розных пакаленняў: ад класікаў да сучаснікаў. І гэтае выданне стала прыкладам таго, якія кнігі могуць быць выдадзены ў іншых краінах, у тым ліку ў Туркменістане.

Літаратура з менталітэтам

— Калі я быў студэнтам, мне, як і многім чытачам, здавалася, што найцікавейшая замежная літаратура тая, якая створаная ў Еўропе: англійская, французская, нямецкая. Маўляў, там багатыя традыцыі, якія аказваюць уплыў на развіццё сусветнай літаратуры, там з’яўляюцца новыя кірункі, нейкія модныя тэндэнцыі. Пазней зразумеў, што ў кожнай краіны ёсць свая арыгінальная літаратура, якая можа быць цікавая ва ўсіх канцах свету. Туркменская літаратура цікавая менавіта сваёй самабытнасцю. Калі пісьменнікі імкнуцца да падабенства з так званымі «раскручанымі» літаратурамі, да нейкіх «модных» з’яў у літаратуры, то праз гэта яны рэдка становяцца шырокавядомымі. Падробка ніколі не ішла на карысць ніводнаму пісьменніку. Можна ўвогуле пра культуру гаварыць, і пра жывапіс, і пра музыку, і пра ўсё на свеце. Заўсёды цэніцца арыгінальнасць і самабытнасць. Тое, што моднае, можа быць папулярным, але гэтая папулярнасць, як правіла, кароткачасовая. А той, хто піша самабытна, займае сваё месца на доўгі час. Сама туркменская літаратура адносіцца да тых з’яў сусветнай культуры, да якіх можна і варта прыглядацца вельмі ўважліва.

У літаратуры Туркменістана шмат філасофіі. У ёй няма гэтай еўрапейскай лёгкасці, арыентаванай на чытача-практыка, у якога заўсёды не хапае часу. Тут больш запаволены рытм, а запаволенасць вымагае роздуму. І менавіта гэта мы знаходзім у туркменскай паэзіі і прозе — філасофію, жыццёвую, чалавечую мудрасць. І таму, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з іншым народам, іншай культурай, таму, хто шукае ў літаратуры самабытнасці, было б цікава сустрэцца з туркменскай літаратурай, у тым ліку на старонках нашых выданняў «Мастацкай літаратуры» і Выдавецкага дома «Звязда».

Дар’я СМІРНОВА

Друкуецца ў газеце "Літаратура і мастацтва".

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.