Вы тут

«Не журыся, мой сябра...»


Усё далёкае і нязведанае вабіць. Асабліва тое, што захінута покрывам таямніцы іншай традыцыі і культуры. Гэтак жа і адносна літаратуры: калі надрукаванае лацініцай альбо кірыліцай на любой са славянскіх ці германскіх моў можна хаця б часткова прачытаць і зразумець, то сэнс схаваных пад узорамі вязі цюркамоўных шрыфтоў для большасці застаецца няясным ад пачатку да канца. Якія яны, творцы далёкага Туркменістана?..


Зборнік паэзіі Махтумкулі «З кубка вечнасці мёд», пераствораны па-беларуску, які пабачыў свет да юбілею класіка ў 2014 годзе, толькі распальвае полымя цікаўнасці высечанымі, здавалася б, на скрыжалях гісторыі радкамі:

Куды б нас шляхі па жыцці ні вялі,

Расступяцца горы, што ёсць на зямлі,

Нашчадкам запомніцца Махтумкулі,

Ён вуснамі станецца роднай Туркменіі...

Паэзія была для яго пакутай. Рамёствы ювеліра, рымара, каваля, якімі ён авалодаў, не пазбавілі яго прагі наталення Словам — ні ў радасці, якая была рэдкім госцем у яго жыцці, ні ў бедах, якіх лёс адмераў з лішкам (таму паэт і падпісваў творы псеўданімам Фрагі, што значыць разлучаны са шчасцем)...

У XVIII стагоддзі жыў і іншы вялікі туркменскі паэт — Андаліб (каля 1712—1780). Ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў туркменскай літаратурнай мовы. Шырока распрацоўваў фальклорныя сюжэты, тэматычна і жанрава ўзбагаціў туркменскую паэзію. Пісаў пра няпростую долю звычайнага селяніна, у паэме «Несімі» распавёў пра трагічны лёс азербайджанскага паэта XIV стагоддзя. Многія з яго твораў сталі народнымі песнямі.

Беларускі чытач сустракаў гэта імя на старонках айчыннага друку: летась у адным з нумароў «ЛіМа» былі надрукаваны два вершы класіка, пераствораныя па-беларуску Юліяй Заблоцкай-Шостак: «У бясконцых пакутах» і «Галеча».

У першым з іх — глыбока інтымныя перажыванні з нагоды расстання з каханай. Выказанае ў словах высокае пачуццё пераконвае: паўсюль, ва ўсе часы чалавека аднолькава акрыляе моц узаемнага кахання і паліць агонь рэўнасці альбо астуджае холад непаразуменняў і крыўдаў:

Мілая, літасць ты май да мяне —

Царскі палац мне здаецца турмой.

Я ўвесь знямог ад спякоты кахання —

Хворы хаджу зноў да світання.

Сэрца наскрозь мне працяла страла —

Вось і канаю ад раны расстання.

Сумныя перажыванні і ў другім з надрукаваных вершаў. Таксама зразумелыя многім: не да насалоды гармоніяй і прыгажосцю свету, калі няма чаго з’есці... Але мора нягод і тугі, якім бы беспрасветным ні падавалася ў тую шараю гадзіну, не паглынае зусім, пакідае месца надзеі:

Кажа вам Кемінэ: тых — казной залатой,

Гэтых — лёс надзяляе кішэняй пустой.

Не журыся, мой сябра, хадзем жа са мной.

Будзе час — і ад нас адступіць галеча.

Перанесціся з той далёкай эпохі ў першую палову ХХ стагоддзя, не менш драматычны ў гісторыі Туркменістана час, прапануе знаёмства з Агулбіке Аразгельдыевай. На старонках жнівеньскай «Маладосці» за 2018 год змешчаны артыкул пра яе нядоўгае жыццё і творчасць, а таксама падборка вершаў, пераствораная па-беларуску Міколам Мятліцкім. Хуткі позірк на іх «па дыяганалі» можа стварыць уражанне местачковасці, абмежаванасці пэўнымі геаграфічнымі і асобаснымі каардынатамі: шмат імёнаў, назваў населеных пунктаў, паняццяў, якія ўжываюцца толькі ў тых краях. Але варта ўчытацца — і не адчуваеш ні геаграфічнай, ні ментальнай аддаленасці! Бо лёс і выпрабаванні лірычнай гераіні (якая не адлучана ад асобы паэтэсы) — агульны з лёсамі і пакутамі мільёнаў суайчыннікаў, якія прайшлі праз калектывізацыю, раскулачванне, ссылкі, вайну і страты самых блізкіх людзей:

У дзень адзін я стала сіратой,

І чаша лёсу поўная да слёз.

Бацькі пагнаны ў ссылку свалатой,

Мяне слязьмі умыў іх скрушны лёс.

Агулбіке і яе старэйшая сястра былі яшчэ дзецьмі, калі іх разлучылі з бацькамі... Радаваліся ўсім аулам, калі ад родных прыходзілі весткі, і пазней, калі са ссылкі вярнулася жонка старэйшага брата Агулбіке (пакінуўшы там магілу 28-гадовага мужа)...

За часам вайны — новае гора. У 1941 годзе яны з аднавяскоўцам Агаберды пабраліся шлюбам. Разам былі ўсяго два месяцы, а калі пачалася вайна, муж Агулбіке сышоў на фронт. Непражытую, неадданую любоў і пяшчоту маладая паэтэса ўкладала ў творы... У 1949 годзе Агулбіке Аразгельдыева, так і не дачакаўшыся з вайны каханага (ён загінуў на 1-м Беларускім фронце), пайшла з жыцця...

Як прывітанне з Каракумскай старонкі — падборка вершаў сучаснай туркменскай паэтэсы Чэмен Анабердыевай (нарадзілася ў 1966 годзе), пераствораная па-беларуску Марыяй Кобец («ЛіМ», № 13, 2017). Захапленне маладосцю, жыццём, інтымная лірыка, філасофскае асэнсаванне ўзаемаадносінаў — матывы творчасці паэтэсы. Тое, што яе хвалюе, блізкае і зразумелае ўсім:

Ад сяброўства да крыўды — хвіліна хады

І мяжа з недамовак згрызотных.

І маўчыш... Толькі вочы — яскравей вады.

Толькі вочы не зманяць, як, пэўна, і ты

— Ці сябры ж мы з табою, ці... Хто ты?

Калі паэзія Туркменістана гаворыць мовай пачуццяў, адлюстроўвае тое, што адчуваў хоць некалі кожны, то сучасная проза — глыбокае пранікненне ў сутнасць душы гэтага краю, асэнсаванне светапоглядных асноў, светаўспрымання. Апавяданні, якія летась пабачылі свет на старонках нашага друку («Цягнік праходзіць» Атаджана Тагана ў снежаньскім «Полымі» і «Свята» Максата Бяшымава ў жнівеньскай «Маладосці»), усебакова паказваюць менталітэт туркменскага народа. Тэмы расповедаў — чалавек, яго жыццё, наканаванне, лёс, вернасць, доўг.

У першым з твораў чытач услед за журналістам, які выконвае рэдакцыйнае заданне, трапляе ў госці да 90-гадовага чабана. Той нястомна працаваў усё жыццё... У друку віталі б з’яўленне нарыса пра яго годную старасць і адпаведную доўгім гадам працы ўзнагароду...

Атаджан Таган — творца вельмі тонкі: не называючы наўпрост з’явы і не выносячы ніякіх вердыктаў і ацэнак, пісьменнік падводзіць чытача да высновы праз дэталі... І пасля прачытання застаецца адчуванне мяккай іроніі аўтара. Яна — спрэс: «...дабраўся да сяла пад назвай Адалат, што ў перакладзе з туркменскай гучыць як “справядлівасць”. ...Мне сустрэліся дзве хаціны, пабудаваныя з камякоў гліны, пра што ў наш час ужо даўно забыліся. Але былі і шыкоўныя дамы, складзеныя з выпаленай цэглы. Домік Махмуда ага нельга было параўнаць ні з чым...».

У апавяданні «Свята» падзеі пададзены праз расповед хлопчыка. Максат — майстар інтрыгі. Яго герой — самы звычайны школьнік. І толькі калі пласт за пластом адкрываюцца, быццам незнарок, рэаліі жыцця яго сям’і, чытач застаецца ўражаным мужнасцю і трываласцю героя: «Цяпер я ўжо бацька. І рысы той маленькай дзяўчынкі, рысы маёй сястры, я знаходжу ў паводзінах сваёй дачкі. Неяк усё перамясцілася. Мая дачка — у маіх успамінах. І мая маленькая сястра — сёння са мною. У любы момант, у любую хвіліну. Дачушка паўтарае ўсё — какетнічае, танцуе перад люстэркам, а то хапае мяне за рукаў і плача разам са мною.

Магчыма, увесь сакрэт у тым, што я і сам застаўся пажыццёвым вязнем таго часу, тае цямніцы за высокімі сценамі, як і наша мама засталася вязнем таго астрогу, мама, якая таксама адбывала свой пажыццёвы тэрмін да апошняга дыхання. Дарэчы, як і ўсе тыя людзі ў двары... Мне здаецца, яны да гэтага часу нясуць свой крыж, чакаюць лязгату дзвярэй, жывуць надзеяй, што і ім пашчасціць адведаць ад свайго кавалачка торта».

Магчыма, людзі ў двары — гэта мы, кожны з нас...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».