У Беларусі і Туркменістана складваюцца неблагія літаратурныя стасункі і на сучасным этапе. Як сведчанне — гасцяванне ў Мінску ў апошнія гады туркменскіх паэтаў і празаікаў: Агагельды Аланазарава, Героя Туркменістана Газель Шагулыевай, Бягуль Анабаевай і інш.
А ў Туркменістан за апошняе дзесяцігоддзе наведаліся беларускія пісьменнікі і кнігавыдаўцы. Сярод іх — Алесь Бадак, Алена Масла, Аляксандр Аксёненка, Уладзіслаў Мачульскі, Дзмітрый Макараў, Алесь Карлюкевіч, Юлія Алейчанка, Уладзімір Андрыевіч. У Выдавецкім доме «Звязда» пабачылі свет дзве кнігі, прысвечаныя беларуска-туркменскім літаратурным сувязям: на беларускай і рускай мовах.
На старонках літаратурна-мастацкага часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») неаднойчы выступалі са сваімі творамі беларускія пісьменнікі. Туркменскія перакладчыкі звярталіся і да перакладу класічных твораў айчыннай літаратуры. У 3-м нумары «Дунья эдэбіяты» ў 2012 годзе была надрукавана падборка вершаў Алеся Бадака, народных паэтаў Беларусі Максіма Танка, Ніла Гілевіча. Пераўвасобіў іх творы на туркменскую мову Набаткулы Рэджэпаў. Ён і ў ранейшыя дзесяцігоддзі звяртаўся да перакладаў беларускай паэзіі. У 4-м нумары часопіса за 2012 год (а выходзіць «Дунья эдэбіяты» адзін раз на два месяцы) — яшчэ адна публікацыя: апавяданне народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Перакладчык — Агульгазель Шагулыева.
У 1-м нумары за 2015 год часопіс змясціў гутарку з Алесем Карлюкевічам пра развіццё беларуска-турк менскіх літаратурных сувязяў на розных этапах гісторыі. Дарэчы, вытокі — яшчэ ў XIX стагоддзі, калі Аляксандр Ходзька ў Каракумскім краі адшукаў тэксты неўміручай паэзіі Махтумкулі. Між іншым, ужо ў XXI стагоддзі вялікую працу па пераўвасабленні паэзіі Вялікага Махтумкулі Фрагі на беларускую мову зрабіў паэт Казімір Камейша.
За такі творчы плён беларускі літаратар быў адзначаны ордэнам Махтумкулі. У 1985—1988 гг. ён жыў і працаваў у Туркменістане. І пасля неаднойчы наведваўся ў Ашхабад. У маі наступнага, 2016, года «Дунья эдэбіяты» друкуе паэтычную падборку з твораў Янкі Купалы, Сяргея Законнікава, Максіма Танка, Уладзіміра Някляева, Ніла Гілевіча. Перакладчык — зноў Набаткулы Рэджэпаў. У гэтым жа нумары — і вершы Адама Шостака (у перакладзе Максата Бяшымава), Міколы Мятліцкага (у перакладзе Сеітмурада Гельдыева), артыкул Алеся Карлюкевіча пра сучасную беларускую літаратуру.
У 2018 годзе часопіс «Дунья эдэбіяты» двойчы даваў магчымасць выступіць у выданні беларускім аўтарам. У трэцім нумары змешчаны артыкул Алеся Карлюкевіча пра народнага пісьменніка Туркменістана Керыма Курбанняпесава (1929—1988), якога ведае па перакладах на беларускую мову і наш чытач. У трэцім нумары — гутарка з маладой беларускай пісьменніцай Юліяй Алейчанкай.
Трэці нумар «Дунья эдэбіяты» за 2018 год змясціў тры нарысы-ўспаміны Алеся Карлюкевіча пра пісьменнікаў Туркменістана, з якімі ён быў знаёмы, сябраваў, часта сустракаўся ў 1980-я гады, — Каюма Тангрыкуліева, Какабая Курбанмурадава, Какалы Бердыева. Іх даўно ўжо няма сярод жывых. Але варта нагадаць і пра тое, што ў кожнага са згаданых пісьменнікаў — свая повязь з Беларуссю. Народны паэт Туркменістана Каюм Тангрыкуліеў гасцяваў у Беларусі ў 1986 годзе, напісаў верш, прысвечаны Хатыні.
Какабай Курбанмурадаў таксама прыязджаў у Мінск, адпачываў у Доме творчасці «Іслач» на беразе ракі з аднайменнай назвай Іслач. Какалы Бердыеў сябраваў з беларускімі пісьменнікамі, якія жылі і працавалі ў Туркменістане, — Міхасём Карпенкам, Мікалаем Калінковічам. А болей як паўстагоддзя таму сумесна з Алесем Адамовічам вандраваў па Туркменістане, у выніку чаго нарадзіўся сумесны нарыс К. Бердыева і А. Адамовіча пра Каракумскі канал. Нарыс надрукаваны ў беларускім «Полымі», туркменскім часопісе «Савет эдэбіяты», маскоўскім часопісе «Дружба народов». Пераклаў нарысы-ўспаміны Алеся Карлюкевіча на туркменскую мову Анакг Атаеў.
Будзем спадзявацца, што і надалей творчая дружба часопіса «Дунья эдэбіяты» з Беларуссю і беларускімі пісьменнікамі прадоўжыцца.
Мікола БЕРЛЕЖ
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.