Вы тут

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі


Выкарыстанне ў прамянёвай тэрапіі пацыентаў сучасных лінейных паскаральнікаў дапамагло звесці колькасць непажаданых пабочных рэакцый з боку арганізма да мінімуму. Як паведаміла на сустрэчы з журналістамі галоўны пазаштатны радыёлаг Міністэрства аховы здароўя, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела прамянёвай і комплекснай тэрапіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Ірына МІНАЙЛА, у розных медыцынскіх установах краіны сёння дзейнічаюць 15 лінейных паскаральнікаў, праўда, ёсць сярод іх як суперсучасныя апараты, так і тэхніка, якая ўжо выпрацавала свой рэсурс і патрабуе замены.


— Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння, — тлумачыць Ірына Мінайла. — Часам яе праводзяць перад аперацыяй для памяншэння памераў пухліны або пасля хірургічнага ўмяшання для знішчэння злаякасных клетак, якія маглі застацца. Нават у тых пацыентаў, якім нельга выдаліць пухліну, прамянёвая тэрапія дазваляе паменшыць яе памеры, аслабіць боль і палепшыць агульны стан хворага.

У прамянёвай тэрапіі ўжываецца медыцынскае іанізуючае выпрамяненне, у якасці якога звычайна выкарыстоўваюць высокаэнергетычныя фатоны або электронны пучок. Без медыцынскага фізіка такая тэрапія немагчымая: менавіта гэтыя спецыялісты дапамагаюць урачу выбраць «мішэнь» для апраменьвання, разлічыць правільныя дозы (штодзённыя і сумарныя), падвесці апраменьванне да пухліны і захаваць радыетэрапеўтычны інтэрвал (гэта значыць максімальна ўздзейнічаць на пухліну і мінімальна — на суседнія тканкі і крытычныя органы).

— Трэба «забіць» пухліну і ў той жа час абараніць здаровыя тканкі, — тлумачыць Ірына Мінайла. — Толькі ў гэтым выпадку прамянёвая тэрапія будзе апраўдана, таму што постпрамянёвыя пашкоджанні могуць быць дастаткова сур'ёзныя: гэта і радыёнекроз, і постпрамянёвыя язвы... Усе такія выпадкі абавязкова ставяцца на кантроль. Раннія прамянёвыя рэакцыі ўзнікаюць яшчэ ў працэсе лячэння, але ёсць і познія, якія праяўляюцца праз тры месяцы або нават праз некалькі гадоў. Магчымасці сучаснай тэхнікі дазваляюць нам цяпер зменшыць частату такіх ускладненняў. Прагрэс намеціўся пасля пераходу да аб'ёмнага планавання. Да сучасных методык трэба аднесці трохмерную і чатырохмерную прамянёвую тэрапію. Чатырохмерная прамянёвая тэрапія — методыка, пры выкарыстанні якой, акрамя геаметрычных параметраў пухліны ў трох вымярэннях, улічваецца яшчэ і «чацвёртае вымярэнне», гэта значыць, зрушэнне пухліны падчас фізіялагічнага акта дыхання. Такая методыка забяспечвае больш дакладнае падвядзенне лячэбнай дозы да рухомых пухлін, дазваляе значна зніжаць прамянёвую нагрузку на суседнія органы і тканкі. У 2017 годзе ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі таксама з'явіўся гама-нож, які дазваляе працаваць з пухлінамі галаўнога мозга. Гэты апарат з іанізуючым выпрамяненнем прызначаны для правядзення высокадакладнага аднамомантнага апраменьвання розных паталагічных утварэнняў. Яго выкарыстанне амаль утрая зніжае імавернасць рэцыдываў метастазаў пасля лячэння.

Штодня ў Бараўлянах праводзіцца прамянёвая тэрапія прыкладна для 260—270 пацыентаў. А вось у Мінскім гарадскім анкалагічным дыспансеры амбулаторна праходзяць гэту медыцынскую працэдуру штодня да 100 мінчан. Чакаецца, што ў жніўні 2020 года завершыцца будаўніцтва новага дзевяціпавярховага корпуса дыспансера.

— Ён будзе вельмі сучасны, — паведаміла намеснік галоўнага ўрача па радыелагічнай службе гэтай медыцынскай установы Галіна СІЛЬЧАНКА. — Тут з'явяцца яшчэ чатыры новыя лінейныя паскаральнікі для правядзення прамянёвай тэрапіі, адкрыюцца два радыелагічныя аддзяленні на 60 ложкаў і два хірургічныя аналагічнай умяшчальнасці, з'явіцца іншае сучаснае дыягнастычнае абсталяванне. Паколькі анкалагічная захваральнасць працягвае расці, трэба думаць на перспектыву. Эксплуатацыя такіх карпусоў, як правіла, разлічана на 50 гадоў. Акрамя абслугоўвання ў стацыянары, будзем праводзіць прыём амбулаторна: плануем павялічыць агульную колькасць пацыентаў, якія атрымліваюць прамянёвую тэрапію, да 400 чалавек штодня.

Дарэчы, у 2015 годзе ў Мінскім гарадскім анкалагічным дыспансеры былі ўстаноўлены два новыя сучасныя лінейныя паскаральнікі. Сёння, напрыклад, тут практыкуюць прамянёвую тэрапію з кантролем дыхання. Падобная методыка прымяняецца ў дачыненні да пацыентак з пухлінамі левай малочнай залозы і пры іншых пухлінах органаў грудной клеткі, калі важна абараніць сэрца і лёгачныя тканкі ад уздзеяння іанізуючага выпрамянення. Праведзеныя міжнародныя даследаванні пацвердзілі высокую рызыку развіцця цяжкай сардэчнай паталогіі праз некалькі гадоў пасля правядзення прамянёвай тэрапіі ў пацыентаў з такім дыягназам. Нават самыя сучасныя методыкі лячэння не могуць абмежаваць дозу, якую атрымлівае сэрца. Прамянёвая ж тэрапія на глыбокім удыху дазваляе змяніць анатомію і вывесці вобласць сэрца і каранарных артэрый з зоны высокай дозы. А павелічэнне аб'ёму лёгачнай тканкі мінімізуе сярэднюю лёгачную дозу.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з сайта РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.